Незвычайная гісторыя радзівілаўскіх палескіх спаніэляў 4

Аўтар: Алесь Белы

У Беларусі столькі разбураных і забытых старых сядзіб, што немагчыма іх усе аплакаць. Але колішнія радзівілаўскія Манькавічы ў сучасным Столінскім раёне — гэта, безумоўна, адна са страчаных пярлінаў, піша Алесь Белы.

Праіснавала сядзіба ў Манькавічах усяго некалькі дзесяцігоддзяў і не перажыла ліхалецця канца 1930-х — 1940-х. Але ў час росквіту тут віравала жыццё. Вялізарная Давыд-Гарадоцкая ардынацыя Радзівілаў да рэвалюцыі 1917-га мела плошчу 250 тысяч гектараў. Пасля Рыжскай дамовы 1921-га ў межах міжваеннай Польшчы засталося «ўсяго толькі» 155 тысяч — але і гэта каласальная тэрыторыя, прыкладна як сярэдні сучасны беларускі раён. І з іх усяго 1% — 1600 га — ворнай зямлі. Астатняе — лясы, лугі і бяскрайнія балоты. Фантастычная паляўнічая рэзідэнцыя і вялікі прыватны «лясгас», які ўласна і фінансаваў яе існаванне за кошт продажу лесу.

Міжваенны уладальнік латыфундыі князь Караль Мікалай Радзівіл (1886-1968), тварам і паставай даволі падобны да свайго цёзкі і продка Караля Станіслава Радзівіла «Пане Каханку», і ягоная жонка (і кузіна) Ізабэла Ружа Радзівіл (1888-1968) жылі тут на шырокую нагу.

Тутэйшы палац раскошай не саступаў Нясвіжскаму — і сваёй архітэктурай шмат у чым яго нагадваў, бо і будаваўся на загад княгіні Марыі Даратэі дэ Кастэлян (жонкі Антонія Радзівіла), вядомай акурат рэнавацыяй Нясвіжа.

Выгляд палаца ў Манькавічах у 1935 г. Фота Wikimedia Commons

Ладзіліся тут славутыя на ўвесь край паляванні і балі, на якіх збіраліся «вяршкі» тагачаснага грамадства. На ўсю Еўропу былі вядомыя эксклюзіўныя паляванні «ў 12 стрэльбаў», якія працягваліся некалькі дзён і прыносілі кожнаму ўдзельніку шматлікія трафеі.

 

Шлюбнае фота Ізабэлы Ружы і Караля Мікалая Радзівілаў, 1910 г. Фота Wikimedia Commons

Тагачасныя Радзівілы жаніліся пераважна з кузінамі і кузінкамі, каб не выпускаць латыфундыі з сямейных рук. І можа быць, увайшлі б у гісторыю як чарговы прыклад чыста радзівілаўскіх спажывецтва і марнатраўства. Але ўсё-ткі, хоць і забаўляліся ды раскашавалі, пакінулі па сабе нешта значнае і патрэбнае ўсім.

Караль Мікалай Радзівіл на паляванні ў Манькавічах. Фота Wikimedia Commons

Караль Радзівіл прыклаў вялікія намаганні, каб захаваць амаль знішчаныя папуляцыі глушца і лася, якія на той момант былі вялікай рэдкасцю ў маштабе ўсёй Рэчы Паспалітай. А ягоная жонка была вядомая як палымяная аматарка паляўнічых сабак, асабліва спаніэляў.

Вось пра спаніэляў хачу пагаварыць гэтым разам, бо пра Манькавічы, відаць, можна было б напісаць не адну кнігу, як шмат напісана іх пра Нясвіж.

Спаніэлі — гэта група парод паляўнічых сабак іспанскага паходжання (як бачна з самой назвы), якія спецыялізаваліся на здабычы пярнатай дзічыны з густых зараснікаў.

Існуе шмат асобных парод, напрыклад, амерыканскі і англійскі кокер-спаніэлі, французскі спаніэль, нямецкі лангхаар, брэтонскі эпаньёль і г.д. Адныя з іх больш спецыялізуюцца на наземнай дзічыне, іншыя — на вадаплаўнай. У дарэвалюцыйны і міжваенны час гэтыя сабакі ў нас былі вельмі рэдкія і дарагія. А вось манькавіцкія Радзівілы іх палюбілі і разводзілі. Можа быць, нават не вельмі прафесійна, бо не пільнаваліся асобных парод.

На пачатку 1930-х княгіня Ізабэла прывезла ў маёнтак выдатнага сабаку-«вытворцу» з пароды спрынгер-спаніэляў, чэмпіёна Англіі 1930 года па мянушцы Rolick of Harting.

У заводскага сабакі, як у прадстаўніка сапраўднай шляхты, імя складаецца з асабістай мянушкі і назвы «маёнтка», дзе ён нарадзіўся, або «прыдомка». Заезны англійскі арыстакрат, сэр Ролік пакрыў некалькі сук як з псярні самой княгіні, так і з суседскіх маёнткаў.

Спаніэль палескай лініі. Фота Psy.pl

Шматлікае патомства гадавалася не ў саміх Манькавічах, а ў размешчанай над ракой Льва леснічоўцы «Галава». Выпраўляючы прадстаўнікоў гэтага слаўнага роду ў свет, княгіня давала ім прыдомак «з Львы». Але зусім хутка грымнуў 1939 год, спачатку 1 верасня, а потым і 17-га.

Радзівілам, якія разумелі, што ім нясуць саветы, давялося ўцякаць. Спачатку ў Францыю, потым у Англію, а па заканчэнні вайны — ў Паўднёвую Афрыку. Толькі ў 1968-м яны вярнуліся ў Варшаву і памерлі адзін за адным цягам таго ж года. Вывезці з сабой сабак у верасні 1939-га не было ніякай магчымасці. Іх раздалі найбольш давераным служачым ардынацыі. А самага каштоўнага нават адмыслова прадалі за 50 злотых. Не таму што на такой суме славутым магнатам нешта залежала. Але каб людзі не занядбалі маёмасць, атрыманую задарма. 

Нягледзячы на ўсе сацыяльныя катаклізмы на працягу наступных 50 гадоў — сусветную вайну, сталінскія рэпрэсіі, калектывізацыю, гадоўля мясцовых спаніэляў, як ні дзіўна, не спынілася. Хаця і без вядзення радаводных кніг.

Спаніэль. Фота: Psy.pl

Палешукі паціху працягвалі паляваць, чыста ў гаспадарчых мэтах, пазбягаючы інспектараў і егераў, а свецкай хронікі ў СССР і так не было, нават калі б яны хацелі славы. Аднак глухія чуткі пра існаванне ў палескай глушы над Гарынню папуляцыі нашчадкаў некалі славутых радзівілаўскіх спаніэляў у часы «перабудовы і галоснасці» дайшлі да паляка Анджэя Крывіньскага, інжынера па прафесіі, а па прызванні — палымянага паляўнічага і кінолага. Ён меў сваю прыватную сабакарню, гадаванцы якой насілі горды прыдомак «З Шырокага Бору».

На пачатку «ліхіх 90-х» ён зладзіў экспедыцыю на Століншчыну і вывез адтуль суку па мянушцы Пестка, ад якой і пачалася гісторыя новай пароды — «польскіх спаніэляў». Вядома, набыць зыходны матэрыял можна было і ў найлепшых заходніх псярнях, з усімі належнымі дакументамі. Але Крывіньскага вабіла спакуслівая мэта — працягнуць менавіта род радзівілаўскіх спаніэляў, і зрабіць іх нацыянальным здабыткам для ўсёй Польшчы.

І гэта яму ўдалося. Праўда, польскія спаніэлі дагэтуль не прызнаныя асобнай пародай Міжнароднай кіналагагічнай федэрацыяй (FCI). Але ў межах Польшчы яны з 2016 года маюць афіцыйны статус пароды, з якой удзельнічаюць у выставах і атрымліваюць пашпарты.

Анджэй Крывіньскі
Тыповы польскі спаніэль. Фота: psy.pl

Крыўдна, што ўся гэтая гісторыя зусім невядомая ў Беларусі. Як і многія іншыя гучныя гісторыі, звязаныя з Манькавічамі. Хоць беларуская парода спаніэляў, якая ідзе ад Радзівілаў, магла б скласці гонар краіне.

Пакуль жа ў Беларусі цешыцца прызнаннем і папулярнасцю парода «рускіх спаніэляў», якая таксама, як і польская, не мае афіцыйна прызнанага міжнароднага статусу FCI. Яна нават трапіла на паштовую марку Беларусі 2010 года.

Парода «Рускі спаніэль» таксама створаная на аснове мясцовай селектыўнай працы з многімі асобнымі пародамі. А шырока вядомымі гэтыя сабакі сталі дзякуючы творчасці савецкіх пісьменнікаў-натуралістаў, такіх як Міхаіл Прышвін і Віталь Біянкі, якія былі вялікімі фанатамі гэтай пароды.

Вялікай папулярнасцю па ўсім СССР карысталася дзіцячая кніга «Томка» пісьменніка і мастака Яўгена Чарушына пра шчаня спаніэля. Мне не хочацца сказаць нічога кепскага ані пра гэтых асобаў, ані пра іх сабак. Але крыўдна за Манькавічы, за аднятую ў палешукоў і ў краіны ў цэлым славу і гонар. Можа быць, хтосьці з беларускіх пісьменнікаў некалі напіша выдатную кнігу і пра спаніэля з Манькавічаў?

Спаніэлі манькавіцкай лініі, як правіла, маюць «шакаладную» афарбоўку, радзей чорную плямістую, і «бронзавага» колеру нос. Гэта вельмі разумныя, рухавыя, працавітыя, трывалыя ў паляванні аж да зацятасці сабакі. Яны вельмі прывязваюцца да гаспадара і патрабуюць шмат увагі, бо ўвесь час шукаюць сабе заняткаў і практыкаванняў, як фізічных, так і разумовых. 

Калі нехта ў Беларусі разводзіць палескіх спаніэляў або вядзе непарыўную мясцовую лінію ад даваенных радзівілаўскіх сабак на Століншчыне ці ведае больш пра гісторыю іх 50-гадовага выжывання пад Саветамі і абставіны трапляння да Анджэя Крывіньскага на пачатку 1990-х, калі ласка, звяжыцеся з аўтарам або з рэдакцыяй для дапаўнення гэтага артыкула. Пішыце або асабіста тым аўтарам «Нашай Нівы», якіх ведаеце, або рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ, на [email protected] ці [email protected].

Клас
53
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
5
Сумна
5
Абуральна
7

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?