Беларусь для расійцаў стала месцам «мяккай эміграцыі», яны абіраюць нашу краіну не толькі для жыцця, але і для бізнэсу, піша выданне. Газета нагадвае, што ў рэйтынгу Сусветнага банку Doing Business-2013 Расія займае 112-е месца, а Беларусь — 58-е. Адкрыць бізнэс у Беларусі можна за тры дні.

Пры гэтым ні карупцыя, ні бюракратызацыя і кантроль дзяржавы над уласнасцю, якія таксама ёсць у Беларусі, ні дэвальвацыя беларускага рубля ўжо не палохаюць расійскі бізнэс, абкладзены ў сябе на радзіме падаткамі «па самае не магу».

Паводле бізнэс-амбудсмена Барыса Цітова, пасля павышэння страхавых узносаў да 34% расійскі бізнэс стаў сыходзіць у іншыя юрысдыкцыі,

перш за ўсё ў Казахстан, на другім месцы — Беларусь.

Паводле выдання, Беларусь сталі сур’ёзна разглядаць як мяккі варыянт эміграцыі, і гэта тэндэнцыя апошніх двух гадоў. Мяккі, бо не трэба вучыць мову і мяняць пашпарт. Афіцыйнай статыстыкі па пераездах няма — Беларусь у Расіі не лічыцца сапраўдным замежжам. Але беларускія рыэлтары ў прыватных размовах прызнаюць, што цяпер пайшоў вялікі паток ахвочых пераехаць на сталае жыхарства з Расіі ў Беларусь.

«Муж кажа, што будзем там мільянерамі. Пра рэжым Лукашэнкі я, вядома, ведаю. Але і наш рэжым мяне таксама вельмі напружвае.
Там прадукты нармальныя, экалёгія пакуль нашмат лепшая», — цытуе выданне тыповае паведамленне на папулярным форуме, у тэме, прысвечанай эміграцыі ў Беларусь.

«Гэта як жа трэба было ўладкаваць Расію за 10 гадоў, каб Беларусь раем здалася», — падсумоўваюць «МН».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?