Крымінальная справа стала вынікам дзейнасці Камітэта дзяржаўнага кантролю, які ў межах суправаджэння «Дажынак» у канцы 2012 года правяраў «на вашывасць» прэтэндэнтаў на званне найлепшых аграрыяў краіны.

У выніку праверкі са спісаў магчымых пераможцаў па Мінскай вобласці былі выключаныя шэсць прэтэндэнтаў, у якіх выявіліся прыпіскі, што скажаюць рэальную карціну ўборкі збожжавых. Сярод выключаных са спісаў — ААТ «Крутагор’е-Петкавічы», ААТ «Кастрычніцкая рэвалюцыя», ПСУП «Дукора-Агра», ААТ «Рэчань» і АСП УП «Папяровая фабрыка Дзяржзнака», філіял «Ніўкі». У нейкай гаспадарцы была штучна заніжаная плошча ўборкі, што дазваляла павысіць ураджайнасць, дзесьці завысілі валавы збор збожжавых. Вынікі праверкі КДК далі нагоду для таго, каб праваахоўныя органы больш уважліва прыгледзеліся да дзейнасці названых сельгаспрадпрыемстваў і людзей, якія імі кіруюць. Як выявілася, не дарэмна.

Прэтэнзіі да УП «Папяровая фабрыка Дзяржзнака» датычаць дзейнасці яго адасобленага структурнага падраздзялення «Ніўкі», якім і кіруе намеснік генеральнага дырэктара УП «Папяровая фабрыка Дзяржзнака» па сельскай гаспадарцы.

Паводле папярэдніх дадзеных Следчага камітэта, намеснік дырэктара, каб стварыць бачнасць эфектыўнай работы і каб пазбегнуць дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці за невыкананне паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця сельгаспрадпрыемства, унёс у дзяржаўную статыстычную справаздачнасць загадзя ілжывыя звесткі аб прыбаўленні ў вазе і прыросце маладняку буйной рагатай жывёлы ў АСП УП «Папяровая фабрыка Дзяржзнака», філіял «Ніўкі». Дадзены факт даў праваахоўнікам падставу для завядзення крымінальнай справы па ч.2 арт. 427 Крымінальнага кодэкса Беларусі (службовы падлог, здзейснены з мэтай скажэння дадзеных дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці). Санкцыя гэтага артыкула, дарэчы, прадугледжвае пакаранне да трох гадоў пазбаўлення волі з пазбаўленнем права займаць адпаведныя пасады.

Зрэшты, расследаванне толькі пачалося. Цяпер вядзецца праверка фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства. Калі высветліцца, што, выкарыстоўваючы прыпіскі, службовыя асобы атрымлівалі і прэміі за выкананне паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, справа можа прыняць яшчэ больш сур’ёзны абарот і стаць падставай для завядзення новых крымінальных справаў.

Варта адзначыць, што апошнім часам у сельгаспрадпрыемствах Беларусі прыпіскі сталі асабліва папулярнымі. У сярэднім штомесяц па краіне заводзіцца 2–3 крымінальныя справы, звязаныя менавіта з прыпіскамі. Самымі папулярнымі матывамі для скажэння дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці сталі перамога на «Дажынках» і атрыманне прэміяльных выплат за выкананне паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Часцей за ўсё прыпіскі выяўляюцца ў валавым зборы збожжа ці ў яго ўраджайнасці, а таксама ў прыбаўленні пагалоўя жывёлы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?