14 жніўня спартыўныя СМІ паведамілі, што сілавікамі затрыманы спартовы менеджар хакейнага «Дынама», у мінулым вядомы журналіст, рэдактар «Прессбола» Уладзімір Беражкоў.

У Следчым камітэце паінфармавалі, што гаворка вядзецца пра раскраданне сумы 45 мільёнаў беларускіх рублёў. Варта адзначыць, што зусім нядаўна ў ізалятары часовага ўтрымання апынуўся генеральны дырэктар «Дынама» Максім Суботкін.

«Наша Ніва» згадвае цікавыя старонкі біяграфіі Уладзіміра Беражкова.

Заснавальнік і рэдактар «Прессбола»

Мы кажам Беражкоў – уяўляем «Прессбол». Гаворым «Прессбол» – уяўляем Беражкова. Дзевятнаццаць гадоў гэты чалавек узначальваў самую папулярную і пазнавальную спартыўную газету краіны.

Беражкоў нарадзіўся ў 1965 годзе ў Мінску. Скончыў журфак БДУ. Два гады адслужыў у войску. А апошнія гады існавання СССР працаваў у дзяржаўным інфармацыйным агенцтве БЕЛТА, там ён працаваў у аддзеле з дзіўнай назвай — вайскова-патрыятычнага выхавання і спорту.

«Яму на момант стварэння «Прессбола» было 25 гадоў. Малады Валодзя, як і цяпер, — чалавек, які абсалютна нічога не баіцца. Чалавек, які ніколі не здрадзіць. Чалавек, які аддасць апошняе сябру ў выпадку патрэбы. Класны мужык, вельмі надзейны, з мазгамі. Ён прыдумаў і прадумаў увесь пачатковы «Прессбол», — згадваў пра свайго калегу і сябра Дзмітры Беленькі.

Сапраўды, «Прессбол» стаў адметнай старонкай у гісторыі беларускай журналістыкі. Чытачы нудзіліся ад справаздач «Фізкультурніка Белоруссіі», «Советскій спорт» не пісаў пра Беларусь. А тут такое свежае выданне з адметнымі аўтарамі, якое і чорта не баіцца. Цікава, што першы раз выхад «Прессбола» быў прыпынены яшчэ ў сакавіку 1994 пасля некалькіх крытычных матэрыялаў пра Кебіча.

Нягледзячы на тое, што Беражкоў быў аўтарам ідэі (нават назву прыдумаў ён), першым галоўным рэдактарам «Прессбола» стаў Аляксандр Барысевіч, толькі пасля яго сыходу ў 1995-м кіраўніцтва перайшло да Беражкова.

У 2014 Беражкоў сышоў з «Прессбола» ў хакейнае «Дынама». Ён яшчэ шкадаваў, што так і не прыдумаў, што можна зрабіць з папяровай газетай, каб пакінуць яе на плыву.

Прыйшоў прыстаў, апісаў чайнік

З «Прессболам» неаднаразова судзіліся многія ўплывовыя людзі ў беларускім спорце і ўладзе.

Адзін з найбольш адчувальных удараў быў нанесены на пачатку 2005 года, калі суд Цэнтральнага раёна Мінска вымусіў газету «Прессбол» выплаціць 30 мільёнаў рублёў міністру фінансаў, кіраўніку федэрацыі гімнастыкі Мікалаю Корбуту, уласна сам Беражкоў мусіў сплаціць 10 мільёнаў (4,6 тыс. даляраў па тым курсе). На той час гэта немалыя грошы. «Прессбол» пакаралі за публікацыю пра тое, што ў федэрацыі гімнастыкі ўладкаваліся людзі з цёмным мінулым.

Сплаціць усю суму адразу Беражкоў не мог, таму да яго на кватэру прыходзілі міліцэйскія прыставы, якія апісвалі ўсю маёмасць, уключаючы чайнік.

Яшчэ адну гісторыю Беражкоў расказваў у інтэрв’ю «НН». Яна здарылася пасля публікацыі матэрыялаў так званай «справы крата». Аб тым, як гульцы зборнай Беларусі маглі ў 2003 годзе здаць матчы Чэхіі і Малдове.

«Гэты чалавек прапанаваў прайсці на вуліцу, дзе і мусіў перадаць мне грошы. Гэта быў бы наўпроставы доказ таго, што чалавек дае хабар. Ужо гэтага дастаткова, каб яго браць і ўжо потым даказваць іншыя злачынствы. Мы селі ў маю машыну, недалёка ад рэдакцыі. Гэты чалавек пачаў спрабаваць перадаць мне грошы. У той самы час на машыну наляцелі АМАПаўцы ў масках. Яны надзелі на мяне кайданкі, паклалі тварам на асфальт, некалькі разоў ударылі па нырках. Я зразумеў, што трапіў у нейкую пастку. Мяне адвезлі ва ўпраўленне па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю. Там і пачалі разбірацца. Аказалася, што гэты злачынца напісаў заяву, што я вымагаю ў яго хабар. Такая вось выйшла сітуацыя, у якой шмат дзіўнага. Праз нейкі час мяне вызвалілі, бо пераканаліся, што я працую ў рамках следства, тым больш грошы не браў.

Я перастрахаваўся з усіх бакоў. Думаю, калі б я зрабіў хоць адзін няправільны крок, то ўжо сядзеў бы ў турме», — казаў Беражкоў «НН» у 2007 годзе.

Гуляў у хакей з Лукашэнкам

Менавіта хакей, а не футбол быў заўсёды прыярытэтным відам спорту для Уладзіміра Беражкова. Доўгі час (1993—2001) ён нават быў намеснікам старшыні ў Беларускай федэрацыі хакея. Гэта той час, калі наша зборная дасягала першых поспехаў, прабівалася на чэмпіянаты свету і Алімпіяду.

І сам Беражкоў ніколі не быў супраць паганяць шайбу. Даводзілася яму гэта рабіць, як у камандзе Аляксандра Лукашэнкі, гэтак і супраць яго.

У інтэрв’ю «Салідарнасці» ён згадваў: «Гуляць у хакей з Лукашэнкам цікава. Вельмі цікава. Лукашэнка — гэта эпоха. Лукашэнка — гэта відны дзяржаўны дзеяч. Лукашэнка — гэта найцікавейшая асоба, глыба. Магчымасць згуляць з ім у хакей дае небывалыя ўражанні і досвед. Плюс, не буду хаваць, гэта цешыць самалюбства».

На пытанне, ці не інструктуюць хакеістаў, каб яны не ішлі ў сутыкі з кіраўніком дзяржавы, Беражкоў адказваў: «Прафесіяналы, да якіх я сябе горда залічваю, не стануць утыкацца ў аматара падчас гульні. Я гуляў з Лукашэнка як з аматарам».

Варта заўважыць, што ў 2014 годзе Беражкоў трапіў у вузкае кола рэдактараў беларускіх СМІ, што бралі інтэрв’ю ў Лукашэнкі. Аднойчы «Прессбол» назваў Лукашэнку чалавекам года.

На пытанне, якія ў вас палітычныя погляды, Беражкоў адказваў: «Яны адсутнічаюць».

Сям’я

На фота — Мікіта Беражкоў..

На фота — Мікіта Беражкоў..

Бацька Уладзіміра Пятро Беражкоў быў родам з вёскі Рэчыца Полацкага раёна. Ён таксама скончыў журфак БДУ. Быў адказным сакратаром у газеце «Советская Белоруссія». А праз нейкі час увогуле ўзначаліў агенцтва БЕЛТА. Нават за савецкім часам Пятро Беражкоў меў магчымасць выязджаць за мяжу. Напрыклад, на сесіі ААН у Нью-Ёрк. Беражкоў казаў, што бацька не надта радаваўся, што сын абраў прафесію журналіста.

Старэйшы сын Уладзіміра Беражкова нарадзіўся, калі таму было 19-гадоў. Мікіта нейкі час працаваў прэс-сакратаром мінскага «Дынама», яшчэ да таго, як туды прыйшоў бацька. Летась Мікіта Беражкоў стаў лаўрэатам ХІІ Міжнароднага фестывалю спартыўных фільмаў «Атлант». Большую частку часу Мікіта Беражкоў бавіць у Маскве.

Таксама ў Беражкова двое яшчэ непаўналетніх дзяцей — 13-гадовы Пятро і 10-гадовая Ганна.

Ішоў у «Дынама» пад лозунгамі барацьбы з карупцыяй

У мінскае «Дынама» Беражкоў прыйшоў наводзіць парадак. Газета доўгі час крытыкавала папярэдніх начальнікаў каманды — Аляксея Торбіна і Ігара Матушкіна. Маўляў, развялі бардак у самым багатым клубе краіны.

Увогуле, Беражкоў неаднакроць крытыкаваў размеркаванне фінансавання ў беларускі хакей. «Грошы засцінаюць вочы», — аднойчы ён эмацыйна сказаў.

«Народныя грошы сыходзяць у чорную дзірку», — гэта таксама словы Беражкова.

Па стане на мінулы год афіцыйная зарплата Беражкова ў «Дынама» складала 17 мільёнаў рублёў.

Пасля сканчэння мінулага сезона Беражкоў раздаваў інтэрв’ю, што новую каманду мы пачынаем будаваць ужо цяпер. Мабыць, дабудоўваць давядзецца ўжо новым асобам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?