Беларускі турыст заблудзіў у Карпатах, яго шукае мясцовы аварыйна-ратавальны атрад.
Як паведамляе ўпраўленне дзяржаўнай службы Украіны па надзвычайных сітуацыях па Івана-Франкоўскай вобласці, 6 мая ў 17.15 у аператыўна-каардынацыйны цэнтр паступіла паведамленне, што на гары Поп-Іван знаходзяцца двое турыстаў з Мінска — 1992 і 1981 гадоў нараджэння, якія просяць аб дапамозе ў пошуках іх таварыша — 1984 года нараджэння. Малады чалавек у нейкі момант адышоў ад групы і не вярнуўся.
У 19.53 для правядзення пошукава-ратавальных работ у напрамку пагранічнай заставы вёскі Шыбене Верхавінскага раёна выехалі пяць ратавальнікаў. У 20.35 з боку Закарпацкай вобласці шукаць беларуса выехаў яшчэ адзін атрад з пяці чалавек пошукава-ратавальнага аддзялення горада Рахаў.
У 4 гадзіны раніцы 7 мая паблізу вяршыні гары Поп-Іван ратавальнікі знайшлі двух беларускіх турыстаў, але месцаразмяшчэнне трэцяга ўсё яшчэ невядомае.
Як паведамілі ў УГСНС па Івана-Франкоўскай вобласці, турысты ішлі па Чарнагорскім хрыбце з гары Поп-Іван у бок гары Гаверла — самага высокага пункта Украіны. Цяпер пошукі беларуса вядуцца толькі рахаўскім пошукава-ратавальным аддзяленнем, бо яго сябры паведамілі, што, хутчэй за ўсё, ён заблудзіў на тэрыторыі Закарпацкай вобласці.
Вядома, што мабільнага тэлефона ў зніклага беларуса няма.У той жа час ва ўпраўленні адзначаюць, што зніклы — вопытны турыст і пакараў Гімалаі. Яго сябры былі таксама добра падрыхтаваныя, у іх былі з сабой палаткі, спальныя мяшкі, прадукты харчавання.