Дзьвюхмоўе можа быць адной з прычынаў, якія правакуюць заіканьне. Затое дзьвюхмоўныя маюць лепшыя матэматычныя, аналітычныя здольнасьці, лягічней думаюць і хутчэй рэагуюць, маюць у старасьці больш ураўнаважаны характар ды ясьнейшы розум.

Брытанскія спэцыялісты вывучылі гісторыі хвароб 317 дзяцей, якія заікаюцца, і прыйшлі да высновы, што адной з прычынаў, якія правакуюць заіканьне, можа быць дзьвюхмоўе.

Заіканьне — хвароба, нэйрафізіялягічныя прычыны якой да канца не вядомыя. Высьветлена, што яна выступае ў 4% дзяцей, прыкладна ў траціны зь іх захоўваецца на ўсё жыцьцё. У хлопчыкаў выступае намнога часьцей, чым у дзяўчынак. Дакладных мэтадаў лячэньня ня мае, але ў большасьці выпадкаў праходзіць. У яго ўзьнікненьні адыгрывае ролю генэтычная схільнасьць. Але ўзьнікае яна толькі калі накладаецца з псыхалягічнымі траўмамі, нэрвовымі перагрузкамі. Тыповы выпадак — калі дзіця пачынае заікацца, напрыклад, пасьля таго як у сям'і зьяўляецца другое дзіця, якое пачынае карыстацца цацкамі першага.

Псыхолягі зь Лёнданскага ўнівэрсытэцкага каледжу высьветлілі, што чыньнікам рызыкі ўзьнікненьня заіканьня ў дзіцяці да 5 гадоў можа быць і білінгвізм. Сярод дасьледаваных імі пацыентаў амаль 22 % размаўляюць дома на адной мове, а ў школе — на іншай.

Больш за тое, дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што дзецям‑білінгвам цяжэй пераадольваць як заіканьне, так і іншыя лягапэдычныя недахопы.

У зьвязку з гэтым ангельскія навукоўцы параілі сьпярша навучыць дзіця роднай мове, і толькі пасьля 5‑гадовага веку пачынаць вучыць яго мове другой. Тым больш што здольнасьць да хутчэйшага засваеньня моў застаецца ў дзяцей да 11 гадоў.

Гэтае дасьледаваньне ўмацвала ў сваёй праваце прыхільнікаў аднамоўнага выхаваньня дзіця. Яны цьвердзяць, што толькі адна мова можа сфармаваць у малечы цэласнае ды гарманічнае ўспрыманьне сьвету. Раньні ж білінгвізм, на іхную думку, стварае ў галаве дзіця і моўную, і сьветапоглядную трасянку. І на гэтым пералік мінусаў дзьвюхмоўнага выхавання не вычарпаецца.

Навукова засьведчана, што дзеці‑білінгвы пазьней авалодваюць сьпярша маўленьнем, а пасьля пісьмовай мовай, слоўны запас у іх на кожнай з моў бяднейшы, чым у аднамоўных аднагодак, хоць усяго слоў яны ведаюць болей. Нарэшце, нярэдкія праблемы з засваеньнем граматычнага ладу адной з моў. Такія дзеці гавораць самастворанай трасянкай, выбіраючы ў кожнай з моў лацьвейшыя для сябе словы ды канструкцыі — да пяці гадоў гэта лічыцца нармальным, але спакуса ўточваць у маўленьне безэквівалентныя або карацейшыя канструкцыі зь іншай мовы застаецца зь білінгвамі на ўсё жыцьцё. Праўда, толькі ў тым выпадку, калі, навучыўшыся разрозьніваць мовы, малады чалавек ня схоча адмовіцца ад аднае зь іх — ці то з прычыны, як яму здаецца, «слабейшасьці», ці то таўра «варожасьці» да адной з моў у грамадзтве. У такіх выпадках навукоўцы фіксуюць надзвычай імклівае адміраньне дасканала засвоенай дагэтуль мовы.

Каля 70% жыхароў зямлі дзьвюх‑ або шматмоўныя. Амаль у чвэрці дзяржаў людзі гавораць сама меней на дзьвюх мовах. Больш за палову жыхароў Эўропы валодаюць дзьвюма мовамі.

Зрэшты, неабходна заўважыць, што «лягапэдычны аргумэнт», кагадзе падтрыманы ангельскімі навукоўцамі, знаёмы дасьледчыкам даўно. І

некаторыя сьцьвярджаюць, што «лішняя» мова ня мае ніякага простага дачыненьня да заіканьня дзіцяці. Справа ў тым, заўважаюць яны, што нярэдка ў сем’ях, дзе выхоўваецца такое дзіцё, пануе нездаровая атмасфэра. Калі гэта эмігранты ці ўцекачы, дзіцяці даводзіцца зазнаваць стрэс і сьлёзы дзеля сацыяльных прычынаў, пачуцьця чужынскасьці, матэрыяльнай незабясьпечанасьці.
Калі ў сям’і строгія норавы й недахоп пэдагагічнага досьведу, ад дзіця могуць патрабаваць датрыманьня сваёй мовы чаго б гэта ні каштавала: упікаць за кожнае «няправільнае» слова, перабіваць нават у часе шчырай размовы, строга патрабаваць, каб дзіцё размаўляла на сваёй мове, хоць дзіцё яшчэ тыя мовы можа не адрозьніваць.
Неразуменьне сваёй віны спараджае стрэсы, комплексы ды няўпэўненасьць, чыя сувязь з узьнікненьнем заіканьня куды больш відавочная.

Такім чынам, паводле прыхільнікаў дзьвюхмоўнага выхаваньня, спрыяльная атмасфэра ў сям’і, пэдадагічны такт і падрыхтаванасьць могуць ня толькі засьцерагчы ад нежаданых наступстваў дзьвюхмоўя, але й прынесьці дзіцяці шмат карысьці. Бо

навукова засьведчаныя й перавагі дзіцячага білінгвізму. Лічыцца, што валоданьне й паслугаваньне дзьвюма мовамі спрыяе лепшаму разьвіцьцю памяці ды разумовых здольнасьцяў. Такія дзеткі больш кемлівыя, прасьцей спраўляюцца з матэматычнымі задачкамі, маюць лепшыя аналітычныя здольнасьці, лягічней думаюць і хутчэй рэагуюць. Яны звычайна лепей вучацца ў школе, прасьцей арыентуюцца ў дарослым жыцьці, а таксама, як нядаўна выявілі дасьледчыкі з усё той жа Англіі, маюць у старасьці больш ураўнаважаны характар ды ясьнейшы розум, менш эгаістычныя і больш аптымістычныя.

Існуюць цэлыя мэтодыкі выхаваньня дзьвюхмоўнага дзіцяці. Некаторыя раяць пачынаць размаўляць з малечай на розных мовах зь першых месяцаў жыцьця або нават да нараджэньня й падмацоўваюць гэта тым, што ўжо агуканьне дзіцяці нібыта мае моўную прыналежнасьць. Іншыя адносяць старт білінвістычнага выхаваньня на 5‑гадовы век і фактычна ўяўляюць разнавіднасьць навучаньня замежнай мове з папраўкай на ўзрост. Але ўсе яны сыходзяцца на тым, што ня варта дапускаць, каб другая мова засвойвалася стыхійна — толькі на вуліцы ды зь сябрамі. Бо і добра не засвоіцца, і памылкі ў сыстэме другой мовы пазьней выпраўляць будзе складаней. Ёсьць і яшчэ адно, што яднае гэтыя мэтодыкі: цо занадто, то нездрово. Маленства ў трох‑ або большмоўным асяродзьдзі — само па сабе стрэс і гарантуе праблемы ў камунікацыйным ды агульным разьвіцьці дзіцяці.

Сёлета пытаньнем уплыву дзьвюхмоўя на чалавека цікавіліся й амэрыканскія навукоўцы.

Дасьледчыкі з ЗША правялі цікавы экспэрымэнт: амэрыканкам, якія расьлі ў сем’ях, дзе пароўну карысталіся ангельскай ды гішпанскай мовамі, паказвалі караткамэтражкі, у якіх жанчыны траплялі ў розныя жыцьцёвыя калізіі. Потым глядачкі давалі свае характарыстыкі гераіням фільму: пасьля першага прагляду на адной мове, пасьля другога, зь перапынкам у паўгоду, — на другой.

І тут аказалася, што па‑гішпанску глядачкі характарызавалі пэрсанажаў значна больш станоўча і цёпла, а няпростыя сытуацыі, у якія траплялі гераіні, лішне не драматызавалі.

Калі ж пазьней жанчыны пра той самы сюжэт выказваліся на ангельскай мове, гераіня, дагэтуль называная «сьмелай і незалежнай», раптам аказвалася «разгубленай і адзінокай».

Навукоўцы ня сталі рабіць глыбакадумных высноў, адно ў чарговы раз засьведчылі, што што ні мова — то цэлы сьвет.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?