Айзек Азімаў.

Айзек Азімаў.

Пятровіцкія Азімавы каля каменя.

Пятровіцкія Азімавы каля каменя.

Беларусаў заўсёды цягнула да космасу. Мо таму, што іхная краіна ня мае гэткіх гор, ускараскаўшыся на якія, да космасу можна дакрануцца і нават баязліва пагладзіць ягоную чорную поўсць; а можа, таму, што кожны з нас насамрэч іншапланетнік, пасланы сюды з мэтай нешта давесці — толькі вось што менавіта, мы неяк забыліся. Бывае. Абрыдлая і нясмешная класічная показка пра цвік пад беларускай дупай толькі пацвярджае нашае падазронае адрозненне ад большасці зямлянаў, у тым ліку фізіялагічнае. Ужо

Скарына на знакамітай гравюры выглядае, як капітан заркалёту пасьля астэроіднай атакі; касмічная далеч усё жыццё хвалявала Язэпа Драздовіча; а вось беларусаў Клімука і Кавалёнка да космасу цягнула-цягнула і ўрэшце ўцягнула. Беларусамі былі Дарт Вэйдэр і Аліса Селязнёва.

Нават Хрыстос у беларускай літаратуры не прыходзіць і не прыяжджае, а менавіта прызямляецца, як нейкі прышэлец з Альдэбарану. На адной з самых прыгожых карцін Шагала каханьне паказанае як перамога над гравітацыяй. А беларус Барыс Кіт зрабіўся сусветна вядомым спецыялістам па ракетным паліве і наогул у касманаўтыцы.

Нават самое слова «космас» мы прысабечылі, зладзіўшы яго айчынную версію: у ніводнай мове гэтае слова не пішуць праз «а» ў другім складзе.
А мы вось пішам, усім на злосць — і нічога, каметы пакуль абмінаюць і аддаваць трантарыянам наш трактарны ніхто не збіраецца.

​​Калі ўжо тут згаданы Шагал, героі якога шчасліва лунаюць недзе пад самай стратасферай і якім шмат хто ганарыцца як беларускім жывапісцам (і якога зусім нядаўна некаторыя заслужаныя беларускія мастакі і акадэмікі не саромеючыся цкавалі «паводле нацыянальнай прыкметы»), то вось нам яшчэ адна нагода для нацыянальна-касмічнай гордасці. Акурат

2 студзеня дзевяноста тры гады таму нарадзіўся, бадай, самы знакаміты ў свеце беларускі пісьменнік — калі браць у разлік толькі краіну паходжання.
Як кажуць энцыклапедыі,
Айзек Азімаў з'явіўся на свет у Пятровічах Клімавіцкага павету Гомельскай губерні БССР. І што з таго, што праз некалькі гадоў малая радзіма Азімава, заблудзіўшыся ў адміністрацыйна-тэрытарыяльных падзелах, нечакана апынулася ў Смаленскай вобласці РСФСР —
усё адно гэта этнічныя беларускія землі, і калі-небудзь мы дацягнемся да іх сваімі белымі крыламі. Карацей, забраны край, які дагэтуль марыць пра вызваленне, спажываючы нашыя кісламалочныя вырабы.
Калі Іцык Азімаў і чуў у маленстве беларускую мову, дык наўрад ці яе запомніў, бо маленства гэта было зусім маленькае, а да таго ж мама і тата гаварылі на ідыш, адной з чатырох дзяржаўных моваў БССР.
Яны чыталі сыну перад сном Шолам-Алейхема — і ў канцы стагоддзя Азімаў памрэ ў тым самым горадзе, што і першы пісьменнік у ягоным жыцці. У Нью-Ёрку. Так,
ні другога Ізі Харыка, ні яшчэ аднаго Мойшэ Кульбака з Ісака не выйшла — калі Азімаву было тры гады, сям’я эмігравала ў Амерыку,
далёкую і прыцягальную, як космас (праўда, космас усё ж крышку бліжэйшы).

Дагэтуль — варта прыгадаць «Аголенае сонца», як у роце з'яўляецца смак кукурузных палачак з майго дзяцінства, а вочы мружацца ад таго таршэра, пад якім Азімаў чытаўся адзіна магчымым спосабам: не адкладваць кнігу, пакуль не даведаешся, што ў канцы. Фантастыку я, праўда, даўно ўжо не бяру ў рукі — чытаю іншага Азімава, ягоную «Падарожную кнігу па Бібліі», напрыклад. Ён любіў пісаць падарожныя кнігі...

(«Айзек цяпер на нябёсах», — сказаў пасьля смерці Азімава Курт Вонегут і доўга лічыў гэта сваім любімым жартам.)

Беларусам, нягледзячы на іхную цягу да космасу, рэдка ўдаецца выдаць які-небудзь такі закон, якім бы кіраваўся ўвесь свет.

Мы больш спецыялізуемся на выкананні, на пакоры, на паслухмянасці... Азімаў вывеў ажно тры законы, якія прызнаныя ўсімі без выключэння.
Падамо іх тут яшчэ раз, на ўсялякі пажарны:

Робат не можа зрабіць чалавеку шкоду ці сваім бяздзеяннем дапусціць, каб чалавеку была зробленая шкода.

Робат мусіць падпарадкоўвацца камандам чалавека, калі гэтыя каманды не супярэчаць першаму закону.

Робат мусіць клапаціцца пра сваю бяспеку ў той меры, наколькі гэта не супярэчыць першаму і другому законам.

Робаты Азімава чалавечнейшыя за людзей. Людзей у Азімава часам хочацца проста выключыць.
Але не ўсіх, вядома.
Азімаў — дзіцячы пісьменьнік у тым сэнсе, што ён умее зрабіць так, каб ты ганарыўся, што ты чалавек. Ён ведае, дзе ў чалавека кнопка.
І ведае, як лёгка яна выключаецца.
Пазней Азімаў, паразважаўшы над гісторыяй чалавецтва, дадаў да сваіх законаў яшчэ адзін, нулявы пункт:

Робат не можа зрабіць чалавеку шкоду, толькі калі ён не дакажа, што ў выніку гэта будзе карысна для ўсяго чалавецтва.

...У родных Пятровічах у гонар Азімава пастаўлены мемарыяльны камень. Ёсць там яшчэ мемарыяльная медная шыльда, але яна, як распавялі расейскія журналісты, захоўваецца ў адміністрацыі сяла. Каб удзячныя чытачы, насельнікі этнічных беларускіх земляў, трохі адпачылі ад навуковага даследавання каляровых металаў, пра незямное паходжанне і кошт якіх так соладка думаецца бязлюдным світанкам. Камень сцягнуць усё ж цяжэй, чым шыльду. Калі ты не робат, вядома. І не беларус. І калі гравітацыя для цябе ўсё яшчэ нешта значыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?