Навагоднія дрэвы ў Беларусі напярэдадні свят можна будзе купіць як на ёлачных базарах, так і ў саміх лясніцтвах. Цэны на елкі і сосны будуць цалкам даступнымі,
паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.

Ёлачныя базары будуць працаваць у сталіцы і ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах. Плануецца арганізаваць каля 600 гандлёвых кропак. Купіць лясную прыгажуню можна будзе ўжо напярэдадні каталіцкіх Каляд. Акрамя ссечаных дрэўцаў можна будзе набыць елкі і сосны ў кадках, а таксама навагоднія букеты. У бягучым годзе лясгасы рэспублікі плануюць рэалізаваць не менш за 170 тыс. елак і сосен.

Як расказалі ў Мінлясгасе, цэны на навагоднія дрэўцы застануцца даступнымі.
На гандлёвых кропках лясных гаспадарак навагодняе дрэва вышынёй да 1 м у сярэднім будзе каштаваць Br33 тыс., ад 1,01 м да 2 м — Br43 тыс., ад 2,01 м да 3 м — Br63 тыс., ад 3,01 м да 4 м -Br100 тыс., ад 4,01 м да 5 м — Br130-150 тыс. Дрэвы ў кадках можна будзе набыць за Br50-200 тыс. Кошт навагодніх букетаў у залежнасці ад напаўнення і афармлення складзе ад Br5-30 тыс.
У лясніцтвах цэны на навагоднія дрэўцы будуць крыху ніжэйшымі.
Елка вышынёй да 1 м будзе каштаваць Br30 тыс., ад 1,01 м да 2 м — Br40 тыс., ад 2,01 да 3 м — Br55 тыс., ад 3,01 м да 4 м — Br95 тыс., ад 4,01 м да 5 м — Br125 тыс. «Перавагай набыцця навагодніх дрэў у лясніцтве з’яўляецца і больш шырокі выбар», — адзначылі ў міністэрстве.

У Мінлясгасе расказалі аб нарыхтоўцы навагодніх дрэў: «Яна ажыццяўляецца на спецыялізаваных плантацыях, а таксама з ліку тых дрэў, якія высякаюццца па вытворчай неабходнасці — у парадку расчысткі трас, прасек, палос адводу, ліній электраперадач, на лесасеках галоўнага карыстання і суцэльнай санітарнай высечкі, калі на гэтых лесасеках маладняк не падлягае захаванню. Такім чынам, урон прыродзе не наносіцца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?