Дзяржаўнае абвінавачанне папрасіла выключнай меры пакарання ў выглядзе расстрэлу для абвінавачанага ў забойстве 25-гадовага жыхара Гомеля.

Пракурор у судовым паседжанні заявіла, што любое злачынства ўяўляе небяспеку для грамадства, нікому не дадзена права пазбаўляць чалавека жыцця, а гэтае забойства шакуе сваёй жорсткасцю. Дзяржаўны абвінаваўца выказала меркаванне, што па справе сабрана дастаткова аб’ектыўных і бясспрэчных доказаў, і віна абвінавачанага даказаная цалкам.

На судовым паседжанні ў канцы мая абвінавачваны зрабіў заяву, што яго сужыцелька таксама мае дачыненне да забойства, што яна падбухторшчыца і саўдзельніца. Ён заявіў, што яго сяброўка ведала пра забойства і нават дапамагала знішчаць сляды злачынства, у прыватнасці, мыла вопратку, выкідала нож у возера. На пытанне суда, чаму ж абвінавачаны раней маўчаў пра ролю сужыцелькі, малады чалавек адказаў, што нядаўна, адбываючы пакаранне ў СІЗА, даведаўся, што яна яму не была верная, таму вырашыў расказаць суду пра яе ролю ў забойстве.

Дзяржаўны абвінаваўца адзначыла, што факты, выкладзеныя ў заяве абвінавачанага аб ролі яго сужыцелькі ў забойстве, не знайшлі пацверджання, і ён заявіў пра гэта з помсты, бо сяброўка рассталася з ім.

Пракурор нагадала, што ў 2005 годзе малады чалавек быў прысуджаны да пазбаўлення волі тэрмінам на 8 гадоў за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў: ён да смерці збіў сужыцеля сваёй маці. Гэта значыць на яго сумленні ўжо жыцці двух чалавек. Забойства Наталлі ён здзейсніў, прабыўшы толькі год на волі пасля адбыцця пакарання.

На думку абвінавачання, у справе няма змякчальных абставінаў. «Яўка з павіннай не можа быць прызнаная змякчальнай акалічнасцю, бо была зробленая пасля таго, як міліцыя прапанавала падазраванаму праехаць у аддзел, і тады ён ужо прызнаўся. Абцяжарвальныя абставіны — гэта тое, што ў момант забойства абвінавачаны быў у стане алкагольнага ап’янення і што ён мае непагашаную судзімасць. Таксама па месцы арышту, у СІЗА, абвінавачаны характарызуецца адмоўна», — падкрэсліла пракурор.

«На лаве абвінавачаных чалавек, які ўяўляе павышаную небяспеку, і пакаранне мусіць быць максімальна магчымае», — заўважыла абвінаваўца.

Маці забітай дзяўчыны пагадзілася з пазіцыяй абвінавачання.

Адвакат абвінавачанага, выступаючы ў спрэчках, заявіў, што па справе, акрамя яўкі з павіннай, і паказанняў яго падабароннага, няма аб’ектыўных і бясспрэчных доказаў. «А калі б мой падабаронны не прызнаўся, калі б не паказаў, дзе выкінуў нож? Што, шукалі б нож па ўсім горадзе? Ды і нож не змяшчае ніякіх слядоў і адбіткаў. Так, згодна з экспертызай, ахвяры нанесена мноства удараў, але экспертыза не дае адказу, хто іх нанёс. У сварцы, якая была да забойства, Наталля яго абразіла, назваўшы „пеўнем“. Гэта смяротная абраза для асобаў, якія адбывалі пакаранне. Лічу, што суду трэба было праверыць гэтую інфармацыю па месцы адбывання пакарання маім падабаронным. А калі гэта не так — ніхто не мае права нікога абражаць», — выказаўся абаронца.

Паводле яго словаў, «мінулі часы Вышынскага, калі лічылася, што прызнанне — царыца доказаў». Адвакат выказаў спачуванні сваякам забітай дзяўчыны, але заўважыў, што нельга дзейнічаць па прынцыпе «вока за вока, зуб за зуб». «Прашу ўлічыць дапамогу следству маім падабаронным, бо толькі дзякуючы яму былі здабытыя доказы па справе. Ён не заслугоўвае той меры пакарання, якой просіць абвінавачанне. Прашу прызначыць больш мяккае пакаранне, пазбаўленне волі ці пажыццёвае зняволенне», — падсумаваў адвакат.

Маці забітай студэнткі падала пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды ў 300 млн рублёў і кампенсацыі матэрыяльнай шкоды ў 11 млн рублёў, заўважыўшы, што ніякія грошы не могуць кампенсаваць жыццё чалавека.

Пасяджанне будзе працягнутае 12 чэрвеня, але ці будзе ў гэты дзень абвешчаны прысуд, невядома.

Гэты судовы працэс, які ідзе са студзеня, аднавіўся нядаўна, пасля правядзення дадатковай псіхалагічна-псіхіятрычнай экспертызы абвінавачанага. Па яе выніках хлопец прызнаны адэкватным, здольным да самакантролю, ён мог усведамляць характар сваіх дзеянняў і не знаходзіўся ў стане афекту ў момант здзяйснення забойства. Залежнасцяў ад алкаголю і наркотыкаў у абвінавачанага не выяўлена. Аднак ён пакутуе на змяшанае расстройства асобы.

Нагадаем, трагедыя адбылася ў ноч з 19 на 20 верасня мінулага года. Каля паўночы Наталля вярталася дадому, каля пад’езда на яе з нажом напаў мужчына. Як высветліла экспертыза, пацярпелая памерла ад масіўнай страты крыві, ёй былі нанесеныя 102 нажавых раненні ў галаву, грудзі, шыю, рукі і ногі. Былі таксама зафіксаваныя пераломы рэбраў. Дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя як забойства з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх памкненняў. На паседжанні суда 4 чэрвеня кваліфікавальная прыкмета «з хуліганскіх памкненняў» была выключаная.

У судзе абвінавачваны віну прызнаў цалкам. Ён паведаміў, што прыкладна ў чэрвені-ліпені 2012 года знаходзіўся з Емяльянчыкавай у адной кампаніі, і яна абразіла яго. 19 верасня ён ехаў разам з сужыцелькай і сябрам у аўтобусе і сустрэў Наталлю. Ён ведаў, дзе жыве дзяўчына, бо быў знаёмы з яе братам. Абвінавачаны выйшаў з аўтобуса за адзін прыпынак ад дома, дзе жыла пацярпелая, і пабег праз двары. Ён дачакаўся дзяўчыну ля пад’езда, а затым накінуўся на яе з нажом.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?