— Вы заяўляеце, што конкурс на пасаду прафесара, які нібыта не прайшоў Вячаслаў Швед, праведзены з парушэннямі. У чым яны заключаюцца?

— Фармальна ўсё вытрымана быццам бездакорна, мяне ж выбіралі па той самай працэдуры. Але лагічна, што калі вынік конкурсу адмоўны для прэтэндэнта, то Рада мусіць задаць пытанні, патлумачыць прэтэнзіі і даць выказацца. Але да Шведа пытанняў і заўваг не было, а вынік абвясцілі ў самым канцы і адразу закрылі паседжанне. Гэта можна лічыць маральным парушэннем.

Усе пачалі ўставаць з месцаў і, як мне падалося, хуценька пабеглі да выхаду. Вячаслаў папрасіў слова, але выказацца яму так і не далі. Потым ён падышоў да рэктара на прыватную размову.

— Наколькі рэальна цяпер аспрэчыць вынікі конкурсу?

— 50/50 — усё цалкам залежыць ад адміністрацыі. Дарэчы, дэкан Данскіх не зусім добра выказаўся пра Шведа, але выключна ў тым кантэксце, што праз нагрузку па кіраванні кафедрай ён не меў дастаткова часу для навуковай працы, у тым ліку з аспірантамі.

— Як магла б выглядаць працэдура аспрэчвання вынікаў конкурсу?

— Вячаслаў можа сказаць, што мае права на апеляцыю, бо яму не далі выказацца і не выставілі прэтэнзій. У сувязі з гэтым ён можа прасіць правесці конкурс паўторна. Але, як я ўжо сказала, далей усё залежыць ад адміністрацыі.

— Якія настроі сярод выкладчыкаў? Як успрынялі падзею прысутныя на Радзе?

— Абурэнне было, безумоўна. Мне дык наогул мову заняло, я сядзела побач са Славам. Калі большасць адразу ўцякла, то групка з 8–10 выкладчыкаў, у тым ліку прафесура, засталася ў зале і гучна абуралася.

Гэта ж сапраўдны абсурд! Я ведаю Славу 25 гадоў, мы разам былі ў аднаго навуковага кіраўніка. Ён не палітык, а акадэміст. Ён апантаны навукай і Гарадзеншчынай, ён пагружаны ў навуку. Гэта сэнс яго жыцця і адсюль бярэцца ягоны вялікі аўтарытэт.

Таму магу сказаць адназначна, што не па той цэлі б’юць! Гэтае звальненне — удар не па Шведу ці «Гродназнаўстве», а па ўніверсітэце перадусім.

На Славу ляжыць велізарная нагрузка як на прафесару. А цяпер яго аспіранты застануцца без кіраўніка? Хто далей будзе займацца іхнымі тэмамі?

Да таго ж у яго былі вялікія планы па міжнародным супрацоўніцтве: з Польшчай, Латвіяй. Ён паспяхова прыцягваў праекты. І вось хутка прыедуць тыя самыя латышы і захочуць сустрэцца ва ўніверсітэце з кім? Безумоўна, з прафесарам Шведам!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?