Моцны мароз не палохае аматараў выпіць піва на свежым паветры.
Як на веласіпедзе, а пешшу па Нёманскай хадзіць зручна.
Снежная маскіроўка.
Свет не без адказных людзей.
Побач са станцыяй метро хутка з'явіцца новы шматфункцыянальны комплекс.
У цэнтры сталіцы камунальныя службы збольшага далі рады снегу. Карэспандэнт «НН» выправіўся ў мікрараён Каменная Горка, каб пабачыць, што робіцца ў новых кварталах.
Вуліца Нёманская на скрыжаваннях і выездах з двароў абрасла снежнымі гурбамі, месцамі ў два і больш метраў увышкі.
Праз жылыя двары праходзяць добра прачышчаныя шырокія дарожкі. Мамы з малымі дзецьмі выглядаюць задаволенымі: ёсць дзе прагуляцца. Альтэрнатыву дарожкам складаюць шматлікія сцежкі — наш чалавек гатовы таптаць снег па калена, каб зрэзаць па дарозе дамоў якія два дзясяткі метраў. Зрэшты, некаторыя сцежкі пратаптаныя вымушана. Часам проста на ходніках трапляюцца «падснежнікі» — хтосьці кінуў да вялікага снегу аўто, так яно і тырчыць дагэтуль заснежанай скулай.
Побач са станцыяй метро хутка разрастаецца новы шматфункцыянальны комплекс. Зялёныя дрэўцы і і газоны на рэкламных шчытах, патанулых у снезе, нібы кажуць, што лета ўсё адно вернецца.