Падчас тэлефоннай размовы міністры замежных спраў Беларусі і Чэхіі Уладзімір Макей і Карэл Шварцэнберг абмяркоўвалі тэму палітвязняў, паведаміла прэс-служба чэшскага МЗС.

Нагадаем, размова кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў адбылася 17 снежня з нагоды 20-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносінаў паміж Беларуссю і Чэхіяй. Паводле звестак прэс-службы беларускага МЗС, якія былі распаўсюджаныя праз два дні пасля гутаркі, міністры абмяркоўвалі тэматыку адносінаў Беларусі з Еўрапейскім саюзам і шляхі іх нармалізацыі, а таксама «дасягнутыя вынікі і перспектывы далейшага развіцця беларуска-чэшскага ўзаемадзеяння». Зазначалася таксама, што размова адбылася па ініцыятыве чэшскага боку.

Паведамленне прэс-службы МЗС Чэхіі больш разгорнутае. «Міністры прыйшлі да згоды адносна важнасці ўзаемных зносінаў і выказалі цікавасць да яго пашырэння не толькі на двухбаковым узроўні, але і на ўзроўні Еўрасаюза.

Міністр Шварцэнберг зноў паўтарыў пра тое, што Чэхія зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Беларуссю ў межах Усходняга партнёрства. Нездавальняючая сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку пытанне палітзняволеных, таксама абмяркоўвалася», — сказана ў прэс-рэлізе. Пры гэтым падкрэсліваецца, што, «нягледзячы на рознасць поглядаў, абодва бакі пацвердзілі зацікаўленасць ва ўмацаванні чэшска-беларускіх адноснаў і адносінаў паміж ЕС і Беларуссю».
Размова Макея са Шварцэнбергам супала па часе з візітам у Мінск дырэктара дэпартамента Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунара Віганда.
Паводле звестак прэс-службы беларускага МЗС, 17 снежня еўрачыноўнік сустрэўся з Уладзімірам Макеем, «бакі абмеркавалі комплекс пытанняў, што тычацца няўнага стану адносінаў паміж Беларуссю і ЕС і шляхоў іх нармалізацыі». Прадстаўніцтва ЕС у Мінску пацвердзіла інфармацыю пра візіт Віганда, але падрабязнасці каментаваць не стала.

Як мяркуюць аналітыкі, кантакты Бруселя з Мінскам азначаюць, што бакі спрабуюць знайсці шляхі вырашэння ненармальнай сітуацыі, якая склалася ў адносінах Беларусі і ЕС пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і наступных за гэтым падзей. Разам з тым палітолагі не бачаць прыкметаў таго, што беларускі бок гатовы ісці на саступкі ЕС.

Як вядома, галоўнай умовай ЕС для нармалізацыі адносінаў з афіцыйным Мінскам з’яўляецца вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітзняволеных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?