Гасцямі перадачы сталі сістэмная інжынерка Дар'я Бусел, распрацоўшчыцы Агнія Старавойтава і Ангеліна Рамашка.

Праца як крыніца для аплаты хобі

Дар'я Бусел адзначае, што ёй падабаецца выдаткоўваць грошы на люксавыя рэчы. Акрамя працы ў ІТ, яна стылістка.

істэмы інжынер Дар'я Бусел system engineer Daria Busel системный инженер Дарья Бусел

Cістэмная інжынерка Дар'я Бусел. Скрын відэа: maksimalno / YouTube

Як згадвае Дар'я, бацькі ёй «транслявалі, што праца можа быць хобі, якое высока аплачваецца, а можа быць крыніцай аплаты хобі».

Таму дзяўчына разглядала працу праграмістам з пункту гледжання таго, што гэта дазволіць займацца тым, што ёй падабаецца. Цяпер за свой заробак яна можа набыць нейкую адну люксавую рэч коштам да паўтары тысячы даляраў.

Але ў Беларусі праца стыліста «даволі няўдзячная», бо «здараецца такое, што ў цябе ёсць грошы, але няма на што іх выдаткаваць». Таму ў Мінску, як заўважае дзяўчына, «была класная магчымасць грошы адкладаць».

«Куды паехаць патраціць грошы?»

Агнія Старавойтава згадвае, што яе першы заробак быў «у раёне мінімальнага па Беларусі», але праз некаторы час яна набралася досведу і змяніла месца працы.

Fullstack разработчик Агния Старовойтова fullstack developer Agniya Starovoytova фулстэк распрацоўшчыца Агнія Старавойтава

Распрацоўшчыца Агнія Старавойтава. Скрын відэа: maksimalno / YouTube

«Усё стала добра. Але не было такога, што я раскідваюся грашыма, хаджу па рэстаранах. Я імкнулася адкладаць і не адчула моманту шыкавання», — згадвае дзяўчына.

Па словах Агніі, самай буйной яе пакупкай стаў аўтамабіль «Мазда» коштам 4 тысячы даляраў. «На гэта мне спатрэбіўся больш за адзін заробак», — удакладняе дзяўчына.

Агнія адзначае, што калі заробак пераходзіць за дзве тысячы даляраў, то «ты пачынаеш думаць, а куды паехаць патраціць грошы».

«У мяне стартар-пак пенсіянера»

Першы заробак у Ангеліны Рамашка, па яе словах, складаў 400 даляраў пасля выплаты падаткаў. «Мне здавалася, што 400 баксаў — гэта проста вяршыня, што я супербагатая. Я выйграла гэтае жыццё. Так я першыя восем месяцаў працавала. Пазней лічбы сталі расці».

Як згадвае дзяўчына, большая частка заробку сыходзіла на аплату здымнай кватэры. Праз два гады працы яна «адчула, што стала зарабляць нашмат болей».

«Я чамусьці мерала [свой заробак] маміным заробкам і разумела: «Ого, гэта я ў столькі разоў болей зарабляю». Яшчэ больш адчувальным гэта было, калі я змагла маму ў Турцыю звазіць. Я адчула, што я такая дарослая і багатая».

mobile application developer Angelina Ramashka разработчик мобильных приложений Ангелина Рамашка распрацоўшчыца мабільных дадаткаў Ангеліна Рамашка

Распрацоўшчыца мабільных дадаткаў Ангеліна Рамашка. Скрын відэа: maksimalno / YouTube

У той жа час, як сцвярджае Ангеліна, яна не змагла адчуць багатае жыццё праграміста, як малююць яго стэрэатыпы.

Сярод сваіх буйных пакупак апошняга часу дзяўчына назвала «Макбук» за 1500-1700 даляраў і адзначыла, што плануе паставіць сабе элайнеры на зубы. «Я ўяўляю сабе, колькі гэта маіх заробкаў. І цяпер я хачу быць стаматолагам у Польшчы», — смяецца дзяўчына.

Расказваючы пра сваё жыццё, Ангеліна заўважае, што ёй падаецца, што яна сумна жыве: «У мяне стартар-пак пенсіянера. Я чытаю кніжкі і хаджу на прагулкі пасля працы».

Па словах дзяўчыны, для таго, каб расслабіцца пасля працы і зняць нервовае напружанне, яна вырабляе розныя рэчы з бісеру, а нядаўна захапілася картамі таро.

Айцішніцы — самыя зайздросныя нявесты?

Ангеліна сцвярджае, што яе праца ў ІТ ніяк не ўплывала на колькасць жаніхоў. «Я заўважаю, што мужчына-айцішнік быццам бы сапраўды можа быць зайздросным жаніхом для некаторага слою насельніцтва».

Дзяўчына кажа, што дастаткова часта сустракае пары, у якіх муж працуе ў ІТ, а жонка займаецца творчасцю ці іншай справай па душы. А вось зваротнай сітуацыі, калі «жонка-айцішніца, а муж дома варыць баршчы», яна ніколі ў рэальным жыцці не сустракала.

А вось на погляд Агніі, праца ў ІТ сапраўды спрыяла знаёмствам з хлопцамі:

«Калі я ў Беларусі сядзела ў тындары, мне здаецца, што надпіс «fullstack developer» трохі павялічваў імавернасць сустрэчы».

Але, па словах Агніі, калі мужчына пагаджаецца з ёй быць, то павінен быць гатовы да таго, што яна не зможа гатаваць сняданак, абед, вячэру, дзяліцца жаночай энергіяй, як гэта робяць дзяўчаты, якія не працуюць:

«Шмат якія мужчыны больш хочуць бачыць кошачку, «дыханне маткай». А я не магу гатаваць баршчы, мяне чакаюць на дэйліку (працоўнай сустрэчы. — НН)».

Дзяўчына згадвае, што ў яе быў хлопец, які гаварыў, што захапляецца ёю, але яму вельмі некамфортна, бо ён не ведае, як сябе паводзіць:

«Яму было вельмі некамфортна, калі побач з ім сядзела дзяўчына, якая таксама працуе і таксама зарабляе. І я разумею, што гэта не ўсім падыдзе».

Як гэта — зарабляць больш, чым хлопец?

Як згадвае Ангеліна, у яе быў досвед адносін, калі хлопец перажываў, што яна больш зарабляе:

«Я ў разы больш зарабляла, чым мой хлопец. І, як мне падаецца, я адчувала вайб, што зарабляю больш. І шчыра сказаць, я таксама адчувала сябе не вельмі камфортна. Я адчувала сябе значна больш важнай і галоўнай у нашых адносінах з-за таго, што ў мяне былі грошы».

З тым, што ўзровень даходаў уплывае на адносіны, пагаджаецца Дар'я. Падчас вучобы яна працавала і сустракалася з хлопцам, які на той момант толькі вучыўся:

«Я магла прапанаваць схадзіць куды-небудзь, таму што я магу дазволіць заплаціць за нас дваіх. Але я адчувала, што яму проста некамфортна».

Па яе словах, напружанне можна было зняць, калі б яны абгаварылі сітуацыю. «Але тады быў яшчэ той узрост, калі гэта было незразумела».

А вось хлопца Агніі розніца ў заробку не турбавала. У той жа час, як прызнаецца дзяўчына, яна перыядычна лавіла сябе на думцы, што ёй было б камфортней, каб мужчына зарабляў столькі, як яна, ці болей.

Чытайце таксама:

«90% рэчаў — ад беларускіх дызайнераў». Мінская айцішніца паказвае свой патрыятычны гардэроб

Make Palessie sexy again. Беларуская айцішніца з Новай Зеландыі расказвае пра гаворку і звычаі сваёй роднай вёскі

Айцішніца на пенсіі стала ахвярай кіберашуканцаў і страціла больш за 32 тысячы рублёў

Клас
14
Панылы сорам
16
Ха-ха
11
Ого
7
Сумна
4
Абуральна
11