Знайсці
05.02.2023 / 10:451РусŁacБел

Найлепшыя — светлыя і смаляністыя. Як і навошта збіраюць ураджай з яловых плантацый

Усю зіму кожную раніцу ў гадавальніку Смаргонскага доследнага лясгаса на плантацыі элітных ялін нарыхтоўваюць шышкі. Праца карпатлівая: кожную здымаюць з дрэва ўручную, расказвае тэлеканал АНТ. Такім чынам нарыхтоўваецца сыравіна для наступных пасадак новага лесу. Але яе яшчэ трэба добра апрацаваць.

«Калючыя» плантацыі ў Смаргоні адны з найбуйнейшых у краіне — больш за 40 га. Тут гадуюць толькі элітную елку, яе насенне — аснова будучых лясоў. Праўда, гэтым разам ураджай атрымаўся невялікі — усяго 5 тон.

Елка — дрэва капрызнае, шмат пладаносіць толькі раз на тры гады, а то і радзей. А вось надвор'е для такой уборачнай цяпер самае прыдатнае — чым ніжэйшая тэмпература, тым прасцей.

Аляксей Грышкевіч, начальнік базіснага лесагадавальніка Смаргонскага доследнага лясгаса, гаворыць: «Збіраць трэба абавязкова з лістапада па люты, чым раней, тым лепш. Бо калі пазней мы будзем іх збіраць, то шышкі могуць раскрыцца, насенне высыпацца, і ў выніку мы атрымаем меншы выхад насення з гэтых шышак».

Сабраныя шышкі адразу ж адпраўляюць на сартаванне. І тут таксама робіцца ўсё выключна рукамі. Каманда супрацоўніц спрытна адкідае пашкоджаныя, у мяхі на перапрацоўку трапляюць толькі найлепшыя экзэмпляры.

Найлепшыя — тыя, якія роўныя, светлыя, карычневыя, смаляністыя.

Шышкі з усёй Гродзенскай вобласці звозяць у Шчучынскі лясгас. Тут іх перапрацоўваюць і захоўваюць — за сезон да 70 тон. На прадпрыемстве пастаўлена сучаснае абсталяванне, усе працэсы аўтаматызаваныя. 

Ператварэнне шышак у насенне — працэс няхуткі, займае да 3-х сутак. За гэты час — пяць стадый апрацоўкі.

Найважнейшая — сушка. Спецыяльная шафа — сэрца цэха. Яна змяшчае да 600 кг шышак. Сушацца шышкі 48 гадзін пры тэмпературы + 50° C, вільготнасць не павінна перавышаць больш за 15%.

Сушка — самы адказны этап, таму што калі шышка не раскрыецца, то будзе менш насення.

Ужо з сухой сыравіны вытрасаюць насенне. Яго адпраўляюць у велізарную цэнтрыфугу, дзе пад ціскам паветра і вады аддзяляюць непатрэбныя прыдаткі. З тоны атрымліваецца ўсяго 10 — максімум 14 кг насення.

Але не кожнае насенне здольнае ўзысці. Выбракаваныя пустышкі застаюцца ў апараце, а цяжкае налітае насенне трапляе ў кантэйнер. Затым яго правяраюць у лабараторыі. За насеннем назіраюць 14 дзён, потым лічаць, выводзяць працэнт усходжасці. А адтуль яно ідзе ў вялікі халадзільнік — на доўгае захоўванне.

Пры тэмпературы каля -2°C насенне ляжыць пяць гадоў, крыху ніжэйшай — і дзесяць. У любы момант скрынкі можна дастаць і адправіць, каб сеяць лес.

Кажуць, што насенне не залежваецца, дрэў садзяць багата і ў нас, а ўвогуле нашы елкі і сосны растуць ужо і ў Расіі, і нават у Швецыі.

Якім будзе беларускі лес у найбліжэйшыя дзесяцігоддзі, прагназаваць тут усё ж не бяруцца: клімат мяняецца. Частыя засухі выцясняюць елку, якая любіць вільгаць і прахалоду, у паўночныя рэгіёны. Таму больш у нашых лясах будуць расці сосны. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
шышка/адказаць/
05.02.2023
пэўна "больш у нашых лясах будуць расці сосны" не толькі, а можа і не столькі праз клімат
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031