Ля разбітага карыта, якім можа стаць БНСПФ без 85% страхавых узносаў дзяржпрадпрыемстваў, можа застацца адзін з акцыянераў фонду, найбуйнейшы ўкраінскі інвестар у беларускую эканоміку Мікалай Лагун.

Прэтэнзіі КДК

Пытанні, якія каля двух тыдняў таму падняў кіраўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон па дзейнасці найбуйнейшай прыватнай кампаніі ў сферы назапашвальнага страхавання, маюць непасрэднае дачыненне да фігуранта топ-100 самых багатых бізнэсоўцаў Украіны, уладальніка «Дэльта Банка» Мікалая Лагуна.

У 2008 годзе ўкраінскі інвестар набыў страхавыя актывы ў Беларусі — кампаніі «Пенсійныя гарантыі» і «Бенір» (на яе базе была створаная пазней «Дэльта Страхаванне»). Тады ж, паводле інфармацыі «Ежедневніка», «Дэльта Банк» Лагуна стаў і акцыянерам БНСПФ, кантрольны пакет якога да гэтага знаходзіўся ў сямейнай уласнасці Ігара Кавалёва, яго жонкі Ірыны Гузоўскай і звязанай з імі кампаніі «Спецпрадмаш».

Ва Украіне Мікалай Лагун лічыцца адным з самых дасведчаных фінансістаў. Але ці разумеў ён спецыфічнасць актыву, які купляў у не менш спецыфічнай што да дзяржуласнасці Беларусі?

Каля двух тыдняў таму на пашыранай нарадзе па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны Аляксандр Якабсон заявіў аб махінацыях са сродкамі буйных дзяржаўных прадпрыемстваў «Беларуськалій», «Брэстэнерга», «Гроднаэнерга», якія асядалі ў БНСПФ у выглядзе страхавых узносаў.

«Гэтыя сродкі дзяржаўных прадпрыемстваў пералічваюцца прыватнай страхавой кампаніі „Беларускі народны страхавы пенсійны фонд“, якая размяшчае іх на дэпазітах у банках, а атрыманыя ад гэтага даходы выкарыстоўваюць у асабістых інтарэсах акцыянеры гэтага таварыства (дырэктар і яе муж, а таксама некаторыя іншыя камерцыйныя структуры). Так, сярэдняя зарплата дырэктара ў 2012 годзе складала 30 мільёнаў рублёў, а атрыманыя дывідэнды мужа і жонкі за год склалі амаль 3 мільярды рублёў», — заявіў тады старшыня КДК. Інфармацыя Якабсона выклікала нервовую рэакцыю Аляксандра Лукашэнкі, які тут жа запатрабаваў навесці парадак, а ў выпадку, калі знойдуцца вінаватыя, пакараць іх.

«Вінаваты Кірыенка (генеральны дырэктар ААТ „Беларуськалій“) — у турму яго. Вінаваты Жылін (старшыня канцэрна „Белнафтахім“) — следам. Падначаленыя — усіх туды», — гэтая рэпліка Лукашэнкі зрабілася хітом у СМІ. «Да канца сакавіка ўсе пытанні вырашыць. Не вырашыць — Кірыенку ў камеру. А следам — міністра», — даручэнне было паўторанае яшчэ раз спецыяльна для старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка.

«Ежедневнік» паспрабаваў разабрацца ў гэтай гісторыі, якая пачалася больш за дваццаць гадоў таму і за якой стаіць некалькі вядомых фігураў.

Страхавыя інвестыцыі

БНСПФ — гэта першынец беларускага прыватнага страхавання, першая спроба калісьці самай прагрэсіўнай беларускай страхавой сістэмы прыцягнуць пенсійныя назапашванні на фінансавы рынак. Фонд быў створаны ў 1992 годзе, ініцыятарамі стварэння нішы назапашвальнага страхавання стала наймагутнейшая ў 1990-х страхавая група «Альвена». Акцыянерамі БНСПФ, які павінен быў спецыялізавацца на добраахвотным страхаванні жыцця і дадатковай пенсіі, сталі каля двух дзясяткаў юрыдычных асоб (у тым ліку «Беларуськалій», «Мілавіца», «Луч»), грамадскія рухі і фізічныя асобы.

Але прыватная ініцыятыва затухла да канца 1990-х у рамках фактычнай нацыяналізацыі страхавога сектара. Акцыянеры «Альвены» страцілі цікавасць да БНСПФ, заняўшыся барацьбой з канкурэнтамі і паміж сабой. І гэта прывяло ў галоўныя ўласнікі фонду яго топ-мэнэджараў — цяперашняга старшыню назіральнай рады БНСПФ Ігара Кавалёва і яго жонку, генеральнага дырэктара БНСПФ Ірыну Гузоўскую.

Нейкім чынам ім увесь гэты час удавалася ўтрымліваць асноўных донараў — «Беларуськалій», «Гроднаэнерга», «Брэстэнерга». І нават нягледзячы на з’яўленне ў гэтым сегменце дзяржаўнага гульца «Стравіты», разрыў паміж дзяржаўным і прыватным бізнэсам у нішы назапашвальнага страхавання быў не такі вялікі, як паміж дзяржаўнымі і прыватнымі рызыкоўнымі кампаніямі. Больш за тое, БНСПФ развіваўся. Раслі яго штат і колькасць офісаў, якія дзейнічаюць цяпер у Мінску, Салігорску, Барысаве, Брэсце, Баранавічах, Гродне, Гомелі, Бабруйску, Магілёве і Віцебску.

Куды ішлі страхавыя грошы

«Беларуськалій», «Брэстэнерга», «Гроднаэнерга» забяспечвалі да 85% усіх страхавых узносаў, якія збіраў БНСПФ. Пры гэтым дзяржаўныя кампаніі не былі яго галоўнымі ўласнікамі. Паводле дадзеных Камітэта дзяржаўнага кантролю, прнамсі да 2008 года Кавалёву, Гузоўскай і падкантрольнай ім кампаніі «Спецпрадмаш» належалі 70,1% акцый. З улікам долі ў акцыянерным капітале галоўнага бухгалтара Ірыны Сцяцко топ-мэнэджмэнт кантраляваў звыш 75% акцыянернага капіталу фонду.

Гэта дало падставу звярнуць увагу на дзейнасць БНСПФ яшчэ папярэдніку Якабсона — былому кіраўніку КДК Зянону Ломацю. Пры ім да сярэдзіны 2010 года была завершаная комплексная праверка БНСПФ. Але тады з нейкіх прычын вырашылі абысціся без аргвысноваў.

У ходзе праверкі высветлілася, што частка сродкаў, атрыманых ад сваіх сур’ёзных партнёраў, кіраўніцтва БНСПФ размяшчала на банкаўскіх дэпазітах, частку інвеставала ў нерухомасць і іншыя актывы. Толькі вынікі гэтых аперацый наўрад ці можна назваць паспяховымі.

Напрыклад, у 2008 годзе БНСПФ страціў больш за 1,1 млрд рублёў, размешчаных на дэпазітах ліквідаванага «Джэм-банка». Большая частка гэтых рэсурсаў была спісаная ў страту.

БНСПФ зрабіў некалькі інвестыцый у нерухомасць — у пачатку і сярэдзіне 2000-х выкупіў яслі ў Мінску, будынак бібліятэкі ў Гродне, дзе разгарнуў на доўгія гады будаўніцтва гатэля «Муравьефф», збіраўся за свой кошт рэканструяваць летні амфітэатр у Віцебску, накіраваў рэсурсы ў набыццё офісных памяшканняў у Мінску, Магілёве і нерухомасці ў Жабінцы.

Садок у Мінску быў набыты ў 2004 годзе, але толькі ў 2010 інвестар атрымаў дазвол на праектна-пошукавыя працы. Гатэль у Гродне будуецца з 2005 года, але так не пабудаваны, цалкам завяршыць будоўлю плануецца не раней за 2015 год. Асобна было адзначана, што заказчыкам гродзенскага і віцебскага аб’ектаў, якому фонд плаціў грошы, стала ЗАТ «Спецпродмаш». Яго дырэктар — Ігар Кавалёў, а кампанія — адзін з акцыянераў БНСПФ. Прадстаўнікі КДК адзначылі цікавую заканамернасць: падчас правядзенні работ у Гродне і Віцебску фонд аплачваў толькі паслугі «Спецпрадмаша». Дарэчы, у 2008 годзе БНСПФ прадаў свой жабінкаўскі аб’ект таксама гэтай фірме.

БНСПФ — таксама акцыянер ФК «Шахцёр», і яму належалі акцыі машынабудаўнічага ААТ «Прэма», у 2011 годзе ўключанага ў склад холдынгу «БАТЭ-Аўтакампаненты». Дывідэндаў гэтыя ўкладанні таксама не прынеслі.

Тым не менш БНСПФ у 2008 годзе прыцягнуў увагу ўкраінскага фінансіста Мікалая Лагуна. У 2008 годзе была зафіксаваная ўгода з акцыямі БНСПФ. Публічна іх пакупнік не быў названы, але менавіта з 2008 года пачынаецца актыўнае супрацоўніцтва БНСПФ з беларускай дачкой «Дэльта Банка». Больш за тое, да сярэдзіны 2012 года Ірына Гузоўская лічылася сябрам рады дырэктараў беларускага «Дэльта Банка».

Што цікава, менавіта пасля 2008 года Кавалёў і Гузоўская прыкметна палепшылі свае жыллёвыя ўмовы, набылі дзве кватэры ў прэстыжным раёне Мінска, а таксама ўчастак зямлі пад Заслаўем, на якім пабудавалі чатырох’ярусны катэдж.

Разбітае карыта Лагуна

Без страхавых узносаў «Беларуськалія» БНСПФ ператвараецца ў малацікавы актыў, які наўрад ці каштуе грошай, якія выклаў за яго Мікалай Лагун.

У самым пачатку ў інвестара былі грандыёзныя планы па беларускім рынку, але з цягам часу іх размах звузіўся.

У Беларусі Мікалай Лагун з’явіўся ў 2007 годзе, калі яго «Дэльта Банк» стаў уласнікам 100% акцый невялікага «Атам-Банка». У параўнанні з першай паловай 2012 года па выніках трох кварталаў 2012 года «Дэльта Банк» па памеры актываў апусціўся з 14-га на 15-е, па капітале — з 22-га на 23-е, па прыбытку — з 25-га на 27-е месца.

У 2008 годзе, як гаварылася вышэй, былі зробленыя пакупкі на страхавым рынку — кампаній «Пенсійныя гарантыі», «Бенір» і долі ў БНСПФ. «Пенсійныя гарантыі» займаюць апошняе месца сярод лайфавых кампаній. На апошнім месцы і рызыкоўная кампанія «Дэльта Страхаванне», створаная на базе «Беніра».

У тым жа 2008 годзе кампанія «НТС», у якую ўліліся інвестыцыі ўкраінца, набыла «аграпрамысловую кампанію «Дзеднава», якая кантралявала два з трох бабруйскіх гархарчгандляў. Цяпер «НТС» і сетка «Родная сторона», якую яна развівае, — другі па значэнні гулец на рознічным харчовым рынку Беларусі. Але ён усё больш адстае па тэмпах ад мясцовага аператара «Еўрагандаль».

Нарэшце, яшчэ адзін знакавы праект, у які інвеставаныя грошы Мікалая Лагуна ў Беларусі, — гэта «Гольф-клуб», які будуе гольф-палі і элітны катэджны пасёлак «Грынвіч». У мінулым годзе СМІ пісалі пра прэтэнзіі, якія выстаўлялі да забудоўшчыка яго дольшчыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?