У палітычным полі Беларусі ў 2012 годзе склалася «вельмі спецыфічная сітуацыя», выкліканая апатыяй насельніцтва і нежаданнем улады праводзіць перамены.
Пра гэта 13 снежня ў Мінску на падвядзенні вынікаў па версіі грамадскага аб’яднання «Дыскусійна-аналітычная супольнасць „Ліберальны клуб“ заявіў Яўген Прэйгерман, дырэктар па даследаваннях гэтага аб’яднання.

Паводле слоў Прэйгермана, ён паспрабаваў прааналізаваць інтарэсы розных груп падчас выбараў. „Лукашэнка, як адзін з гульцоў на палітычным полі, традыцыйна спыняў сваю ўвагу на трох ворагах: ЕС і Захад, Расія і „пятая калона“. Трэба адзначыць, што тры гэтыя „ворагі“ па вялікім рахунку маюць адны і тыя ж мэты“, — лічыць Прэйгерман.

Як Захад, так і Расія імкнуцца, паводле яго слоў, атрымаць у Беларусі прадказальную ўладу і эканамічную сітуацыю, якая дазваляе правесці прыватызацыю, але ўсё гэта ўпіраецца ў рэфармаванне палітычнай сістэмы.
„Пятая калона“ таксама жадае рэфармавання палітычнай сістэмы, але ўжо ў першую чаргу», — адзначыў Прэйгерман.

Што да беларускіх уладных эліт, тое ўсе яны «таксама хочуць стабільнасці і паляпшэння эканамічнага становішча: гэта значыць замацавання за сабой актываў і рэнты», дадаў эксперт. «Гэта было вельмі добра бачна па паводзінах актывістаў „Белай Русі“ падчас выбараў, якія заяўлялі, што з дня на дзень яны стануць беларускай „Адзінай Расіяй“. Гэтага не адбылося, таму што для гэтага таксама трэба змяненне палітычнай сістэмы», — сказаў Прэйгерман.

Электарат, паводле яго меркавання, хацеў падчас выбараў «стабільнасці і росту зарплаты».
Але гэта, адзначыў Прэйгерман, можна дасягнуць толькі пры нармальнай эканамічнай палітыцы, а яна, у сваю чаргу, магчымая толькі пры змяненні палітычнай сістэмы.

«У выніку мы ўпіраемся ў тое, што супраць рэформ выступае толькі адзін чалавек, і ўсе мы ведаем гэтага чалавека. Гэта ўжо спецыфічная сітуацыя. І я хачу заўважыць, што па сацыялогіі за год даход беларусаў па краіне вырас на 16%. Раней павышэнне зарплаты выклікала ледзь не аўтаматычны рост рэйтынгу прэзідэнта. Але цяпер рэйтынг прэзідэнта застаўся на ранейшым узроўні», — сказаў эксперт.

Паводле яго слоў, «поле для манеўру ў Аляксандра Лукашэнкі звужаецца, і ён вымушаны ісці на такія рызыкі, як, напрыклад, рэфармаванне апарату».
«Хоць ён не можа яго рэфармаваць, таму што ён сам яго стварыў», — лічыць Прэйгерман.

Сяргей Пульша, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?