Расійскі бюджэт з кожнай тоны пастаўленай у Беларусь нафты губляе прыкладна 400 долараў. Пра гэта ў інтэрв’ю газеце «Коммерсантъ» заявіў міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак.

«Напрыклад, летась расійскія нафтавікі паставілі ў Беларусь 21,2 млн. тон нафты. Калі мы павялічым гэты аб’ём да 23 млн. тон, то пры бяспошліннай пастаўцы гэта прывядзе да дадатковых страт для расійскага бюджэту — з кожнай тоны прыкладна 400 долараў», — адзначыў міністр. Але, паводле яго слоў, гэтыя страты можна кампенсаваць, развіваючы супрацоўніцтва з беларускімі кампаніямі і ствараючы, напрыклад, СП у сферы электрамашынабудавання, якія задзейнічаны ў вытворчасці мінеральных угнаенняў. «Цяпер гэтым займаецца Мінпрамгандлю», — паведаміў ён.

Пры гэтым міністр адзначыў, што пакуль не вызначаныя асноўныя параметры паліўнага балансу паміж Расіяй і Беларуссю сёлета.
«Мы працуем сёлета ў асаблівым рэжыме, кожныя тры месяцы зацвярджаем баланс. Пакуль узгаднілі толькі на першы, другі і трэці кварталы. Безумоўна, беларускі бок хоча да канца года падпісаць баланс, мы б таксама хацелі гэта зрабіць, але перашкаджае шэраг пытанняў, звязаных з эканомікай», — растлумачыў Новак.

Ён таксама адзначыў, што беларускі бок пакуль не выконвае паказчыкі па зваротных пастаўках нафтапрадуктаў, якія былі запланаваныя ў пратаколе пасяджэнняў намесніка старшыні ўрада Аркадзя Дварковіча і першага віцэ-прэм’ера Беларусі Уладзіміра Сямашкі. «Тым не менш, тыя аб’ёмы, якія былі пастаўленыя ў Расію за першыя чатыры месяцы гэтага года, — 560 тыс. тон нафтапрадуктаў, — адпавядаюць попыту на нашым рынку. Але, улічваючы вынікі мадэрнізацыі расійскіх НПЗ, магчыма, нам да канца года і не спатрэбяцца тыя ж аб’ёмы нафтапрадуктаў, якія былі патрэбныя спачатку», — лічыць міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?