Падчас наведвання Магілёва ў чацвер, 13 снежня.

Падчас наведвання Магілёва ў чацвер, 13 снежня.

Сёння Аляксандр Лукашэнка наведае "Віцебскдрэў". Учора ён быў у Магілёве, а перад гэтым — у Барысаве і Івацэвічах. Ён аб'язджае дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы, якія сталі чарговым аб'ектам ягонай увагі, якая раней была скіравана на калгасы.

Гэтыя паездкі добра падрыхтаваныя і зрэжысіраваныя. У Віцебску Лукашэнку чакалі яшчэ на мінулым тыдні. І тады ж на мяжы горада спалілі і зраўнялі з зямлёй адселеную вёску Паўлавічы. Вёска даўно прызначалася пад знос і таму была нефотагенічнай. Прадстаўнікі Першамайскага райвыканкама Віцебска далі жыхарам два дні на вываз дабра. Хто не паспеў, той спазніўся. Каля вёскі мог праехаць Аляксандр Лукашэнка, вось і спяшаліся «здзелаць красіва».

«Наша Ніва» вырашыла ўзгадаць, што яшчэ такога незвычайнага рабілі мясцовыя чыноўнікі, каб забяспечыць паказушную карцінку, апошнімі гадамі перад прыездам да іх кіраўніка дзяржавы.

10. У Светлагорскім раёне клеілі шпалеры

У верасні 2010 Аляксандр Лукашэнка наведаў вёску Асташкавічы. Там Лукашэнка адкрыў малочны комплекс на 600 галоваў. Перад прыездам у аўральным рэжыме жыхары рамантавалі платы і прыбіралі вуліцы, але тым нікога не здзівіш. Самае цікавае, што за ноч да прыезду ў мясцовай школе тэрмінова пераклеілі шпалеры, якія перад гэтым прывезлі з райцэнтра. У самім жа Светлагорску ў свой час змагаліся са смуродам ад завода «Хімвалакно».

9. У інтэрнаце забаранялі глядзець у вокны

Вядома, калі Лукашэнка прыязджае ў горад, то сотні агентаў кантралююць усе наваколлі, каб чаго не выйшла. Спецслужбы ўважліва правяраюць усе блізкія дамы. Напрыклад, сёлета, калі лідар наведваў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, у інтэрнаце «наргаса» развесілі абвесткі, што студэнтам катэгарычна забараняецца вызіраць у вокны, нават адчыняць форткі.

8. У Брэсце канфіскоўвалі стрэльбы

Для паляўнічых прыезд кіраўніка дзяржавы да іх у горад ці вёску — заўсёды стрэс. Вядома, што ў кастрычніку 2010 у берасцейскіх аматараў палявання часова канфіскоўвалі стрэльбы. Пацвярджалі гэта нават у міліцыі, кажучы, што такім чынам падтрымліваецца бяспека прэзідэнта.

Самае цікавае, што ў той час, пакуль Лукашэнка гуляў па горадзе над Бугам, на адной з суседніх вуліц рабочы камунгаса адстрэльваў сабак. Пасля гэты работнік прызнаўся, што ахова прэзідэнта мела з ім «непрыемную размову».

7. У Мазыры адстрэльвалі сабак

Адбывалася гэта ў канцы лістапада 2010, перад самымі прэзідэнцкімі выбарамі. Нават ясна не было, паспее Лукашэнка наведаць горад ці не. Тым не менш, мясцовыя ўлады пачалі «аблагаражываць» Мазыр. Валанцёры «Зааабароны» налічылі, што ў тыя дні ў горадзе быў забіты 31 бадзяжны сабака. Мясцовыя актывісты апазіцыі дакладвалі тады, што электрыкі спехам клалі асфальт, а прыбіральшчыцы сарціравалі смецце. Як у найлепшых дамах Парыжа.

6. У Салігорску шукалі каску для Колі

У горад гарнякоў Лукашэнка вырашыў прыехаць не адзін, а з малодшым сынам. Нагода — адкрыццё пятага калійнага камбіната. Адмыслова для Колі на камбінаце паставілі арэлі, пашылі спецформу. Але выйшла адна неспадзяванка — не было шахцёрскай каскі на пяцігадовага хлопчыка. Увесь горад шукаў міні-каску.

5. У Столінскім раёне апламбавалі музей

У верасні 2009 Аляксандр Лукашэнка наведваў вёску Цераблічы Столінскага раёна. Ноч напярэдадні прыезду выдалася нялёгкай для мясцовай бібліятэкаркі. Прадстаўнікі спецслужб пастукаліся да яе ўначы ў вокны і папрасілі пайсці на працу, дзе адбывалася выстава скульптур, якую захацеў наведаць беларускі лідар. «Начныя госці» агледзелі і апламбавалі кожны экспанат музея. А ўрэшце Лукашэнка ў музей нават не зайшоў.

4. У Глыбокім спілавалі вішні

Летась у райцэнтры Віцебскай вобласці на вуліцы Леніна спілавалі ўсе дрэвы, у асноўным вішні, што вытыркаліся з-за платоў. Прычым, прыпала гэта на самы сезон ягад, што было ўдвая крыўдна. Яшчэ ў гора-дзе зааралі цаліну, якая дзесяцігоддзямі стаяла некранутай.

3. У Івацэвіцкім раёне адстрэльвалі галубоў

Перад наведваннем кукурузнага завода ў вёсцы Святая Воля адстрэльвалі галубоў.

Івацэвіцкіх жа школьнікаў прымусілі хадзіць у Лядовы палац па раскладзе, не дай Бог пуставаць бу-дзе! Ну і, вядома, спрабавалі ізаляваць на час прыезду кіраўніка тутэйшых апазіцыянераў. Зрэшты, гэта не нова. Перад кожнымі «Дажынкамі» гарады поўнасцю ачышчаюць ад іншадумцаў, садзяць на суткі або, у лепшым выпадку, трымаюць да ночы на працы.

2. У Слоніме збіралі дзьмухаўцы

У маі 2009 работнікам камвольна-прадзільнай фабрыкі загадалі ачысціць прылеглую тэрыторыю ад жоўтых кветак. Вядома, работніцы звязалі гэта з хуткім прыездам Лукашэнкі: «колькі працуем, а такое дзіва першы раз!»

У Пастаўскім раёне перад наведваннем фермы Волахі напружана вырашалі пытанне шматлікіх у жывёлагадоўлі мух.

1. Пад Чэрыкавам каровам фарбавалі капыты

Два гады таму, здзяйсняючы штогадовае турнэ па заражаных радыяцыяй раёнах, Аляксандр Лукашэнка завітаў у Чэрыкаў. Дык там у вёсцы Язеры пафарбавалі не толькі воданапорную вежу, але і капыты каровам — чорным. Вядома, што перад гэтым худобу вымылі шампунем. Каб усё было прыгожанька і акуратненька. Пра такія выпадкі даходзіла інфармацыя і з іншых раёнаў, напрыклад, агракамбіната Сноў, але мясцовыя кіраўнікі ўсё адмаўляюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?