Xi Jinping and Li Qiang Лі Дзіньпін і Лі Цян Си Цзиньпин и Ли Цян

Сі Цзіньпін (злева) і прэм'ер-міністр Кітая Лі Цян на адкрыцці сесіі Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў. 5 сакавіка 2024 года. Фота: AP Photo/Ng Han Guan

У Пекіне на мінулым тыдні прайшла штогадовая сесія парламента краіны — Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў. Яе традыцыйным завяршэннем на працягу трох дзесяцігоддзяў была прэс-канферэнцыя прэм'ер-міністра. Падчас яе другая асоба ў дзяржаве адказвала на пытанні пра надзённыя праблемы, якія стаяць перад краінай. Але ў гэтым годзе традыцыя была парушаная. Прэмʼер-міністр не стаў камунікаваць з прэсай.

На брыфінгу было заяўлена, што другі чыноўнік краіны не будзе адказваць на пытанні пасля закрыцця сесіі да канца пяцігадовага тэрміну паўнамоцтваў парламента, за выключэннем «асаблівых абставін».

Як адзначае Bloomberg, Кітай прыпыніў публікацыю некаторых непрыемных эканамічных даных за частку мінулага года, такіх як высокі ўзровень беспрацоўя сярод моладзі, што перашкаджае інвестарам ацаніць стан эканомікі. А лідар Кітая Сі Цзіньпін адклаў правядзенне двойчы ў дзесяцігоддзе канферэнцыі па доўгатэрміновых рэформах, якая павінна была адбыцца восенню мінулага года.

Як піша The Wall Street Journal, у сваёй прамове перад Усекітайскім сходам народных прадстаўнікоў Лі Цян казаў пра мэту росту ў 2024 годзе эканомікі на 5%, абмежаванні інфляцыі ў 3% і стварэнні 12 мільёнаў новых працоўных месцаў у гарадах.

Як адзначае выданне, дзіўна і трывожна тое, наколькі гэтыя мэты разыходзяцца з рэальнасцю, улічваючы меры, запланаваныя для іх дасягнення, і тое, у якім стане эканоміка знаходзіцца цяпер. Эксперты адзначаюць, што эканоміка Кітая мае фундаментальныя праблемы. Відавочны цыклічны спад, які пагаршаецца няўдалай палітыкай Пекіна.

Як адзначаецца ў іншым матэрыяле The Wall Street Journal, парламенцкая сесія прадэманстравала, як расце разрыў паміж словамі Пекіна і рэальнасцю. Урад, які паабяцаў адкрытасць і празрыстасць, прыкладае ўсё больш намаганняў для кіравання прэсай. Чыноўнікі ў сваіх выступленнях на сесіі парламента адзначалі перспектывы эканомікі, замоўчваючы небяспекі, з якімі яна сутыкаецца.

Разрыў паміж словамі і рэальнасцю — даўняя рыса кітайскай палітыкі, але ён узмацняецца па меры таго, як фундаментальныя недахопы кітайскай эканомікі — падзенне насельніцтва, рэзкі рост запазычанасці, пагаршэнне адносін з некаторымі найбуйнейшымі гандлёвымі партнёрамі і падзенне цэнаў на жыллё — становяцца ўсё больш відавочнымі.

Замест адкрытага абмеркавання гэтыя праблемы разглядаюцца ў закрытым рэжыме, а ўсе найбольш важныя рашэнні прымаюцца адным чалавекам — Сі Цзіньпінам. Самі чыноўнікі не рызыкуюць публічна выказвацца па розных пытаннях, як гэта час ад часу практыкавалася да Сі.

Некаторыя з найбольш паказальных момантаў кангрэсу, на погляд аўтара артыкула, былі звязаныя з тым, што засталося недагавораным. У мінулым годзе на прэс-канферэнцыі міністр замежных спраў Кітая Цынь Ган абрынуўся з крытыкай на ЗША і ўмацаваў тым самым сваю рэпутацыю нацыяналіста, які рэалізуе бачанне Сі Цзіньпіна. А праз тры месяцы ён знік.

На прэс-канферэнцыі ў гэтым годзе ў той жа зале ніводзін з рэпарцёраў не адважыўся спытаць у пераемніка Цынь Гана, куды ён знік. Замест гэтага журналісты з краін, якія Пекін лічыць дружалюбнымі, ад Кубы да Танзаніі, задавалі больш бяспечныя пытанні. Журналіст The Wall Street Journal не быў абраны, каб задаць пытанне. 

Чытайце яшчэ:

Экс-кіраўнік МЗС Кітая Цынь Ган памёр з-за катаванняў ці суіцыду ў вайсковым шпіталі Пекіна — Politico

Кітай больш не па зубах ЗША?

Чалы пра нюансы супрацы Беларусі з Кітаем

Клас
5
Панылы сорам
2
Ха-ха
31
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
14

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?