Сёння на веладроме «Мінск-Арэны» стартуе чэмпіянат свету па веласпорту на трэку, у якім прымуць удзел амаль 260 спартсменаў з 35 краін.

Беларусь упершыню прымае сусветны форум у алімпійскім відзе спорту. Гэта будзе першы чэмпіянат свету па велатрэку ў новым алімпійскім цыкле, а таму ў складах многіх каманд з’явіцца нямала перспектыўных спартсменаў з прыцэлам на Гульні-2016 у Рыа-дэ-Жанейра.

У прыватнасці, новае пакаленне гоншчыкаў прадставіць у Мінску каманда Вялікабрытаніі, якая дамінавала на лонданскай Алімпіядзе-2012, заваяваўшы 7 залатых медалёў з 10 магчымых. Традыцыйна моцная каманда Аўстраліі таксама будзе прэтэндаваць на некалькі залатых узнагарод мінскага чэмпіянату свету. Да фаварытаў чэмпіянату свету можна аднесці і спартсменаў з Новай Зеландыі, Германіі і Францыі. А найбольш шматлікай будзе каманда з суседняй Расіі, у складзе якой 31 спартсмен — амаль у два разы больш, чым у брытанцаў і аўстралійцаў.

Беларусь выставіць 11 спартсменаў.

У жанчын нашу каманду прадставяць чатыры велагоншчыцы — Аксана Папко, Алена Дылько, Вольга Масюковіч і Ганна Гулік, якія выступяць у шасці дысцыплінах. У камандную гонку праследавання заяўлены Аксана Папко, Алена Дылько і Вольга Масюковіч. Маладая брастаўчанка Ганна Гулік паспаборнічае ў спрынце і кейрыне. У беларускую мужчынскую заяўку ўключаны сем спартсменаў на чатыры дысцыпліны чэмпіянату свету. У каманднай гонцы праследавання пазмагаюцца Аляксанд Лісоўскі (чэмпіён свету-2008), Алег Агіевіч, Яўген Шамсонаў, Раман Раманаў, Андрэй Снітко (запасны ўдзельнік). У омніуме — Раман Цішкоў, у скрэтчы — Антон Музычкін, у гонцы па ачках — Раман Раманаў.
Усяго на мінскім чэмпіянаце свету будзе разыграна 19 камплектаў узнагарод (10 у мужчын + 9 у жанчын).
Сёння, у першы дзень турніру, будуць разыграны 4 камплекты медалёў — у мужчынскім гіце, у жаночай індывідуальнай гонцы праследавання, у жаночым камандным спрынце і ў мужчынскай каманднай гонцы праследавання.
Цырымонія ўрачыстага адкрыцця запланавана сення на 18.30.

Чэмпіянат свету прадоўжыцца да 24 лютага. Дзённыя спаборніцкія сесіі 20–23 лютага будуць пачынацца ў 13.00, вячэрнія — у 19.00. А ў заключны дзень, 24 лютага, пачатак спаборніцтваў у 10.00 і 14.00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?