Мінгарвыканкам праводзіць грамадскае апытанне пра брэнд горада. Аб гэтым БелаПАН паведамілі ў прэс-службе гарвыканкама.

На сайце www.minsk.gov.by у рубрыцы «Ваша меркаванне» інтэрнэт-карыстальнікам задаюць пытанне: «Якія асацыяцыі выклікае ў вас Мінск?»
У гарвыканкаме адзначаюць, што думкі мінчан важныя для стварэння брэнда сталіцы.

Як паведамлялася раней, даследчы цэнтр INSTID (Вялікабрытанія) распрацаваў канцэпцыю брэнда Мінска. Замоўцам праекта выступае інфармацыйна-турысцкі цэнтр «Мінск». Да канца 2012 года запланавана стварыць брэнд Мінска, а з 2013 года — правесці шэраг мерапрыемстваў па яго прасоўванні. Як паведаміла журналістам 6 снежня ў Мінску прадстаўнік INSTID Наталля Гранд, стварэнне канцэпцыі брэнда беларускай сталіцы праводзіцца ў цесным супрацоўніцтве з мінчанамі, якія маюць магчымасць накіроўваць свае прапановы праз інтэрнэт. Акрамя таго, для абмеркавання канцэпцыі рэгулярна збіраецца грамадскі савет, у які ўвайшлі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, бізнесу, чыноўнікі, дыпламаты і г.д.

У адпаведнасці з распрацаванай канцэпцыяй брэнда Мінска яго вартасцямі з’яўляюцца бяспека, метадычнасць, размеранасць, магчымасці для развіцця. Характар Мінска вызначаны як «сучасны, функцыянальны, выразны, рытмічны і ўраўнаважаны». У якасці колеру Мінска прапанаваны блакітны — «мінскі блакіт». Элементамі візуальнага стылю горада стане арнамент блакітных і белых палос роўнай шырыні, якія размешчаны пад пэўнымі вугламі. Чакаецца, што гэты малюнак будзе выкарыстоўвацца ў афармленні сталічных будынкаў, транспарту, сувеніраў. Зараз таксама распрацоўваецца «мінскі шрыфт», «водар Мінска», які будзе выкарыстоўвацца пры стварэнні сувеніраў — свечак, асвяжальнікаў паветра. Акрамя таго, ствараецца «мінская музыка». Ужо вядома, што гэта будзе мелодыя без слоў з «цягучымі фразамі», выкананая струннымі інструментамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?