Няўмольны прысуд лёсу — нас усіх у гэтым свеце чакае найвышэйшая мера пакарання. Каго раней, каго пазней — нікога не абміне. І няма найвышэйшай інстанцыі, каб той прысуд абскардзіць, няма да каго звяртацца з апеляцыяй. Закон жыцця і смерці ўсім зразумелы, але нейкая вялікая несправядлівасць ёсць у тым, калі сыходзяць ад нас людзі з творчым агменем у душы, не дапісаўшы чарговую кнігу, не выказаўшы сябе дарэшты. Без папярэджання, не падаўшы знаку на развітанне.

Так летась сышоў у іншасвет Алесь Разанаў. Паэт і мысляр, на якога Беларусі проста пашчасціла. Які неаспрэчна існаваў у беларускай прасторы, але як бы па-за часам, прамаўляючы свае паэтычна-філасофскія маналогі кудысьці ў будучыню, ведучы свае няспешныя размовы, абавязкова пра штосьці істотнае (адно з улюбёных паэтам словаў) з вечнасцю.

Апошнім часам яго можна было сустрэць у Нацыянальнай бібліятэцы, дзе ён збіраў матэрыялы для новай кнігі-даследавання «След самаеда» — пра фіна-вугорскія карані ў беларускай тапаніміцы. Кніга тая абавязкова сталася б яшчэ адным адкрыццём, як і ўсе папярэднія кнігі Алеся Разанава. Ён не любіў хадзіць пратаптанымі сцежкамі, ён па прыродзе сваёй быў наватарам: прадукаваў новыя ідэі, прыдумваў новыя словы, вынаходзіў новыя літаратурныя формы. 

«Я маю права ўсё закрэсліць і потым нанава пачаць», — смела абвясціў сямнаццацігадовы паэт з вёскі Сялец Бярозаўскага раёна. І — пачаў. З кнігі «Назаўжды» з’явіліся на свет нечуваныя раней пункціры, з «Вастрыя стралы» ўпершыню ўзніклі версэты і квантэмы, з кнігі «Паляванне ў райскай даліне» — вершаказы і зномы, з кнігі «І потым нанава пачаць» — злёсы. Разанаўскія тайнапісы нярэдка ўспрымаліся ў штыкі крытыкамі-кансерватарамі. Зборніку «Шлях-360» (1981), каб прабіцца да чытача, спатрэбіліся два ахоўныя панцыры — прадмова Пімена Панчанкі і пасляслоўе Варлена Бечыка. Імпульсіўная паэзія Алеся Разанава рвала ланцугі традыцыі, спараджала дыскусіі ў друку, па ёй наладжваліся публічныя дыспуты. 

Адной з першых зорку Алеся Разанава ў беларускім захмараным небе разгледзела відушчая вачамі і сэрцам Ларыса Геніюш.

Рыхтуючы да выдання кнігу яе перапіскі «Каб вы ведалі» (выйшла ў 2005-м), я ў адным з лістоў неспадзявана напаткаў гэткія словы Ларысы Антонаўны: «Разанаў многаабяцаючы, будзем думаць, што вырасце ў сілу, якая нам цяпер найболей патрэбная». Тут варта ўдакладніць, што на момант напісання ліста (2 студзеня 1966 года) будучы класік надрукаваў усяго чатыры вершы, калі не ўлічваць школьных публікацый у «Піянеры Беларусі». 

Калі я па тэлефоне паведаміў Разанаву пра геніюшаўскі «прагноз», ён захацеў пабачыць кнігу. Мы сустрэліся ў светлай памяці кнігарні «Ў», паэт узважыў на далоні важкі том і тут жа прыдумаў новы жанр: «Гэта наш эпісталярны эпас». Трапна і дакладна. І расказаў, як яны з сябрамі ў памятным 1968 годзе начным цягніком ездзілі да Геніюш у Зэльву. Тая сустрэча запомнілася студэнту Алесю на ўсё жыццё — і гутаркай з Ларысай Антонаўнай, і яе дабраславеннем на змаганне за Беларусь, і непаўторным геніюшаўскім чытаннем вершаў, і надзвычай моцным энергетычным полем паэткі (пра поле тое ён згадаў некалькі разоў).

У той час Ларысе Геніюш дапамагаў ствараць эпісталярны эпас Юрка Голуб, яны па-зямляцку шчыра і цёпла перапісваліся і ў ацэнцы Разанава былі поўнымі аднадумцамі. Зрэшты, Голуб бачыў і чуў яго куды часцей за Геніюш, яны разам вучыліся на філфаку БДУ, супольна выступалі на паэтычных вечарынах. І ў красавіку 1967 года ў голубаўскім студэнцкім дзённіку з’явіўся гэткі запіс: «Вялікі і мудры Разанаў — так заву яго я, а за мной і іншыя. Неўтаймаваны Паганіні… Алесь, я цябе люблю! Лабаціна ты! Ты ўчора казаў, што падрабіўся пад Голуба. Дзівачок! Гэта Голуб пад цябе падрабіўся».

У тым жа 1968-м студэнтаў-паэтаў запрасілі выступіць у Смалявічах. Аднак факультэцкае начальства не пусціла.

І Юрка Голуб эмацыйна занатаваў: «Анекдот! Маўляў, Голуб, Разанаў, Ярац і так сталі «притчей во языцех». Ім нельга давяраць аўдыторыю, каб «крамолу» не неслі. Будзе некалі што ўспомніць!» 

Успомніць сапраўды ёсць што. У 1998 годзе ў складзе невялікай пісьменніцкай брыгады нам з Алесем Сцяпанавічам давялося разам выступаць у Брэсце. Ва ўніверсітэце на сустрэчу з’явілася непрадбачаная колькасць слухачоў — каля пяцісот чалавек, якія не змаглі змясціцца ў самай вялікай аўдыторыі. Пакуль адміністрацыя шукала ключы ад актавай залы, згубіліся мікрафоны, пакуль шукала мікрафоны, прапала электрычнасць… 

Але сустрэча ўрэшце адбылася, і я з цікавасцю назіраў, як паэт-класік сыходзіў з алімпійскіх вышыняў і хітраваў перад студэнтамі, чытаючы свой ранні верш «Арышт Кастуся Каліноўскага»: «Усе ніты ў сувой, / у заклік пагалоскі / з’яднаць — і стаць сабой!.. / Як зваць вас?..» 

Тут аўтар цягнуў ненатуральна доўгую паўзу, нібы забыўшыся, і аўдыторыя не вытрымлівала, выдыхала, як пароль: «Каліноўскі!»

Падчас сустрэчаў у берасцейскіх школах нас суправаджаў чыноўнік з гарвыканкама. Ён раней працаваў дырэктарам школы, таму лічыў сваім абавязкам інструктаваць пісьменнікаў перад кожным выступам. Заклікáў не закранаць перад дзецьмі палітычных пытанняў, не прапагандаваць «отмененной на референдуме» нацыянальнай сімволікі. На пытанне, як быць з балотам Пагоня, якое існуе на Брэстчыне ў Івацэвіцкім раёне паблізу вёскі Бабровічы, чыноўнік не знайшоўся, што адказаць. Але пільнасці сваёй не страціў, у выніку вымушаны быў перажыць некалькі малапрыемных хвілінаў.

Справа ў тым, што з намі ўвесь час ездзіў сябра Згуртавання беларускай шляхты, мілы чалавек Аляксандр Усцінавіч Карызна, які загадваў перасоўнай кнігарняй. За дзень Усцінавіч звычайна прадаваў паўбагажніка нашых кніжак — на сорам занядбанаму айчыннаму кнігагандлю. Пільнае вока чыноўніка-наглядчыка высачыла, што ў перасоўнай кнігарні можна набыць не толькі кнігі, але і нацыянальныя сцяжкі ды значкі. І вось у сваёй былой роднай школе ён даволі агрэсіўна стаў чапляцца да Усцінавіча: «Вы по какому праву незарегистрированными символами торгуете? А ну сворачивайте свой ларёк!» 

Патомны шляхціч паслаў нахабнага незнаёмца падалей, ні на хвіліну не перапыняючы сваёй пачэснай справы. Раззлаваны чыноўнік паспяшаўся ў актавую залу, дзе падлеткі акурат выстраіліся ў чэргі па пісьменніцкія аўтографы, і запатрабаваў, каб вучні неадкладна ішлі на ўрокі. На што тыя дружна адказалі, што ў іх цяпер іншы дырэктар, таму пажадана не перашкаджаць.

Тады чыноўнік запатрабаваў, каб Васіль Сёмуха, Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Артур Вольскі і аўтар гэтых радкоў у аўтографах не пісалі пажаданняў, а толькі распісваліся. «Я даю вам тридцать секунд на автографы», — прагучала строгае папярэджанне. На шчасце, амапаўцаў паблізу не аказалася, і пісьменнікі змаглі дакончыць сваю справу, лішне не спяшаючыся.

Па дарозе ў Менск нас чакала чатырохгадзінная (!) сустрэча ў белаазёрскім Доме культуры, куды сышлося чалавек шэсцьсот.

Людзі, падаслаўшы газеты, сядзелі на прыступках паміж запоўненымі радамі ў вялізнай, як аэрадромны ангар, зале. Белаазёрцы былі гатовыя слухаць беларускую паэзію і прозу бясконца, асабліва з вуснаў свайго земляка Разанава (у зале былі і аматары паэзіі з ягонага недалёкага Сяльца), але гаспадыня вечарыны Ніна Мацяш, перапрасіўшы арганізатараў, запрасіла стомленых калегаў да сябе на вячэру…

Алеся Разанава прыжыццёва называлі геніем. Не ў вочы, вядома, усхваленняў ён не любіў. Называлі ў друку. І, што дзіўна, ніхто не пратэставаў. Веліч Разанава разумелі ўсе. Шкада, што геніям, як і прарокам, часта няма месца ў сваёй айчыне — пачынаючы з 2001 года, паэт почасту і надоўга з’язджаў з Беларусі — у Германію, у Швейцарыю, у Літву. Але заўсёды вяртаўся. Жыццё на ласкавым хлебе (хай сабе і шчодрым) было не для яго. 

У студзені 2006 года падчас чарговага прыезду Разанава з Германіі (і перад ад’ездам у Швейцарыю) мы сустрэліся ў мінскай кавярні «Добрыя мыслі», і я спытаўся, ці істотна для паэта, як далёка ад радзімы стаіць яго рабочы стол? І вось што пачуў у адказ (ён запісваўся на дыктафон). 

«Калі творчасць падступаецца, то вельмі істотна, каб той асяродак, у якім гэта адбываецца, быў сваім. Проста ў чужым асяродку такога не адбудзецца. Муза не будзе ведаць, куды прыйсці. А сталом можа быць і поле, і сцежка — дзе калі што адгукнецца і занатуецца. Прынамсі, свае «Гановерскія пункціры» я пісаў не за сталом, а ў дарозе — на сцежках, на вуліцах, пераходзячы масты, бываючы ў розных сітуацыях. А за сталом толькі перапісваў тое, што на сцежках склалася».

Помню, як затрывожыла мяне (думаю, не толькі мяне) навіна, што Алесь Разанаў, жывучы ў Германіі, пачаў пісаць і па-нямецку. І я пацікавіўся, ці не азначае гэта, што з цягам часу ён будзе ўсё больш прысутны ў нямецкай літаратуры і ўсё менш — у беларускай? Было відно, што маё пытанне (ці яго фармулёўка) паэту не спадабалася, але ён не адмаўчаўся. 

«Ад беларускага слова я, нават пішучы альбо малюючы свае нямецкія «Wortdichte», ніколі не адступаўся. Наадварот, беларускае слова было мне заўсёды асноваю і дапамогаю. Тут дзейнічае такі парадокс: калі ў мову пераможцы ідуць словы з мовы пераможанага, то мова пераможцы ўзбагачаецца. Калі ж наадварот, дык аказваецца, што мова пераможанага бяднее. Я хацеў і, здаецца, гэта зрабіў, што беларуская мова — у стане пераможцы. І тое, што рабіў, пісаў, маляваў нямецкімі словамі, гэта дадатак да таго, што стваралася па-беларуску. Так што беларуская мая творчасць, і не толькі мая, яна пабагацее яшчэ і на нямецкі ўнёсак. Не пабяднее, а пабагацее».

Асобна варта сказаць пра пераклады і перастварэнні Алеся Разанава, які самастойна вывучыў некалькі замежных моваў. Дзякуючы яму, з’явамі беларускай культуры сталі камедыі Шэкспіра, «Гітанджалі» Рабіндраната Тагора, творы сербскіх, грузінскіх, літоўскіх паэтаў. А перакладаў Разанаў своеасабліва, выступаючы хутчэй сутворцам, чым рэтранслятарам. Скажам, працуючы над знакамітымі «Баладамі Кукуціса» Марцэліюса Марцінайціса, Разанаў так увайшоў у вобраз кульгавага, з драўлянаю нагою, героя жэмайцкага фальклору, што сам ад яго імя напісаў сем баладаў і змясціў іх сярод твораў Марцінайціса!

Помню, як мяне ўразілі старабеларускія тэксты, пераствораныя і асучасненыя Разанавым.

Здавалася б, што цікавага сённяшні чытач можа знайсці ў велягурыстых прадмовах-трэнасах-паэмах Кірылы Тураўскага, Мялеція Сматрыцкага, Кірылы Транквіліёна-Стаўравецкага ды Сымона Буднага? Аказалася, і старасвецкае можа стаць зноў актуальным, калі да яго дакранецца рука майстра. Разанаў дакрануўся і — зацярушаныя пылам стагоддзяў творы ажылі. 

«Узноўленыя тэксты доўга ляжалі ў шуфлядзе, — тлумачыў паэт. — Я проста чакаў — што будзе? Гаварылі творцы, гаварылі палітыкі, гаварылі культуролагі, усе гаварылі, а гэтыя творы маўчалі. Яны чакалі сваёй часіны. Як запасная дружына. А ведаеце, які цяпер час? Час своеасаблівай бітвы, і наша запасная дружына мусіць сёння ўваходзіць у дзеянне і таксама ўдзельнічаць у ёй. Гэтыя тэксты гавораць нешта тое, чаго нават мы не здольныя сказаць».

Як і кожны вялікі паэт, Разанаў — яшчэ і творца мовы. Чытаючы яго тэксты, часам бачыш, як дзесьці паэту не хапіла дакладнага слова, і яно тут жа ўзнікла-прыдумалася. Некалі чэхі захацелі ачысціць сваю мову ад празмернай замежнай лексікі і замест «тэатра» прыдумалі «дзівадла», а замест «журналіста» — «навінар». І я спытаўся, ці не пара і нам правесці падобную моўную рэвізію?

Алесь Сцяпанавіч трохі падумаў і адказаў: «Рабіць гэта трэба асцярожна. Часам сапраўды ўзнікае сітуацыя, калі слова не хоча класціся ў радок, і трэба вынаходзіць новае. Але цяпер не самы спрыяльны час займацца словатворчасцю. На гэтым варта будзе акцэнтаваць увагу тады, калі наш дом будзе стаяць трывала. Самае славутае слова, якое я вынайшаў, — заўзятар, яно ўвайшло ў мову, прышчапілася. Ну, ёсць і іншыя, менш знакамітыя, скажам так, тварасловы. І ёсць такія тварасловы, якія з’яўляюцца своеасаблівымі творамі, а не словамі для ўжытку шырокага. Але, паўтаруся, з гэтым не будзем спяшацца, хай яно натуральна адбываецца».

Не абмінулі мы і тэмы форматворчасці, дзе Разанаў, як ужо гаварылася, таксама ішоў па цаліку. Кароткія паэтычныя формы прыйшлі да нас з Усходу, са старажытнай Японіі, з Кітая.

Тут можна згадаць хоку — трохрадкоўі, ці танку — пяцірадкоўі, на якіх базуецца сярэднявечная ўсходняя паэзія. І ў Беларусь прыйшла пэўная мода на пазычаныя формы, у нас з’явіліся свае хокуісты, танкісты і басёкі (прыхільнікі Басё). Я пацікавіўся, ці не паўплывалі ўсходнія паэты на Разанава? Тым больш ён у свой час перакладаў таго ж Басё.

«Перакладаў, але параўнальна нядаўна, — запярэчыў паэт. — Мае ж пункціры ўзнікалі не ад знаёмства з японскімі хоку, з персідскімі бейтамі ці з індыйскімі гатхамі. Так, я быў знаёмы з гэтымі формамі ўсходняй паэзіі. Але пункціры з імі не супадалі, яны ўваходзілі з імі ў дыялог, прасілі, каб я дапамог ім знайсці іхняе непаўторнае месца. Можна, вядома, знаходзіць нейкія перагукі пункціраў са згаданымі ўсходнімі формамі, але гэта толькі перагукі. Пункціры — асобная і адметная з’ява як у маёй творчасці, гэтак, магчыма, і трошкі шырэй».

Сын расійскага геолага з Тамбоўшчыны, які перад Другой сусветнай вайной апынуўся ў Беларусі з геадэзічнай экспедыцыяй, Алесь Разанаў стаў адным з самых пранізлівых і метафізічных беларускіх паэтаў. Беларуская мова сілкавала яго, стала для яго тым бяздонным акіянам, дзе яму вольна плавалася. Глыбока і шырока, як плаваюць у акіянскай прасторы сінія кіты.

Разанава многа перакладалі за мяжой. Пэўна, яго філасафічная паэзія была аднолькава зразумелай і для еўрапейца, і для азіята, і для афрыканца. Як, напрыклад, вось гэты зном, які гучыць проста і пераканальна, як тастамент: «Кожны народ мае / хаця б адзін геніяльны твор, / і гэты твор — / мова». 

Але найперш сваю творчасць — свой духоўны тастамент — паэт прызначаў для нас, сваіх суайчыннікаў. І ў наш смутны ірадаў час, калі ворагі беларушчыны робяць усё, каб знішчыць душу нацыі — нацыянальную культуру, мы не абрынемся ў духоўнае жабрацтва і нэндзу, а нават пабагацеем, калі будзем вартымі спадкаемцамі сваіх геніяў. 

У тым ліку той спадчыны, якую пакінуў нам Алесь Разанаў.

Клас
16
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
2