Знайсці
02.02.2023 / 21:1313РусŁacБел

«Я рыхтуюся стаць мільянеркай». Спявачка Руся расказала пра свой стартап і пра тое, колькі зарабляе

Вакалістка гурта Shuma, голас Чыгуначнага вакзала Мінска, трэнерка і стартаперка Руся Шукюрава ў інтэрв'ю каналу «Максімальна» распавяла, як прапампаваць свой брэнд, як прыцягнуць фінансавую ўдачу, як яна сама стала ўладальніцай стартапа і колькі ёй цяпер патрэбна на жыццё. 

Скрын відэа

Як сакрэтная праца стала стартапам

Руся распавядае, што апошнія 15 гадоў яна займаецца тым, што працуе як прыватны трэнер голасу. Але так як асноўнымі яе кліентамі спачатку былі апазіцыйныя палітыкі, то яна не магла гэта «моцна выводзіць у публічную прастору: гэта была сакрэтная праца, за якую маглі пасадзіць».

Спачатку яна рабіла ютуб-канал, прысвечаны голасу, потым зразумела, што ў яе ёсць сістэмнае бачанне трэніровак голасу, як гэта ўсё можна звязаць з псіхалогіяй, псіхааналізам, сэксалогіяй, псіхасаматыкай, несвядомай камунікацыяй. Так з'явіўся дадатак Vocal Image. Ён дазваляе даведацца пра слабыя месцы голасу і прапрацаваць іх.

Дадатак стварылі ў 2020 годзе: з двума Мікалаямі яна адкрыла стартап-кампанію ў Эстоніі. Цяпер яны выйшлі на амерыканскі, іспанскі рынак і спрабуюць заняць там сваё месца.

Сярод іншых магчымасцяў, якія дае праграма, там ёсць модуль для аднаўлення маўлення пасля інсультаў, а таксама модуль для трансгендарнага голасу, калі мужчына становіцца жанчынай, і трэба змяніць голас.

Руся ў стартапе — сузаснавальнік, аўтар сістэмы, кантэнт-дырэктар. Дадатак платны. «Я хачу манетызаваць сваю працу. Утрымліваць дадатак каштуе вялізных грошай. Апошнім часам у месяц у нас больш за 20 тысяч еўра сыходзіць толькі на рэкламу», — распавядае Руся.

У яе ёсць ютуб-канал, тыкток, інстаграм, якія не манетызуюцца, хоць там ёсць відэа на мільён праглядаў. «Гэта проста мецэнацтва, як кажуць мае два Мікалаі», — гаворыць Руся.

Калі пачалася вайна, трэнерка стала выпускаць відэаролікі на беларускай мове, каб павысіць цікавасць да яе, «насыціць лінгвістычнае поле новымі тэрмінамі пра голас. Мы ж не гаворым пра горла, звязкі і гэтак далей штодня».

Яна распавядае, што калі пачала публікаваць беларускамоўны кантэнт, то «злавіла столькі хейту» ад расійскіх неадэкватных карыстальнікаў, яны «так смачна па-імперску выказваліся, што «навошта нам гэтая ўкраінская», — там вельмі жорстка было».

Руся кажа, што яе партнёры ўгаворвалі перайсці на рускую мову, але яна пасля такога прынцыпова адмовілася.

«Калі ласка, маса рускамоўнага кантэнту ў бясплатным доступе. Калі расіянам не падабаецца мая беларуская мова, то яны могуць пайсці да рускамоўных трэнераў, якіх таксама вельмі шмат на рынку на любы кашалёк і любы ўзровень».

Колькі цяпер зарабляе

Руся кажа, што заробак залежыць ад таго, наколькі дазваляе працаваць псіхалагічны стан.

«Калі я ўпадаю ў дэпрэсію, у апатыю, то я наогул не магу працаваць. Я проста ўсё ўкладаю ў тое, каб вярнуць сабе добры стан. Калі я ў рэсурсе, усё ў жыцці добра, то таксама залежыць ад жадання: магу зарабіць у месяц ад 1000 да 8—10 тысяч [даляраў], залежыць ад таго, якія ёсць праекты».

Скрын відэа

Яе прыватная кансультацыя каштуе ад 50 да 150 даляраў за гадзіну. Калі гэта вялікія праекты, замежныя кампаніі, калі трэба наладзіць голас як брэнд, каб, умоўна, у кампанію тэлефанавалі кліенты — і ўсе супрацоўнікі адказвалі аднолькавым голасам з пэўным пасланнем пра ўпэўненасць, бяспеку, давер і гэтак далей (Руся кажа, што такія несвядомыя пасланні галасоў брэнда павялічваюць эфектыўнасць продажу).

Калі гэта праца для вялікай кампаніі, то там можна і 15 000 у месяц зарабіць, але «гэта цяжкая штодзённая праца, таму што натрэніраваць, скажам, 600 чалавек за месяц — гэта не проста».

На пытанне, колькі ёй трэба для жыцця, Руся адказвае:

«Я наогул рыхтуюся стаць еўрамільянеркай. Я хачу мець шмат грошай, каб большую частку накіроўваць на культуру. Я хачу быць мецэнатам беларускай культуры».

Пакуль праграма-мінімум — купіць якую-небудзь кватэру. «Таму што ў мяне ёсць комплекс такі: усе ўжо мае сябры-сяброўкі выраслі, ва ўсіх дамы, машыны, а ў мяне нічога няма».

Для жыцця ў Польшчы мінімум ёй трэба «дзесьці 3—4 тысячы» [даляраў], каб аплаціць кватэру, дзіцячы сад дачкі, ежу, якую яна любіць, паход на масаж, да псіхатэрапеўта, да фізіятэрапеўта, аплаціць сваё навучанне, усякія задавальненні, хобі.

Пра сакрэты фінансавай удачы і адносіны з грашыма

На пытанне, наколькі яе стартап блізкі да адзінарога

, Руся адказвае: «Ён блізкі, таму я ўжо прымяраю на сябе ролю мільянершы і зняла сабе кватэру, якая адымае большую частку майго даходу, але аказалася, што гэта вельмі крута працуе».

Яна тлумачыць, што калі чалавек думае, як зарабіць больш, трэба не баяцца па максімуме ўкласці ў той стан, у якім вы знаходзіцеся цяпер, — зняць класную кватэру, тады, напрыклад, калі прачынаешся ў такой кватэры, якая табе па душы, вырастае ўпэўненасць у сабе, вырастае працаздольнасць.

«Як мы будзем сябе адчуваць у будучыні, залежыць ад таго, наколькі смела мы гатовыя ўкласціся ў сябе цяпер. Праверана на сабе: я зняла дарагую кватэру, і мой даход вырас — дзіўна», — кажа Руся.

Яна распавядае, што «арганічна» прайшла шлях ад ролтанаў і танных цягнікоў да ўладальніцы стартапа. «Ёсць псіхатэрапія, дзе можна папрацаваць з устаноўкамі, якія нам прывівае бедная сям'я, няўпэўненасць у сабе», — кажа яна.

У яе цяпер спакойнае стаўленне да грошай. Але гэта праца над сабой. Руся распавядае, што яна з гарадскога пасёлка са шматдзетнай сям'і, дзе тата піў. «Уяўляеш, колькі там у галаве прусакоў: гэта нельга, гэтага я не вартая, гэтага я ніколі не даб'юся. У тэрапіі ўсё гэта можна прапрацаваць і пазбавіцца ад гэтых кайданоў — бядняцкіх установак».

Яна кажа, што ў карціну свету дачкі ўводзіць думку, што грошы — «гэта наш вялікі сябар».

«Калі я атрымліваю нейкі добры кантракт, у мяне ёсць такі пункцік, што я як быццам бы плачу падатак на паспяховасць: я нейкую суму выдзяляю сваім сябрам, скажам, сяброўцы, якая выгарала ад мацярынства, я магу аплаціць дзень спа, гатэль, масажы, ежу, паслаць 200-300 даляраў проста, каб яна звярнула ўвагу на сябе і парадавалася, як бы напоўнілася. І калі я раблю такія вось «падаткі за добрыя кантракты», мне прыбывае яшчэ больш», — раскрывае таямніцы свайго фінансавага поспеху Руся.

Яна кажа, што і дачку прывучае не баяцца грошай, не саромецца іх, а ўспрымаць іх як жывую цякучую энергію, дзяліцца імі смела, таму што, як і ў любой энергіі, варта нам спыніцца, і энергія таксама спыняецца.

«Таму я стараюся не спыняцца праз вось гэтыя падарункі сваім блізкім людзям, як магчымасць падзяліцца радасцю ад таго, што ў мяне атрымалася зарабіць».

Руся кажа, што ў многіх людзей ёсць дурная ўстаноўка: я нічога не варты ці мне трэба моцна старацца, каб заслужыць каханне, што проста мяне недастаткова. «Гэта вельмі такі класічны і моцна жывучы прусак у галаве многіх людзей. Гэта крыўдна, таму што людзі вядуцца на гэтую ідэю, што я не вартая, у мяне не атрымаецца. Усё гэта смецце з галавы трэба вычысціць і даць прастору новым, больш жыццесцвярджальным ідэям. Таму мая рэкамендацыя — гэта перш за ўсё любіць сябе і хадзіць на псіхатэрапію, калі сваіх сіл не дастаткова».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
3
Грабли/адказаць/
03.02.2023
Еще одна «Зарецкая» со стартапом из Эстонии
3
Інга Заёнц/адказаць/
03.02.2023
Ілан, будзе пабірацца, як і яе грамадзянскі муж
1
Ян Норман/адказаць/
05.02.2023
Хочу как в Швейцарии, дотерпеть и дождаться бы, Цяпер існуе такі "трэнд"-займацца "белорусскім делом" на беларускай жа мове.Вы відаць па-за гэтага трэнду-"будем говоріть і пісать по-русскі,нам так удобнее" (хоць і с памылкамі)).
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера