Знайсці
11.02.2023 / 14:3523РусŁacБел

«Да таго, чым займаўся ў мірным жыцці, у мяне цяпер антыпатыя». Баец палка Каліноўскага расказаў, што адбываецца ў Бахмуце і апісаў тактыку расійскага войска

Малыя групы вагнераўцаў-смяротнікаў выяўляюць украінскія агнявыя пазіцыі, гінуць, а за імі ідуць ужо расійскія вайскоўцы-прафесіяналы, расказаў «Нашай Ніве» баец батальёна «Волат» з пазыўным «Марк». Але асаблівасці рэльефу вакол Бахмута ператварылі горад у непрыступную крэпасць, на якой расійская армія стачыла зубы. А беларускія добраахвотнікі атрымалі каласальны баявы досвед.

Фота: асабісты архіў «Марка»

Ваяр батальёна «Волат» з пазыўным «Марк» вярнуўся з Бахмута ў Кіеў на некалькі дзён, каб адрамантаваць аўтамабіль. У адным з самых гарачых пунктаў украінскага фронту мужчына ваяваў са снежня. «Для мяне за гэтыя два месяцы прайшло цэлае жыццё». «Марк» расказаў «Нашай Ніве», што цяпер адбываецца ў Бахмуце і ў якіх умовах жывуць там ваяры. А таксама апісаў тактыку расійскага войска.

«Схуднеў, пазграбнеў, стаў павярхоўна спаць»

Перад інтэрв’ю «Марк» наведваў у бальніцы параненых пабрацімаў. 

«З імі ўсё добра, галоўнае, што яны жывыя», — кажа ён. 

Мужчына на вайне ўжо дзесяць месяцаў. Апошнія два месяцы, як і ўвесь батальён «Волат», — у Бахмуце.

«Для мяне за снежань і студзень у Бахмуце прайшло цэлае жыццё. Схуднеў, пазграбнеў, стаў павярхоўна спаць — чую свіст снарадаў. Адчуваю ў цэлым сябе нармальна. Скончыцца рамонт аўтамабіля, і гатовы адразу вяртацца. 

Павязу пасылкі для байцоў, аптэчкі і турнікеты, якія перадалі валанцёры, цёплыя рэчы, абутак. Звычайна загружаем машыну па столь. У нас вялікія складскія магчымасці, таму ніводзін аўтамабіль пустым не вяртаецца», — кажа ён.

«Выяўляюць нашы агнявыя пункты і валяць іх «мясам» 

«Марк» расказвае, што расійскія салдаты ваююць тактыкай прамацвання малымі групамі. 

«Спачатку выяўляюць нашы агнявыя пункты, потым імкнуцца заваліць іх «мясам» — адпраўляюць салдат, яны гінуць, ідуць наступныя. Гэтыя даходзяць да нейкай мяжы, прыносяць нешта з цяжкага ўзбраення. І адтуль пачынаюць ужо накрываць нашы пазіцыі. Так па сантыметры, па сантыметры яны ціснуць, але нясуць каласальныя страты.

У кнігах пра Другую сусветную вайну было апісанне, што каля нямецкіх акопаў было немагчыма нешта ўбачыць з-за вялізнай колькасці цел. Цяпер такая сітуацыя ў Бахмуце. Напэўна, расійскае камандаванне сваіх салдат за людзей не лічыць», — апісвае мужчына. 

За малымі групамі звычайна ідуць прафесійна навучаныя салдаты. «Яны зараджаныя мацней, могуць ужо штурмаваць нашы пазіцыі, — тлумачыць «Марк». — Атрымліваецца, што малыя групы коштам свайго жыцця выяўляюць нас, а тыя ўжо штурмуюць.

Камандаванне Украіны цэніць чалавечыя жыцці, таму мы нясём нашмат меншыя страты, чым рускія. І абараняцца заўсёды нашмат лягчэй, чым наступаць».

«Марк» мяркуе, што ў малых групах звычайна ідуць мабілізаваныя альбо вагнераўцы. «Дакладна не ведаю, у трупа ж не спытаеш, — кажа ён. — Экіпіроўка ў іх вельмі простая. У кожнага адзін аўтамат, адна граната і чатыры магазіны, дрэннай якасці браня, шлемы і абутак. Тыя, якія ідуць наступныя, ужо па экіпіроўцы бачна, што больш сур'ёзныя».

Фота: полк Каліноўскага

«Бахмут стаў магілай для вагнераўцаў»

Батальён «Волат» цяпер працуе ў асноўным цяжкай артылерыяй. 

«Да пазіцый ворага не даходзім, але падтрымліваем пяхоту Узброеных сіл Украіны. Знаходзімся на адлегласці ад саміх месцаў баявых дзеянняў, накрываем агнём.

У Бахмуце пакуль прастрэльваецца толькі адна дарога. Сам горад не ў атачэнні. Хутчэй, у паўколе, недзе на 240 градусаў. Там яшчэ выдатна можна паваяваць», — расказвае «Марк». 

Абарона Бахмута пачалася ў жніўні 2022-га. Мужчына тлумачыць, што так доўга гэты горад застаецца бастыёнам украінскага фронту таму, што ён акружаны вышынямі і ўзгоркамі. Гэта перашкаджае прасоўванню ворага.

«Гэта ідэальнае месца, дзе можна перамолваць кулак, які рускія сабралі для наступу. Я для сябе прыкладныя раблю падлікі, думаю, што там каля сарака тысяч вагнераўцаў ляжыць па палях. 

Вось так невялікае мястэчка з такім рэльефам стала магілай для досыць моцнай групоўкі, якая павінна была ісці ў наступ. Пакуль яны спрабавалі яго ўзяць, вельмі шмат перамалолася іх людзей», — кажа «Марк».

Чытайце таксама: «Непрыступная крэпасць». Генерал УСУ патлумачыў, чаму расіяне не могуць захапіць Бахмут

Ëн высока ацэньвае стратэгічнае бачанне ўкраінскага камандавання.

«Мне вельмі падабаецца, як ваюе ўкраінскае войска. Тут разумныя камандзіры. Яны не хочуць завальваць горад трупамі для таго, каб у яго проста зайсці. Для іх чалавечае жыццё каштоўнае», — разважае ён.

«Марк» быў адным з байцоў, які бачыўся з Зянонам Пазняком падчас яго візіту ў Бахмут. Сустрэчу з палітыкам ён апісвае коратка.

«Мая задача была даставіць яго і максімальна засцерагчы. З павагай стаўлюся да Зянона Станіслававіча. Ён прыехаў і падтрымаў нас, доўга размаўлялі пра станаўленне нацыі і наш унёсак у вызваленне Украіны і Беларусі», — расказвае ён. 

«Марк» з Зянонам Пазняком. Фота: асабісты архіў

«Жывём у падвалах»

Бахмут цяпер — горад без вады, ацяплення, каналізацыі і электрычнасці. Мясцовыя жыхары прабіваюць у сценах дамоў дзіркі, каб такім чынам выводзіць печкі-буржуйкі.

«З вокнаў і сцен дзевяціпавярховікаў тырчаць трубы, ідзе дым. Людзі рэжуць дрэвы ў дварах, носяць дровы. Зразумела, што гэта жахлівыя ўмовы. Не разумею, чаму яны адтуль не хочуць з'ехаць, нягледзячы на тое, што працуе маса валанцёраў, якія перавозяць у бяспечнае месца, рассяляюць. Там ужо людзі атрымліваюць бясплатнае харчаванне, жыллё.

Некаторыя кажуць: застаюся, бо тут мая кватэра. А там паловы дома можа не быць. Напрыклад, першы пад'езд знесла ракетай, застаўся другі. Пытаемся, за што чапляюцца? За разваліны? 

Ваду сабе мы прывозім, электрычнасць даюць генератары. Грэемся з дапамогай газавых абагравальнікаў ці печак-буржуек. Зразумела, што ні ў адным будынку мы не можам жыць, могуць быць прылёты. Займаем толькі моцныя падвалы», — расказвае ён. 

У першы дзень па вяртанні ў Кіеў мужчына доўга стаяў пад гарачым душам. 

«Карыстаўся дабротамі цывілізацыі, — кажа ён. — У псіхалагічным плане для мяне нічога не мяняецца. Зменіцца, калі мы скончым гэтую вайну. Я прыехаў ваяваць, і буду гэта рабіць да канца.

Наша мэта — вызваліць Украіну і Беларусь. Да гэтага моманту я не планую ні расслабляцца, ні браць адпачынкі. Дзесяць месяцаў працаваў і буду працягваць». 

«Вы не былі на нашым месцы, каб мець права асуджаць» 

Калі ў ваяроў шмат баявых задач, могуць не спаць суткі. Але звычайна яны дзяжураць: тры гадзіны спяць, тры — на нагах. 

«Вайна ніколі не сніцца. Ёсць адчуванне, што я проста выключаюся і ўключаюся. А калі вяртаешся з задачы, заўсёды шмат спраў: напрыклад, трэба паехаць загрузіцца боекамплектам», — тлумачыць ён. 

«Марк» успамінае, што на першым баявым заданні торгаўся ад кожнага ўзрыву і стрэлу. Цяпер мужчына спакойна гэта пераносіць і разумее, «калі ляціць па ім, а калі не». 

«Трэба думаць у першую чаргу пра тое, ці дастаткова ты на сёння зрабіў для таго, каб гэта хутчэй скончылася. Безумоўна, я прывык да таго, што кожны дзень можа быць апошнім, таму і трэба думаць, ці выканаў ты максімум на гэты дзень», — разважае ён. 

На пытанне, як псіхалагічна захоўваць сябе на вайне, «Марк» адказвае, што ён не ведае. 

«Вельмі часта згадваю, чым я займаўся ў мірным жыцці (у Беларусі ў «Марка» быў свой аўтасэрвіс. — НН.), і разумею, што ў мяне да гэтага цяпер антыпатыя, — дзеліцца «Марк». —

Я жыву тым, што гэтая вайна мусіць скончыцца. Маё жыццё падзялілася на да вайны і будзе пасля яе. У гэтым прамежку мы ўсе павінны забыцца пра свае слабасці. Трэба аб'яднацца і перамагчы. 

Для вызвалення Беларусі нам патрэбная падтрымка людзей, якія знаходзяцца ўнутры краіны, а не абмеркаванне недахопаў. Вы не былі на нашым месцы, каб мець права асуджаць.

Лічу, што ўсе людзі, якія хочуць перамен, павінны аб'яднацца вакол палка, таму што ён сёння рэальная сіла, байцы, якія крывёй і потам даказваюць, што яны могуць вызваліць краіну». 

Чытайце таксама:

Фотафакт: Зянон Пазняк сустрэўся з тройчы параненым на фронце Дзянісам Урбановічам

Анархіст з Палка Каліноўскага — пра напружаныя адносіны з сям'ёй і як тры кантузіі змянілі яго свядомасць

«Ракета, якой можна збіваць дроны, даражэйшая за сам беспілотнік». Аэраразведчык Палка Каліноўскага расказаў, як яны выяўляць месцы дыслакацыі ворага

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
11.02.2023
Максим Дизайнер, да они клоуны! Не более.. хороший пиар . Поступает бабло - можна ваявать)) особо отмороженные -,найдут свой смысл жизни
1
дочка Максима Дизайнера/адказаць/
11.02.2023
э-э
он мой 
я первая
сглазила его
1
Максим Дизайнер/адказаць/
12.02.2023
Люцыян

В каком месте?Я даже желаю автору беречь себя. Но воин воину рознь. Каждый день под Бахмутом гибнут сотни украинцев. А у кого-то есть время со Станиславовичем в Киеве фотографироваться. А на бабки так мне вообще пофиг. Но если бы там было по 500, а не по 3500 на передовой, половину ВСУ разбежалось бы по Европе, и правильно сделали бы.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
26272829