Нагадаем, што першую сустрэчу нашы прайгралі чэхаў (0:2), а ў другой узялі рэванш у славенцаў за алімпійскую кваліфікацыю (4:3).

На гэты раз на стакгольмскай «Глобен-Арэне», прынамсі, падчас трансляцыі бел-чырвона-белых сцягоў відаць не было.

Затое перад гульнёй прайшла акцыя ў падтрымку заўзятараў, што вывешваюць на трыбунах нацыянальныя сцягі.

Дарэчы, блакітна-жоўтых шведскіх штандартаў было таксама па мінімуму. Здзівіла, што на трыбунах заставалася багата вольных месцаў. Пэўна, шведы не лічылі матч з беларусам надта сур’ёзным.

На справе ж выйшла, што не ўсё так лёгка. У сярэдзіне першага перыяда скандынавы мелі колькасную перавагу «5 на 3». Адразу згадаўся матч з чэхамі. Тады нашы супернікі якраз скарысталіся «лішнімі гульцамі». На гэты раз беларусы гераічна адбіліся. Дарэчы, на варотах выйшаў Дзмітрый Мільчакоў (упершыню на першынстве) замест Віталя Бялінскага.

У першым перыядзе нашы перакадалі гаспадароў больш чым у два разы. Але на апошняй стадыі не хапала нейкай «разынкі». З адмоўнага варта было адзначыць катастрафічны працэнт выйграных укідванняў.
Адзіную шайбу ў першым перыядзе беларусы закінулі ўжо напрыканцы дваццаціхвілінкі. Адзначыўся наш капітан Канстанцін Кальцоў, якога на ўдарную пазіцыю вывеў Алег Гарошка.
У другім перыядзе працягу такой феерычнай гульні не атрымалася. У адной з атак Оскар Ліндберг змог зраўняць лік. Праўда, суддзя спачатку не заўважыў, што шайба перапаўзла лінію варот, але паўтор пераканаў у гэтым — 1:1.
Шведы ўсё больш атакавалі. Беларусы ж мелі добрыя моманты ў контратаках, але крышачку не хапала майстэрства. На сутыку другога і трэцяга перыядаў шведы зноў мелі перавагу ў двух гульцоў.

У апошняй частцы гульні беларусы, то гулялі шчыра на адбой, то запіралі шведаў у іх зоне пры большасць. Ракавым аказалася якраз гульня на ўкідваннях. Лундквіст выйграў укідванне ў нашай зоне, адкінуў на Петэрсана. І таго атрымаўся рэдкі па прыгажосці кідок. Шанцаў у Мільчакова не было.

У гэтай сустрэчы беларусы маглі выціснуць болей, чым чарговая «годная параза». Тым не менш, баранка. Наступную гульню нашы правядуць 10 мая супраць Канады. Пачатак, а 21:15.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?