У найбліжэйшы час у ВНУ Беларусі можа вырасці кошт навучання. Пра гэта сведчыць праведзенае БелаПАН апытанне супрацоўнікаў бухгалтэрый вядучых беларускіх ВНУ.

Так, у бухгалтэрыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі БелаПАН паведамілі, што «пакуль яшчэ Міністэрства адукацыі вырашае, ці даваць дазвол на павелічэнне аплаты за навучанне» ў сувязі з павелічэннем з 1 студзеня тарыфнай стаўкі першага разраду. Таму пакуль студэнты плацяць па старых квітанцыях, аднак, магчыма, будзе загад ажыццявіць даплату.

У аддзеле платных адукацыйных паслуг бухгалтэрыі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта заявілі, што ім пакуль аб павелічэнні кошту навучання не вядома.

«Штосьці з’явіцца ў пачатку лютага, не раней», — дадаў супрацоўнік бухгалтэрыі.

Удакладняць новы кошт навучання не раней лютага таксама параілі ў бухгалтэрыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. «Пакуль яшчэ нічога не вядома: дасць нам загад Міністэрства адукацыі ці не», — адзначылі ў бухгалтэрыі.

У бухгалтэрыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта заявілі, што «пакуль яшчэ кошт навучання не павысіўся», і не змаглі сказаць, калі такое рашэнне можа быць прынята.

Кошт навучання пакуль не павысілі і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі і Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце. Аднак у абедзвюх ВНУ не змаглі адказаць, ці захаваецца кошт навучання нязменным і надалей.

Толькі кіраўнік прэс-цэнтра Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Юрый Зайцаў пэўна паведаміў, што кошт навучання ў ВНУ не павысіўся, і «гэтае пытанне не абмяркоўваецца цяпер».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?