Знайсці
06.02.2023 / 15:289РусŁacБел

Адзін з лукашысцкіх каналаў абурыўся тым, што іншыя адмаўляюць існаванне беларусаў як нацыі

У праўладным сегменце Telegram назіраецца «дзіўны феномен павярхоўнага і выбарчага ўспрымання», а некаторыя «персанажы» прасоўваюць «антыдзяржаўны парадак», адмаўляючы дзяржаўнасць Беларусі і беларускай мовы. Пра гэта напісаў адзін з лукашэнкаўскіх каналаў.

Сустрэча расійскіх «патрыётаў» у Беларусі. Фота: avtoprobegi_zaedinuybelarus / Telegram

«Самыя «чырвоныя кхмеры» старанна вышукваюць лайкі 2019 года ў Instagram і лічаць гэта падставай патрабаваць крыві, не саромеючыся рамкамі закона ў сваіх выразах і абвінавачаннях. І зусім жа напляваць, што чалавек робіць і рабіў карыснага для краіны проста цяпер», — піша канал «Кібер граф Віленскій».

Аўтар саркастычна заўважае, што «паміж вельмі важнымі і гучнымі выкрыццямі забытых лайкаў, некаторыя персанажы прасоўваюць усяго толькі антыдзяржаўны парадак».

Ён піша, што ідэі, якія прасоўваюцца пад прыкрыццём заўзятай патрыятычнасці, «крыху больш, чым цалкам, пра адсутнасць беларускай дзяржаўнасці, мовы, гісторыі, ідэалогіі і нават народа як такога».

Аўтар не называе імёнаў «патрыётаў», але піша, што яны «агітавалі ў мінулым годзе супраць рэферэндуму, Канстытуцыі, Дня народнага адзінства, беларускай мовы, а цяпер супраць кіраўніцтва Брэсцкай крэпасці і нават музея Вялікай Айчыннай вайны», а таксама распальваюць скандалы і хайпуюць не толькі на поп-культурных, але і на палітычных тэмах, «якія нібыта ўжо ўстаяліся».

«Ніякай аб’ектыўнасцю там і не пахне. Усе совы нацягнутыя на глобус згодна з жаданым вынікам. Эклектычнасць метадаў прама карэлюе з эклектычнасцю ўспрымання некаторай часткі аўдыторыі, якая аддае перавагу таму, каб гэтага не заўважаць», — з’едліва піша аўтар.

Ён звяртае ўвагу на тое, што такая прапаганда можа адбіцца на маладых беларусах.

«Новая, маладая і нейтральная аўдыторыя больш патрабавальная. І калі яна наткнецца на «праўладных» каналах на кантэнт аб неіснаванні Беларусі, дзяржаўнасці ці мовы, на цемрашальства, нянавісць, прававы нігілізм, неадэкватнасць, шарыкаўшчыну, рэакцыянерства і цкаванне — не цяжка прадказаць, якія высновы будуць зробленыя. І якія праблемы гэта можа абяцаць у будучыні», — піша ён.

Пасля 2020 года ўлады распачалі масавыя рэпрэсіі. Адначасова пачалася кампанія ўзмоцненай русіфікацыі: шматлікія кнігі па гісторыі Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі, вокліч «Жыве Беларусь» быў забаронены, нават краязнаўчыя суполкі і беларуская лацінка апынуліся пад ударам

Канал «Кібер граф Віленскій» трымаецца ў рэчышчы агульнага лукашэнкаўскага курсу, але лічыць рэпрэсіі празмернымі і перыядычна звяртае ўвагу на тое, што грамадства не ўспрымае ідэалогіі расійскага шавінізму, якая стала мэйнстрымам дзяржаўнай прапаганды і каналаў, звязаных з Міністэрствам унутраных спраў. Раней з аналагічнай крытыкай «інфаказачкі Бондаравай» выступіў шэраг журналістаў дзяржаўных СМІ і кіраўніца «Белай Русі» ў Гродзенскай вобласці.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
11
Панылы сорам
13
Ха-ха
55
Ого
14
Сумна
0
Абуральна
8
1
Вольга/адказаць/
06.02.2023
Занадта позна, драздуны. Альбо з намі - альбо ў обшчэрускі гулаг.
1
Антон/адказаць/
06.02.2023
Так Владимир Владимирович же говорит что нет ни украинцев, ни Беларусов, а есть русские люди.
2
Скукотищааа/адказаць/
07.02.2023
[Рэд. выдалена]
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930