Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў спыніць ва ўрадзе размовы на тэму прыватызацыі. Гэтая заява прагучала 26 лютага на нарадзе аб дзейнасці Рады па развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі.

«Хопіць балбатаць аб прыватызацыі. Гэта становіцца для нас шкодным. І мяне ўжо пачынае насцярожваць. Як быццам Мінэканомікі ва ўрадзе няма аб чым гаварыць, як толькі аб прыватызацыі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы вызначылі, што мы не будзем нічога агулам прыватызаваць. Мы нават адмовіліся ад спісаў прадпрыемстваў, якія падлягаюць прыватызацыі, — адзначыў ён. — Было заяўлена, што любое прадпрыемства можна прыватызаваць: „Беларуськалій“, на які многія паклалі вока, нафтаперапрацоўка, МАЗ, БелАЗ і іншыя. Але гэтыя прадпрыемствы маюць вельмі высокую цану. Напрыклад, за „Беларуськалій“ аб’яўлена цана $32 млрд., я яе панізіць не магу. Не купляюць па такой цане, і не трэба. Мы не спяшаемся. Гэта эфектыўнае прадпрыемства. Але кожны дзень сядзець і балбатаць ва ўрадзе, а гэта пераходзіць у грамадства, аб прыватызацыі… Ну тады паўстае пытанне: вы што, хочаце распрадаць краіну як мага хутчэй?»

«Таму гэта цалкам натуральны працэс. Хочаце купіць прадпрыемства — уваходзьце ў перагаворны працэс. Працэс цяжкі, бюракратычны, але ён будзе і сумленным, таму што я апошні стаўлю подпіс пад прыватызацыяй аб’екта, і я вам гарантую і клянуся, што гэта будзе толькі сумленна. Але як нейкую вялікую мэту перад сабой ставіць не трэба», — сказаў Лукашэнка.

Доля дзяржаўнага сектара ў эканоміцы Беларусі найбольшая ў Еўропе. Пры гэтым Беларусь належыць да ліку пяці найбяднейшых краін кантынента, мае найбольшыя ў Еўропе паказчыкі інфляцыі і дэвальвацыі нацыянальнай валюты за апошняе дзесяцігоддзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?