Знайсці
30.01.2023 / 19:416РусŁacБел

Кацярына Яньшына: Было карысна зразумець, як недаравальна мала мы гаворым пра тое, што адбываецца ў Беларусі

У пачатку студзеня расійская журналістка Кацярына Яньшына прыляцела ў Мінск. Яна прыйшла на суд над нобелеўскім лаўрэатам, праваабаронцам Алесем Бяляцкім — назіраць за працэсам для ЦЗПЧ «Мемарыял». Адразу пасля пасяджэння яе саму затрымалі — і наступныя 15 сутак яна правяла на Акрэсціна. Сваё першае інтэрв'ю пасля вызвалення Кацярына Яньшына дала выданню «Адвакацкая вуліца», з якім яна супрацоўнічае.

Кацярына Яньшына

«Я не шкадую, што туды паехала»

— Калі ты прыехала ў Мінск — і для чаго?

— Я прыляцела ў Беларусь увечары 4 студзеня — прысутнічаць на першым пасяджэнні па «справе «Вясны» — як незалежны назіральнік. 

— У многіх, хто даведаўся пра тваё затрыманне, узнікла пытанне: навошта ўвогуле ехаць у такую небяспечную краіну ды яшчэ і асвятляць «палітычны» працэс? Многія лічаць, што гэтая задума скончылася так, як і павінна была. Дык навошта ты паехала?

— Фразы «Ты павінна была разумець, куды ты едзеш» і «Ты што, не чытаеш навіны?» я сапраўды чула — у тым ліку і ад супрацоўнікаў беларускай міліцыі. Многія гавораць, што калі нешта небяспечна, трэба не высоўвацца. Але я такі падыход не падзяляю.

У Беларусь я паехала, таму што лічу працэс «Вясны» вельмі паказальным. І нават аднаго дня мне хапіла, каб зразумець, наколькі абсурдна тое, у чым абвінавачваюць супрацоўнікаў «Вясны». Іх абвінавачваюць — абсалютна непрыхавана — у праваабарончай дзейнасці. У справе напісана, сярод іншага, што «Вясна» абвінавачваецца ў аказанні прававой дапамогі, у аплаце штрафаў, у аплаце харчавання тым, хто адбываў адміністрацыйнае пакаранне. Вось гэта і называюць злачыннай дзейнасцю.

Я не магла ўявіць, што будуць менавіта такія фармулёўкі. І паехала, каб на свае вочы пабачыць «палітычны» працэс над нобелеўскім лаўрэатам. Мне хацелася расказаць пра тое, што там адбываецца. І хай так атрымалася, што мяне з працэсу выдалілі — але нават аднаго дня, на мой погляд, аказалася дастаткова, каб зразумець, што гэта за працэс.

Адразу кажу, я не шкадую, што туды паехала. І, напэўна, калі б я ведала, чым гэта скончыцца, то ўсё роўна паехала б. Можа, апранулася б трохі зручней, каб не ў пінжаку быць у камеры.

— Але ты дапускала, што ўсё можа так скончыцца?

— Я разумела, што нейкія праблемы з праваахоўнымі органамі верагодныя. Што мяне, магчыма, затрымаюць у аэрапорце яшчэ ў Расіі. Ці не пусцяць у Беларусь пасля прылёту. Ці не дапусцяць у суд. Я меркавала, што мяне могуць проста дэпартаваць. Але не чакала, што мяне пасадзяць на 15 сутак.

— Раскажы, што адбылося ў судзе. Ты вяла трансляцыю, рабіла фота, відэа?

— Калі я выйшла з Акрэсціна, то трохі нават абурылася — чаму ўсе пішуць, быццам я вяла фота— і відэатрансляцыю? Гэта нават у Расіі забаронена без дазволу суддзі — і ў мяне хапіла кемлівасці гэтага не рабіць у Беларусі. Пасяджэнне ішло доўга, з раніцы да другой паловы дня. Па логіцы міліцыі атрымліваецца, што я ўвесь гэты час «паводзіла сябе задзірліва», рабіла фота і здымала відэа — і пры гэтым мне дазволілі прасядзець да канца пасяджэння. Ну, гэта проста неверагодна.

Там былі прыставы, нада мной вісела відэакамера. Калі б я праўда вяла нейкую відэатрансляцыю, то вылецела б нашмат раней. На самай справе я вяла тэкставую трансляцыю для ЦЗПЧ «Мемарыял».

— У Беларусі гэта забаронена?

— Не, закон гэтага не забараняе. Але я думаю, што прычына затрымання была наогул не ў гэтым. Калі мяне пасля пасяджэння адвялі ў кабінет, то там не было гаворкі ні пра фота, ні пра відэа, ні пра тое, што я пішу ў тэлефоне нататкі. Яны проста не разумелі, хто я, ад якой арганізацыі і чаму прыйшла ў суд.

— Тады чаму, на твой погляд, цябе затрымалі?

— На пасяджэнне прыйшлі два чалавекі з расійскімі пашпартамі: я і [сустаршыня ЦЗПЧ «Мемарыял»] Алег Пятровіч Арлоў. Калі супрацоўнікі суда ўбачылі нашы пашпарты, то падышлі да нейкіх мужчын у цывільным і нешта ім шапнулі. Тыя нешта шапнулі ў адказ. Пасля гэтага нас спакойна ўпусцілі ў суд і зарэгістравалі. Таму я мяркую, што з'яўленне двух грамадзян Расійскай Федэрацыі на працэсе само па сабе выклікала цікавасць [у спецслужбаў].

Магчыма, праверыць, хто такі Алег Пятровіч Арлоў, ім было проста. А даведацца, хто я такая, аказалася складаней. Пры гэтым я сяджу на пасяджэнні, нешта пішу ў тэлефоне… значыць, трэба высветліць, хто я і што тут раблю.

«Эх, Кацька, Кацька…»

— Як адбывалася затрыманне?

— Калі працэс скончыўся, да мяне падышоў прыстаў і сказаў: «Дзяўчына, пройдзем, трэба пагаварыць». Далей мяне заводзяць у пакой проста насупраць. Там стаіць малады чалавек у сіняй камізэльцы — як я потым даведалася, гэта быў супрацоўнік АМАПа, які ўсё пасяджэнне спецыяльна чакаў мяне. Яго паставілі за мной наглядаць.

Прыстаў кажа: «Сядайце сюды, не дакранайцеся да тэлефона, не даставайце нічога з сумкі. Сядзіце, чакайце». — «Чаго мне чакаць?» — «Супрацоўніка КДБ». Праз пяць хвілін заходзяць некалькі мужчын у цывільным. Не ўпэўненая, ці сапраўды гэта былі супрацоўнікі КДБ — магчыма, мяне проста хацелі запалохаць.

Адзін з іх сеў насупраць і пачаў патрабаваць назваць сябе, даць яму пашпарт. На што я, вядома, сказала: «Толькі пасля вас. І растлумачце, што тут адбываецца, затрыманая я ці не?»

Такі адказ яго адразу абурыў. Ён досыць груба сказаў, што пытанні тут задае ён, што гуляць у «пытанне-адказ» мы не будзем. На што я адказала, што ў гульні з ім у прынцыпе гуляць не збіраюся. Растлумачце, што тут адбываецца — і калі я не затрыманая, то ўстаю і сыходжу.

Ён стаў пытацца, якое ў мяне грамадзянства — хоць гэта і так было вядома. Ці ведаю я законы Беларусі, ці вывучала іх, перш чым сюды прыехаць. Я адказала, што экзамен па правазнаўству ўжо здала ва ўніверсітэце, таму размаўляць пра законы не збіраюся. А далей ён пачаў размову аб тым, што ў Беларусі ёсць забароненыя, экстрэмісцкія телеграм-каналы. І запатрабаваў сказаць яму пароль ад тэлефона, каб ён паглядзеў змесціва.

Спачатку я падумала: можа, яны вырашылі, што я вяду трансляцыю ў такі забаронены канал. Але пазней я зразумела, што капацца ў тэлефоне — гэта стандартная практыка пры затрыманні ў Беларусі.

Я адмовілася разблакаваць тэлефон. Ён паглядзеў на мяне такім позіркам, як быццам перад ім нейкая вар'ятка. І паўтарыў больш настойліва: «Тэлефон дай». «Не, не дам». Ён замёр, глядзеў на мяне некалькі секунд у замяшанні. Потым павярнуўся да астатніх і сказаў: «Адвядзіце».

— І што было далей?..

— Далей мяне вядуць у гардэроб, я бяру вопратку, мяне саджаюць у паліцэйскую машыну. Злева і справа ад мяне сядзяць паліцыянты, наперадзе яшчэ двое. Куды вязуць — не кажуць: толькі на ўваходзе ў будынак удалося прачытаць, што гэта Маскоўскае РУУС.

Мяне заводзяць на чацвёрты паверх у кабінет, дзе сядзяць два чалавекі. Я чакала, калі яны пачнуць складаць нейкія дакументы альбо дапытваць мяне. Але нічога не адбывалася, яны ніякіх пытанняў не задавалі. Ну, былі нейкія размовы жартаўлівыя, вельмі мірна ўсё — нават прапаноўвалі мне торт. Скардзіліся, што мяне несвоечасова прывезлі: у іх свая праца, яны размяркоўваюць патрулі, якія будуць на Каляды хадзіць па Мінску.

Заходзілі нейкія іншыя людзі — «пазнаёміцца» са мной. Проста пыталіся: «Дзе ты працуеш?» Я адказвала: «Гэта што — допыт?» — «Не, проста цікава».

Увогуле, я сядзела і чакала, калі пачнецца нешта больш-менш афіцыйнае. Але ў выніку супрацоўнік пачаў прабіваць мае звесткі ў нейкіх базах — і здзівіўся, што мяне там няма. Аказалася, ён нават не ведаў, што я грамадзянка Расіі. І калі ён гэта даведаўся, то сказаў, што звяжацца з калегамі з Расіі. Патэлефанаваў камусьці, сказаў: «Прабіце мне такую і такую» — і адаслаў фота пашпарта. Потым выходзіў з кабінета патэлефанаваць. А неўзабаве вярнуўся і сказаў: «Эх, Кацька, Кацька».

Потым мяне адвялі ў іншы кабінет. Там дзве супрацоўніцы сказалі здымаць шнуркі, пярсцёнкі, завушніцы і гэтак далей. Даглядзелі мяне, апісалі мае рэчы. І я зразумела, што нейкае рашэнне адносна мяне ўжо прынята — проста я пра яго не ведаю. Відавочна, што калі здымаюць шнуркі, то мяне кудысьці адвязуць.

Затым мяне прывялі назад у першы кабінет. Я ўвесь час пыталася міліцыянтаў: «А што цяпер будзе?» Тыя жартавалі: «Усё нармальна, усё будзе добра».

Я мяркую, што супрацоўнік складаў рапарт, пакуль мяне даглядалі. Хвілін праз 20 яны патэлефанавалі ўчастковым — неўзабаве тыя прыехалі, надзелі на мяне кайданкі і кудысьці павезлі мяне.

«Мы б з табой пайшлі ў кіно»

— Што адбывалася далей?

— Па дарозе ўчастковыя спыталіся: «А за што цябе?» Я аджартавалася, што расказала нясмешны анекдот пра Лукашэнку. Згадала слова «паліцыя» — і толькі так яны зразумелі, што я расіянка. Аказалася, што і яны не ведалі, за што мяне затрымалі, не чыталі папер.

Мяне прывезлі ў апорны пункт. Міліцыянты запаўнялі нейкія паперы, перыядычна задавалі пытанні накшталт «Дзе працуеш?». Я не хацела нічога ім тлумачыць і адказвала, што беспрацоўная. Яны пастаянна гаварылі па тэлефоне проста пры мне — верагодна, ім тэлефанавала начальства, таму што я пачула іх словы: «Кажа, што беспрацоўная».

Падкрэслю: і ў РУУС, і з участковымі ўсё было ветліва і на дзіва прыязна. Ніводнага грубага слова ў свой адрас я не чула. Таму мяне так уразіла тое, што я потым прачытала ў пратаколе.

Нарэшце, адзін з участковых кажа: «Ну, расказвай». А я ўсё гэтак жа не разумею, што адбываецца. Не разумею, у чым менавіта яны збіраюцца мяне вінаваціць і пра што мне распавядаць. Я адказваю: «Вы ведаеце, у нас у Расіі ёсць 51-ы артыкул Канстытуцыі, у вас напэўна ёсць яго аналаг. Вось напішыце ў сваім пратаколе, што я хачу скарыстацца артыкулам вашай Канстытуцыі, які дазваляе мне не сведчыць супраць сябе».

Ён паглядзеў на мяне здзіўлена. Я зразумела, што, магчыма, ён не ведае такога артыкула. І кажу: «Запісвайце пад дыктоўку — «адмаўляецца даваць паказанні, таму што лічыць гэта сваім законным правам». Ён сапраўды запісаў гэта пад дыктоўку.

Я ў чарговы раз спытала, за што мяне ўзялі. «Даведацца». «Ну вось адваката, напрыклад, я ж магу запатрабаваць?» Маўчаць. «Скажыце проста, вы мне адмаўляеце ў выкліку адваката?» Ківаюць. І крыху пазней клічуць: «Ну, усё, падыходзь, азнаямляйся». Адкрываю пратакол і са здзіўленнем чытаю: аказваецца, я сябе кепска паводзіла ў тым Маскоўскім РУУС, дзе мы з супрацоўнікамі міла размаўлялі і мяне нават спрабавалі пачаставаць тортам. Аказваецца, я там мацюкала міліцыянтаў, крычала на іх, паводзіла сябе задзірліва, на заўвагі не рэагавала. Ды так, што яны ўсім аддзелам не маглі мяне супакоіць!

Я гляджу на ўчастковых і кажу: «Вы разумееце, што вы цяпер робіце? У чым вы ўдзельнічаеце?» Мне адказваюць: «Ну, Каця…» І пачынаецца тыповая размова: маўляў, «ты ж усё разумееш, была б наша воля, мы б з табой цяпер пайшлі ў кіно».

Я кажу: «Тым не менш вы зараз фабрыкуеце ў дачыненні да мяне справу».

— Што ты зрабіла?

— Ну, я напісала ў пратаколе, што не згодная [з гэтымі сцвярджэннямі]. Напісала, што ні з якімі правамі мяне не азнаёмілі, адмовілі ў паслугах адваката. Што я толькі пасля азнаямлення з пратаколам у прынцыпе даведалася, што мне закідаецца. Заўважыла, што там былі памылкі ў датах, плюс яны напісалі, што я грамадзянка Беларусі, але гэта я зберагла для суда.

Яшчэ аформілі арышт маіх мабільных тэлефонаў. Я тады не ведала, што гэта за працэдура. А ўсе астатнія рэчы трымалі пры сабе. Потым мне сказалі: «Ну, усё, зараз паедзем у гарадскі аддзел міліцыі». Зноў надзелі кайданкі і пасадзілі ў машыну. Павезлі і запхнулі ў камеру.

— Якія там былі ўмовы?

— Камеры ў аддзяленнях што ў Расіі, што ў Беларусі аднолькавыя — бетонная скрынка тры на чатыры крокі, прапахлая мачой і вельмі халодная. Мне з сабой далі толькі паліто. Усё астатняе — сумачка, шалік — засталося ў супрацоўнікаў аддзялення.

Спаць там было немагчыма — я паўночы «гуляла» па гэтай камеры, сагравалася. Потым папрасілася ў туалет. І ад супрацоўніка я даведалася, што а пятай раніцы мяне збіраюцца везці ў ІЧУ на Акрэсціна. Так і адбылося.

У Акрэсціна былі і іншыя затрыманыя, чалавек з 10, якія нешта скралі ці дзесьці «распівалі». Я аказалася адзінай «палітычнай». Усіх па чарзе афармлялі, а на гэты час запхнулі ў «стаканы». Гэта такое памяшканне метр на метр, дзе ты можаш толькі стаяць або сядзець на кукішках. Але сесці і выцягнуць ногі — ужо не.

Прычым запіхвалі па некалькі чалавек, шчыльна. Але я была адзінай дзяўчынай і мяне паставілі ў гэты «стакан». Калі ты адзін, гэта можна вытрываць. А там, куды засунулі некалькі чалавек, камусьці нават стала дрэнна. З гэтага «стакана» пачалося маё знаёмства з акрэсцінскімі парадкамі.

«Ты тут, каб пакутаваць»

— Раскажы пра парадкі.

— Насупраць «стакана» быў стол дзяжурнага. І памяшканне, дзе цябе аглядае медсястра, забіраюць вопратку, выдаюць тапачкі. Я пачула, як мужчынскі голас груба пытаецца: «Ты навошта вены рэзаў?» Толькі матам. Аказалася, што зняволены — не палітычны — знайшоў жалязяку ў камеры і спрабаваў парэзаць сабе вены. Ён супрацоўніку адказаў: «Таму што бесчалавечна да нас ставяцца». А супрацоўнік яму матам: «Ты тут не для таго, каб твае правы выконвалі. Ты тут, каб пакутаваць. Яшчэ адзін такі выкрутас — і ты тут у позе ластаўкі будзеш тыдзень ляжаць. Патрап ты сюды ў 2020 годзе, ты б пра правы нават не заікаўся. Ты ведаеш, колькі людзей мы тут закапалі тады пад плотам?»

І той жа супрацоўнік пазней вельмі лагодна запрашаў калег пачаставацца торцікам.

— Зноў торцік.

— Так, таму што сёння апошні дзень яго трыццацігадовай службы, і ён сыходзіць на пенсію. Распавядаў, як будзе адпачываць, паралельна пакрыкваючы на іншых затрыманых.

Я тым часам вывучала гэты «стакан». Там на сцяне надпісы надрапаныя, і мне запомнілася, што ў адным месцы было напісана «Міру — мір» і сэрцайка выдрапана. А крыху ніжэй было напісана «Госпадзе, памілуй». Увогуле, атмасферна!

Я думала: «У нейкае цікавае месца я трапіла, колькі ўсяго тут мяне чакае цікавага».

На ўваходзе ў ІЧУ звычайна праходзяць поўны надгляд, калі ты павінен распрануцца. Але са мной такога не было — магчыма, таму што не было жанчын-супрацоўніц, і дзеля адной мяне не сталі нікога выклікаць. Проста забралі абутак і рэчы, выдалі нейкія велізарныя тапачкі 43 памеру. Медсястра спыталася пра хваробы — і ўсё, павялі ў камеру.

— Ты як быццам параўноўваеш свой беларускі досвед з расійскім. Цябе ў Расіі затрымлівалі?

— Мяне ў Расіі затрымлівалі на мітынгу ў 2018 годзе, але прызначылі двое сутак — столькі я ўжо правяла ў аддзеле паліцыі. Таму асабіста я не была ў расійскіх спецразмеркавальніках. Але ў мяне шмат сяброў і знаёмых, якія там былі і распавядалі пра ўмовы.

На ўваходзе ў камеру той жа супрацоўнік — «пенсіянер» пацікавіўся: «А цябе то за што?» А мне ўжо надакучыла кожны раз тлумачыць, таму я адказала: «За прыгожыя вочы». Ён пасмяяўся.

— Каго ты там убачыла?

— Гэта была не «палітычная» камера, там былі самыя звычайныя жанчыны, якіх затрымалі, напрыклад, за распіццё алкаголю. Я тады падумала: «Чатыры месцы, а нас тут шасцёра. Як жа я буду спаць — гэта мне матрац на падлогу рассцілаць, ці што?» А потым я даведалася, што ў ІЧУ я ненадоўга — сёння ж будзе суд, пасля якога адпраўляюць у ЦІП — Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Тут жа, на Акрэсціна.

«Колькі табе сутак даць?»

— Як прайшоў суд?

— Прыйшоў супрацоўнік Акрэсціна і выклікаў мяне на пасяджэнне. Я ўжо ведала, што мяне нікуды не павязуць — суд будзе па відэасувязі.

Мяне прывялі ў маленькі пакой, там быў стол і ноўтбук са скайпам. За ім сядзеў хлопец-канваір, тут жа стаялі двое мужчын-зняволеных. На Акрэсціна стаяць можна толькі тварам да сцяны з рукамі за спінай; вось нас траіх так і паставілі.

Зараз я вам раскажу, як адбываецца суд. Садзяць першага мужчыну перад маніторам. Суддзя пытаецца ў яго звесткі, а затым кажа: «Такога і такога чысла ты скраў каўбасу і нутэлу, прызнаеш віну?» Ён адказвае: «Прызнаю». Яна кажа: «Трынаццаць сутак, наступны». Вось і ўвесь суд.

Другога мужчыну судзілі за тое, што ён своечасова не адзначаўся — па судзімасці або ўмоўным тэрміне. Суддзя, зноў жа, высвятляе яго асобу, потым пытаецца: «Чаму [не адзначаўся]? «Ён кажа: «Было вельмі дрэнна, хварэў». Яна кажа: «А чаго хуткую не выклікаў? — «Ну, вось так вось». Суддзя: «Добра, колькі табе сутак даць?» Ён адказвае: «А можна штраф?» Яна: «Суткі, або я сама [выберу, колькі]». Чалавек: «Добра, можна трое сутак?» Суддзя кажа: «Можна». Усё.

Далей я чую, што мой суд будзе пасля перапынку. І мне здалося, што я пачула слова «абаронца». Я думаю: «Божа, няўжо Беларусь вырашыла замежнай грамадзянцы даць абаронцу? Ці гэта мае калегі яго знайшлі?»

Мяне вярнулі назад у камеру ІЧУ. Там жанчыны спыталіся, хто ў мяне суддзя. Калі пачулі прозвішча Матыль, сказалі: «Ах-ах-ах, лепш прызнавай віну адразу, яна па максімуму дае».

Пасля перапынку за мной зноў прыйшлі, адвялі на іншы паверх — і я бачу велізарную чаргу. Людзі стаяць па двух баках, усе тварам да сцяны, рукі за спінай. Дзяўчаты, жанчыны зусім не выглядаюць як асацыяльныя асобы.

У калідоры ёсць паглыбленне, там стаіць стол, на ім ноўтбук, і за ім на крэсле сядзіць мой канваір. Я пытаюся: «Проста ў калідоры будзем?» Ён адказвае: «Так, усе кабінеты занятыя». І вось мы сядзім у калідоры за сталом, чакаем пачатку суда. Шумна, ходзіць супрацоўнік Акрэсціна, крычыць на тых, хто няправільна стаіць.

— Ты прасіла дазволіць табе канфідэнцыйна пагутарыць з адвакатам?

— У пачатку пасяджэння суддзя сказала пра хадайніцтва абаронцы. Я ўдакладніла, ад дзяржавы ён ці па дамове, таму што ад дзяржаўнага збіралася адмовіцца. І калі высветліла, што гэта мае калегі мне знайшлі абаронцу, то дала сваю згоду.

Я знаходзілася ў калідоры Акрэсціна, мая адвакатка — у судзе. Пасля пачатку пасяджэння яна папрасіла са мной канфідэнцыйна пагаварыць [па скайпе]. Суддзя выйшла, але сакратара пакінула. Я ж разумела, што мяне не пакінуць сам-насам ні з кім: гэта Акрэсціна. Калі да мяне прыставілі канваіра-міліцыянта, то ён не можа нікуды сысці.

— Гэта значыць, у выніку ты размаўляла з адвакатам па скайпе пры сакратары, канваіру?

— Так.

— Але вы ўсё роўна нешта абмеркавалі для суда?

— Так. У цэлым нічога канфідэнцыйнага не закраналі — хоць я разумею, што ў любым выпадку такая размова павінна быць канфідэнцыйнай.

Напрыклад, адвакат спыталася мяне пра самаадчуванне. Мне пашанцавала, што мяне ніхто не чапаў. Але выкажам здагадку, што мяне збілі. Магла б я без наступстваў сказаць пры канваіру, што мяне збівалі? Напэўна, не. Я ж не ведаю, куды ён потым перадасць інфармацыю. Ты знаходзішся на Акрэсціна; ты ведаеш, што з людзьмі там робяць усё, што заўгодна, і да цябе ніхто не можа трапіць.

Нават калі табе пашанцавала і ў цябе ёсць адвакат на судзе, ты не можаш з ім сам-насам пагаварыць. Гэта жудасная сітуацыя. І гэта не мой канкрэтны выпадак, гэта сістэмная практыка, з гэтым сутыкаюцца тысячы беларусаў.

— Раскажы пра свае адчуванні ад пасяджэння.

— Мой суд, у адрозненне ад тых, што я бачыла раней, хоць бы быў падобны да суда. Суддзя зачытала ўсё, што належыць, патлумачыла мне правы… Але ў ходзе пасяджэння прагучала шмат рэчаў, якія павінны былі б выклікаць у суддзі пытанні.

Галоўным сведкам па маёй справе быў міліцыянт Парфяновіч, які падпісаў рапарт. Адвакат яго пытаецца: «Гэта вы складалі рапарт?» Ён мнецца. Адвакат кажа: «У рапарце напісана, што гэта вы складалі. Чаму ў вас у трох розных выпадках у вашым прозвішчы тры розныя памылкі? Вы памыліліся ва ўласным прозвішчы?» Ён адказвае, што дзень быў цяжкі.

Далей ён тлумачыць, як я трапіла ў РУУС. Аказваецца, «весці сябе з выклікам» я пачала яшчэ ў зале суда [па «справе «Вясны»]. Таму мяне вырашылі акуратна вывесці для прафілактычнай гутаркі. Але я адмовілася назваць сябе, хаміла — і мяне даставілі ў міліцыю, дзе я мацюкалася на супрацоўнікаў. За што на мяне і склалі пратакол.

Я папрасіла суддзю запытаць відэазапісы з РУУС. Суддзя пайшла хвілін на 20, вярнулася і сказала: менавіта на чацвёртым паверсе менавіта ў тым кабінеце камер няма! Добра, камер у міліцыі няма — давайце запытаем камеры з суда. Я ж сядзела проста пад камерай! І калі я ўсё пасяджэнне нешта здымала — гэта ж павінна быць бачна. На што суддзя сказала: «Прадметам разгляду з'яўляюцца не вашы паводзіны ў судзе, а вашы паводзіны ў РУУС — таму хадайніцтва я адхіляю».

Адвакатка знайшла яшчэ шмат дробных парушэнняў. Нават мой канваір глядзеў на тое, што адбываецца з цікавасцю.

Калі суддзя пайшла для прыняцця рашэння, ён сказаў мне: «Зараз цябе адпусцяць, паедзем тэлефоны забіраць, тут відавочна няма ніякага складу наогул». Яшчэ ён парадаваўся, што нарэшце хоць на нейкі цікавы суд паглядзеў.

Суддзя пайшла на паўтары гадзіны. Спачатку я была ўпэўненая, што мне дадуць па максімуме, але потым зарадзіўся сумнеў. Каб вынесці 15 сутак, зусім не абавязкова так доўга думаць, гэта ж вельмі проста. Відавочна было, што там нешта адбываецца, што не так і проста ім даецца гэта рашэнне. Але ў выніку яна выйшла і агучыла гэтыя 15 сутак.

Мне здаецца, канваір знерваваўся нават больш, чым я. Таму што я чакаю гэтага ад сістэмы, а гэты хлопец, мяркуючы па ўсім, з «палітычнымі» справамі звычайна не сутыкаецца… Спадзяюся, у яго сістэме каштоўнасцяў нейкая трэшчынка пасля гэтага суда з'явілася. Я яму сказала: «Не хвалюйцеся так моцна».

— Ты супакойвала канваіра з Акрэсціна праз 15 сутак, якія далі табе?..

— Гэты канваір не працуе на Акрэсціна, ён працуе ў міліцыі і адвозіць цябе з Акрэсціна ў суд. А так як суды цяпер праз скайп, ён даводзіць цябе да ноўтбука. Ён мне крыху расказаў пра сябе. Ён займаецца тымі, хто ўмоўна асуджаны, ужо адбыў пакаранне і ім трэба адзначацца. З «палітычнымі» справамі ён звычайна не сутыкаецца. Проста часам у яго бываюць дзяжурствы, калі ён канваіруе з Акрэсціна ў суды людзей ад свайго РУУС.

— Але ён жа ўсё адно частка сістэмы. Яго калегі сфабрыкавалі справу супраць цябе. І ты адчуваеш нейкае спачуванне ў адносінах да яго.

— Ён частка сістэмы, так. Гэта было хутчэй не спачуванне — проста я ў такіх сітуацыях пачынаю звычайна жартаваць. Мне было смешна, што побач сядзіць супрацоўнік міліцыі, і па ім відаць, што ён рэальна здзіўлены. І я жартам сказала яму: «Не хвалюйцеся! Пасяджу і выйду».

Аказалася, ён нават не ведае, хто такі Алесь Бяляцкі. На маё пытанне: «Але як? Гэта ж нобелеўскі лаўрэат з вашай краіны, гэта вядомы чалавек у Беларусі!» — ён адказаў, што ў яго так шмат працы, што ён наогул ні за чым не сочыць. Ну, што тут сказаць.

«Ведаеш, што адсюль можна не выйсці?»

— Што было пасля суда?

— Мы пайшлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, ён знаходзіцца тут жа на Акрэсціна. Я пытаюся ў свайго канваіра: «А тут кнігі даюць?» Побач стаяў чалавек у цывільным, ён ухмыльнуўся і сказаў: «Вядома, і кнігі, і настольныя гульні, і ў більярд пагуляеш!»

Магчыма, гэта праблема ўсіх, хто глядзіць на Беларусь збоку, але мы сапраўды не разумеем да канца, што там адбываецца і што там пераносяць людзі. Я са сваім расійскім досведам меркавала, што, напэўна, раз на некалькі дзён змагу тэлефанаваць, што ў ЦІП мне прынясуць перадачу. Хоць бы вопратку — таму што я была ў штанах і пінжаку, што відавочна не падыходзіла пад тыя ўмовы, у якіх апынулася…

Пакуль мы чакалі надгляду, да мяне падышоў супрацоўнік ЦІПа з паперкай і ручкай. Сказаў: «Давай паролі». Нагадаю, у ЦІП тэлефонаў маіх не было: іх раней арыштавалі. Я адказала, што не дам паролі. І зноў сустрэлася з выразам поўнага неразумення на твары, якое бачыла кожны раз, калі адмаўлялася выконваць патрабаванні.

Некалькі секунд ступару, потым пытанне «Чаму?». Я кажу: «Таму што я маю на гэта права». Ён глядзіць на мяне як на вар'ятку, разварочваецца, моўчкі сыходзіць. Праз хвіліну вяртаецца. Мабыць, яму сказалі: «Ды яна з Расіі, не разумее, куды трапіла, ідзі растлумач». Ён кажа: «А ты наогул разумееш, дзе ты знаходзішся, што гэта за месца?» Я кажу, што так, вядома, я чула. «Ты ведаеш, што тут робяць з людзьмі? Ведаеш, што адсюль можна не выйсці? Потым не пашкадуеш?»

Прычым гэта не было пагрозліва. Такая размова дарослага мужчыны, які дае парады неспрактыкаванай дзяўчынцы. Я кажу: «Хто ведае, можа, і пашкадую, пажывём — пабачым». Ён глядзіць на мяне, зноў разварочваецца і моўчкі сыходзіць.

Спачатку па камерах раскідалі мужчын. Мяне і яшчэ адну дзяўчыну падвялі да дзвярэй камеры — і ўжо іншы супрацоўнік сказаў з нагоды маёй адмовы даваць паролі: «Я табе дам рэкамендацыю прыслухоўвацца да парад разумных людзей. Часу тут будзе шмат».

Адчыняюцца дзверы, і я бачу, што ў маленькай камеры, дзе ўсяго адзін двух'ярусны ложак, знаходзіцца больш за 10 чалавек. Я адразу зразумела, што гэта «палітычная» камера. На ложку няма ніякіх матрацаў-падушак. Проста ў камеры знаходзіцца туалет — дзякуй богу, абгароджаны. Дзве відэакамеры ў куце. Вузкі стол, лаўка — упрытык сядуць максімум тры чалавекі. Умывальнік. І ўсё.

У камеры было бітком, але аказалася, што гэта яшчэ не мяжа: ноччу нас поўнасцю ўкамплектавалі. Звычайна ў нашай камеры яны стараліся трымаць да 15 затрыманых. Казалі, што было калісьці і 17. А калі 15 — ужо зусім няма месца, ужо дрэнна, але ў непрытомнасць вы яшчэ не падаеце.

Потым нас раптам рабілася 12 — і здавалася, што стала вельмі свабодна. 

А калі нас стала 10, я падумала, што ў такіх умовах можна нават яшчэ 15 сутак адседзець. У параўнанні з 15 людзьмі месца проста заваліся: вы можаце сесці адначасова!

У такую камеры абавязкова [падсаджваюць] мінімум двух чалавек не «палітычных», а «асацыяльных». Гэта затрыманыя за распіццё ці людзі без пэўнага месца жыхарства: ад іх непрыемна пахне, у іх могуць быць вошы. Гэта спецыяльна зроблена.

Пры гэтым для іх знаходжанне з намі — таксама катаванне. Таму што ў іншых, не «палітычных» камерах, ёсць і матрацы, і падушкі, і коўдры. І рэжым значна больш чалавечны.

Калі я прыйшла, такіх людзей было двое. Аднойчы іх стала пяць. Адразу скажу, што спроба гэтым неяк нас зламаць правалілася: аказалася, гэта звычайныя жанчыны з няшчасным лёсам. Адна сказала, што яна інвалід — трохі адставала ў развіцці і паводзіла сябе як дарослае дзіця. І яе ўсё роўна пасадзілі ў камеру з такімі цяжкімі ўмовамі.

З усімі гэтымі людзьмі ўдавалася знайсці агульную мову. Можна было навучыць іх мыць рукі пасля туалета, апрацоўваць іх ад вошай. Мне здаецца, гэта злавала супрацоўнікаў.

— Чым яшчэ «палітычная» камера адрозніваецца ад звычайнай?

— Усім. Па-першае, святло гарыць кругласутачна. Па-другое, у камеру нічога нельга браць з сабой, акрамя таго, што на табе. Калі нават атрымалася падчас затрымання прыхапіць зубную шчотку, туалетную паперу, ручнік — нічога з гэтага «палітычным» не дазваляюць узяць з сабой. Нават зменныя трусы — калі яны не на табе, то табе не дазволяць іх узяць. 

А другой гадзіне ночы і а чацвёртай раніцы абавязкова пад'ёмы. Стукаюць у дзверы: «Устаём!» Вы ўстаяце і па ланцужку называеце прозвішча, імя і імя па бацьку. Пасля гэтага адбой. Ты дзве гадзіны спіш, потым цябе зноў будзяць і ўсё зноў паўтараецца. А ў шэсць раніцы ўжо пад'ём.

Раскажу, як мы спалі. Калі ў камеры поўны камплект — 14—15 чалавек — то чацвёра самых смелых і здольных спяць па два на двух'ярусным ложку. Гэта балюча, увесь пакрываешся сінякамі, таму што спіш на жалезных перакладзінах і табе няма чаго падаслаць. Галаву кладзеш на чаравікі або на якую-небудзь кофту.

Я да канца тэрміну ўжо спакойна спала на ложку, удалося прыстасавацца. Мне здавалася, што сінякі мае ператварыліся ў мазалі і дазваляюць нармальна спаць.

А ўсе астатнія спяць на падлозе, упрытык. Каб перавярнуцца, трэба паглядзець, каб ты нікога не закрануў нагамі. Па падлозе поўзаюць блашчыцы, якія запаўзаюць на вас — ад гэтага прачынаешся. У некаторых людзей была алергія на гэтыя ўкусы, і яны пакрываліся чырвонымі плямамі. У першыя дні было страшна, а потым нават да блашчыц прывыкаеш.

Вельмі-вельмі душна. Камера разлічаная на двух чалавек, а вас там 15. Калі зачыненая «кармушка» на дзвярах, праз якую перадаюць ежу — становіцца проста невыносна. І вы пачынаеце нават менш гаварыць — эканоміце паветра.

Звычайна ўдавалася ўгаварыць супрацоўнікаў хаця б прыадчыніць гэтую кармушку — тады жыць рабілася лягчэй. Пры гэтым існуе вентыляцыя, якую цалкам можна было б уключаць, і якая, магчыма, прадухіліла б развіццё хвароб — мы ўсе ў выніку ў гэтым памяшканні захварэлі. Я да гэтага часу не ачуняла.

Сёння я стэлефанавалася з былой сукамерніцай і яна сказала, што ў яе кавід. Думаю, на яго мы ўсе і захварэлі, буду рабіць тэст.

Кожную раніцу ў нас, «палітычных», адбываўся шмон. Шчыра кажучы, не ведаю, як гэта называецца, напэўна, агляд камеры. Пасля сняданку — або проста падчас яго — адчыняюцца дзверы, там стаіць куча супрацоўнікаў, некаторыя з іх у балаклавах. Вы выходзіце, выстройваецеся ў шэраг у калідоры — рукі на сцяну, на чырвоную лінію. Супрацоўніца вас аглядае, паралельна дзяжурны называе ваша прозвішча, а вы называеце імя і імя па бацьку.

Паралельна супрацоўнікі пераварочваюць уверх дном камеру, вытрасаюць усё, што бачаць, шкарпэткі з батарэі раскідаюць. Заходзяць з кувалдамі туды, пачынаюць па нечым стукаць, раскідаюць усе рэчы. Пасля гэтага вы вяртаецеся назад і наводзіце парадак. Мыеце чаравікі, у якіх выйшлі, таму што па камеры ходзяць басанож.

І вось калі заканчваецца шмон ва ўсіх «палітычных» камерах, вентыляцыю выключаюць. Супрацоўнікі Акрэсціна самі там захворваюць — мы чулі, як яны кашлялі. Немагчыма ўтрымаць такі рассаднік вірусаў толькі ў адной камеры.

Калі ўдаецца кагосьці папрасіць уключыць вентыляцыю на нейкі час — то гэта адзін з найлепшых дзён твайго знаходжання на Акрэсціна.

Зразумела, што ніякай сувязі з навакольным светам. Адзінае, што вы можаце рабіць — гэта размаўляць адна з адной. Можа, падрамаць пад размовы. Седзячы, таму што ляжаць нельга наогул нікому днём з «палітычных». «Непалітычныя» ў той жа камеры спакойна ляжаць, спяць. Але кожныя 15 хвілін у камеру зазіраюць супрацоўнікі. Калі бачаць, што нехта з «палітычных» прылёг, то падымаюць і пагражаюць, што цяпер усе пойдуць у калідоры стаяць.

— Вам дазвалялі праць?

— Што на табе ёсць, у тым ты і ходзіш два тыдні. Вядома, гэта жудасна. У нас была ракавіна. І гаспадарчае, і звычайнае мыла ўдавалася выпрасіць — іх трэба было прасіць некалькі дзён. Але вялікія рэчы ты проста не можаш праць. Калі некалькі чалавек памыюць свае рэчы і павесяць іх сушыцца, то камера ператвараецца ў сапраўдную лазню. Там і без гэтага горача і душна. Таму спрабавалі злавіць момант, калі працуе вентыляцыя ці калі камусьці выходзіць, стараліся праць па чарзе. Калі рэгулярна кожны дзень праць — проста невыносна. Таму стараліся паменей гэта рабіць: толькі ніжнюю бялізну, шкарпэткі…

— Раскажы пра сваіх сукамерніц.

— Так супала, што са мной у адзін дзень прывялі ў камеру жанчын — удзельніц адной справы. Вось як «шыюцца» такія справы. Бярэцца звычайны раённы чат: «Парайце майстра для манікюру», «У мяне засталося дзіцячае харчаванне, каму аддаць» і гэтак далей. Паступова чат пусцее, многія жанчыны даўно выйшлі з яго.

Але ў 2020 годзе там, верагодна, абмяркоўвалі пратэсты. І знаходзіцца старое «палітычнае» паведамленне — пасля чаго да ўдзельнікаў чата прыходзяць з ператрусам. Адразу забіраюць мабільны тэлефон, гэта ключавое. Знаходзяць у перапісках бел-чырвона-белую сімволіку, падпіску на які-небудзь канал, які прызнаны экстрэмісцкім у Беларусі — а такіх куча і кожны дзень спіс абнаўляецца. Складаюць пратакол.

Калі знайшлі асабістае паведамленне сябру з перасылкай з такога канала — тады складаюць пратакол за рэпост экстрэмісцкага матэрыяла. А калі нічога не знайшлі, то афармляюць непадпарадкаванне міліцыі. І таксама прызначаюць «суткі». Раз ужо прыйшлі, проста так не адпусцяць.

Вось у маёй камеры было некалькі такіх жанчын з аднаго чата. Ужо ў Маскве я даведалася, што ў дачыненні да адной з іх распачалі крымінальную справу — з-за фатаграфіі з пратэсту, дзе яна стаіць на тратуары. Цяпер чакае, калі яе адправяць у СІЗА. А гэта бяскрыўдная пенсіянерка, ёй 69 гадоў.

Іншы яскравы прыклад — дзяўчына ішла па горадзе і да яе дакалупалася міліцыя з бяскрыўднай нагоды. Забралі тэлефон, даведаліся паролі, зайшлі ў тэлеграм паглядзець на падпіскі — а там «экстрэмісцкі» канал. Усё, на цябе пратакол за непадпарадкаванне. Вось з такімі людзьмі я сядзела.

«Да фіга беларусам спачуваеш?»

— А цябе выклікалі на якія-небудзь допыты?

— Так, адзін раз. На Акрэсціна прынята, што да «палітычных» прыязджаюць оперы з крымінальнага вышуку. Калі ты сядзіш свае адміністрацыйныя «суткі», для цябе яшчэ нічога не скончылася. Таму што твае тэлефоны застаюцца ў іх з паролямі. І пакуль ты сядзіш, супрацоўнікі працягваюць калупацца, нешта знаходзіць. І ад таго, што яны знаходзяць або што яны збіраюцца з табой зрабіць, будзе залежаць, якой будзе размова з гэтым операм.

З аднымі ён проста пачынае палітінфармацыю: «Ты што, дрэнна жывеш? У краіне дрэнна? У цябе кепскі заробак? Ты што, думаеш, вось гэтыя твае, якія паехалі, яны што, краіну сваю любяць? Яны яе толькі абсіраюць збоку». Звычайныя палітычныя размовы, стандартныя, у якія не варта нават уступаць: паслухаў, паківаў галавой.

А вось як было ў мяне. Праз дзень ці два пасля майго арышту прыехаў оперупаўнаважаны. Завялі ў кабінет — гэта такі маленькі пакойчык, дзе ёсць абгароджаны кратамі маленькі закуток з крэслам. Ты заходзіш туды, гэтыя краты закрываюць. Насупраць за сталом сядзіць опер — і пачынае гутарку. У мяне ён высвятляў, навошта я прыехала, «хто даў інструкцыі, якія былі інструкцыі». Якія былі мэты, што рабіла.

Мне спадабалася адно пытанне: «А ты што, да фіга беларусам спачуваеш?» У той момант у мяне, натуральна, ніякай сувязі з навакольным светам не было. Я не ведала, што ўсе ўжо напісалі пра мяне. І наогул не магла зразумець па яго пытаннях, ці разумее ён, хто я такая. Было адчуванне, што ён спрабуе гэта высветліць.

Ён распытваў: «Можа быць, [ты працуеш на] «Дождж»?» Я не хацела казаць, што супрацоўнічаю з «Мемарыялам», бо не ведала, ці працягвае Алег Пятровіч тут знаходзіцца. Не хацела яго падстаўляць. Таму я адказвала несур'ёзна: «Проста так прыехала. У нас у Расіі ўсе крамы зачыніліся, а ў вас працуюць. Думаю, схаджу на суд, заадно адзення прыкуплю». Ён, вядома, мне не верыў.

Я не ведала, што, аказваецца, усе разумеюць, хто я. Опер мне казаў: «Што ты хлусіш мне! Не хлусь! Калі хлусіць, у цябе ўсё будзе інакш». Казаў, што 15 сутак — гэта яшчэ мала і што яны могуць ператварацца яшчэ ў 15 і яшчэ ў 15.

— Было нейкае фізічнае ўздзеянне?

— Не, не было.

— У дачыненні да тваіх сукамерніц таксама?

— Па расказах, было фізічнае ўздзеянне ў дачыненні да іх маладых людзей. Калі да цябе з раніцы ўрываюцца мужыкі ў масках, а некаторыя яшчэ і з аўтаматамі, то ты, напэўна, не зусім гатовы супраціўляцца. Але калі малады чалавек адказваў нешта, што ім не падабалася, яны яго білі.

Калі я распавяла, што адмовілася даваць паролі ад тэлефона, то сукамерніцы распавялі гісторыю пра дзяўчыну, якая проста забылася пароль. Яе катавалі электрашокерам, выстаўлялі ў прагулачны дворык на мароз без вопраткі.

Я разважала, колькі я вытрымаю ўдараў, перш чым зламаюся і аддам пароль. І падстаўлю гэтым людзей, якія знаходзяцца ў Расіі і якіх я нават не змагу папярэдзіць.

У размове оперупаўнаважаны таксама згадваў гэтыя паролі. Казаў, што яшчэ ёсць час падумаць — як быццам ён яшчэ раз прыйдзе. Потым зачытаў палітінфармацыю і ў канцы загаварыў пра 2020 год. Казаў: «Ну, у вас у Расіі таксама ёсць тыя, хто супраць сваёй краіны. І ты, я так разумею, таксама ліберальных поглядаў». Я адказала, што якіх бы поглядаў ні была — гэта ўжо сапраўды мая справа.

Размова, я б сказала, была бескарысная. Я нічога новага не пазнала, ён пра мяне нічога новага не даведаўся. У канцы ён сказаў: «Вы, напэўна, думаеце, што мы забыліся, што тут было ў 2020 годзе. Дык вось, мы не забыліся». Вельмі эфектна загарнуў свой сшытачак, устаў і пайшоў.

— А што ты думаеш пра публічнасць? Тое, што пра тваю гісторыю пісалі ў Расіі, — гэта дапамагло ці зашкодзіла?

— Мне было нязручна, што столькі ўвагі было да маёй гісторыі — прытым што ў выніку са мной нічога страшнага не здарылася. З іншага боку — магчыма, нічога страшнага якраз не здарылася менавіта таму.

Але свой канкрэтны выпадак і досвед я б ніколі не ўжывала да іншых. Я ніколі не была ў сітуацыі, у якой апынуліся беларусы. Таму пытанне пра публічнасць — гэта пытанне асабіста пра мяне. І асабіста пра сябе я адказваю, што публічнасць мне, хутчэй за ўсё, дапамагла. Але што б зрабіла такая ж публічнасць з іншым чалавекам, грамадзянінам Беларусі, я не ведаю.

«Ты павінен аплаціць умовы, у якіх адпачываў»

— 20 студзеня ты павінна была выйсці ў 16:45. Мы паехалі цябе сустракаць, але ты не выйшла. Раскажы, што тады адбылося.

— У цэлым на Акрэсціна ты ніколі не хочаш, каб цябе выпусцілі раней. Калі за табой прыйшлі раней прызначанага часу, гэта дрэнны знак. Гэта азначае паўторны арышт.

За мной прыйшлі ўжо недзе ў гадзіну дня. Я падумала: «Упс, напэўна, выходзіць мне не сёння». Унізе мяне чакаў супрацоўнік міграцыйнай службы. Ён сказаў: «Паедзем у аэрапорт».

Я спыталася пра рэчы, з якімі я прыехала ў Беларусь, — яны ж засталіся ў гатэлі. Што з імі здарылася, я так і не даведалася. Яшчэ мне было цікава, што з маімі тэлефонамі. Супрацоўнік адказаў, што тэлефоны на экспертызе, і калі я вырашу чакаць яе вынікаў, то давядзецца чакаць тут, на Акрэсціна. Вядома, я вырашыла, што тэлефоны не такія ўжо дарагія.

Пярсцёнкі, завушніцы, наяўныя грошы і іншыя рэчы, якія былі са мной у судзе, мне вярнулі, але забралі тую суму, на якую яны мяне ласкава кармілі ўсе гэтыя 15 сутак. Таму што ў Беларусі ты павінен аплаціць гэтыя выдатныя ўмовы, у якіх ты «адпачываў».

Вельмі клапатліва зрабілі канверцік з паперы А4, напісалі там ручкай суму: колькі было, колькі вылічылі, колькі павінна застацца. І аж да капеечкі паклалі рэшту.

Каб забраць арыштаваную рэч, ты павінен на выхадзе ўзяць квітанцыю, што аплаціў харчаванне. Узяць пастанову суда, прыйсці ў міліцыю — толькі тады выдадуць рэчы. Інакш нельга.

Там быў такі супрацоўнік, я запомніла яго прозвішча — Цішачкін. Ён пастаянна стукаў у дзверы: «Жанчынкі, пра аплату памятаем!» Гэта значыць, гэтыя грошы для іх важныя.

А мяне дэпартавалі з яшчэ двума грамадзянамі Расіі. Мяркуючы па словах тых, хто суправаджаў, ім бы прыйшлося чакаць дэпартацыі яшчэ нейкі час, хоць за іх вылет былі гатовыя заплаціць сваякі. А раз трэба мяне тэрмінова выганяць — значыць, заадно можна гэтых двух захапіць з сабой.

Дэпартацыя праходзіла вельмі проста. На хлопцаў надзелі кайданкі, на мяне не сталі — сказалі, кайданкаў не хапіла. Пасадзілі ў звычайны легкавы аўтамабіль, заехалі за іх рэчамі — і ў аэрапорт. Там купілі білет за мой кошт — карта была з сабой. Усё было спакойна. Правялі да самай пасадкі і памахалі рукой.

— У канцы хачу задаць такое пытанне. Ты не думала, што магла разблакаваць тэлефон і выйсці з сітуацыі з найменшай шкодай?

— Тое, што знаходзіцца ў тэлефоне, тычыцца не толькі мяне, але і іншых людзей. Плюс я разумела, што ўжо проста не магу дзейнічаць інакш. Я вырашыла так: «Ніякіх пароляў добраахвотна даваць не буду, не трэба мяне запалохваць, хай робяць, што хочуць».

Тое, як я сябе паводзіла, магло быць няправільна ў дачыненні да тых, хто за мяне перажываў. Але гэта ўсё-такі быў мой выбар, я пра яго не шкадую.

Гэтая сістэма рэальна ламае людзей. Ты адчуваеш, што ты адзін, не можаш перадаць вестку на волю, пра цябе не могуць нічога даведацца твае сваякі… Было карысна зразумець, як недаравальна мала мы гаворым пра тое, што адбываецца ў Беларусі.

Я абяцала сукамерніцам, што паспрабую максімальна падрабязна расказаць пра тое, што бачыла. Гэта інтэрв'ю — адзін са спосабаў выканаць абяцанне тым, з кім для мяне гонар быць знаёмай.

Я хачу, каб мы гаварылі і не забываліся: проста цяпер хтосьці сядзіць у перапоўненай камеры. Адразу пасля 15 сутак даведваецца, што яму далі яшчэ 15 сутак, а потым — крымінальная справа.

І да яго не будзе прабівацца адвакат, пра яго не будуць пісаць міжнародныя СМІ. Гэта які-небудзь архітэктар, бармен, ды хто заўгодна. І яны адныя сам-насам з жудаснай сістэмай.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Анон/адказаць/
31.01.2023
гоблен,  вы такі ж (не буду пісаць хто), як і гэтыя каты з Акрэсціна, толькі за тое, што яна расіянка, а не праваабаронца. Для вас мае значэнне толькі адкуль яна - гэтага дастаткова каб рабіць погляды пра чалавека. А навошта лепш знаеміцца са шматгранным светам? Аднакампанентная формула if-else, мысленне ў выглядзе "все они там..." - такія людзі і складаюць СС, НКУС, ствараюць ваенныя злачынствы. Ніколі годны і разумны чалавек па формуле "все они там..." думаць не будзе. Ніколі.

А Кацярына - чалавек гонару і ўстойлівасці духа!
0
Поправочка/адказаць/
31.01.2023
гоблен, два последних предложения относятся исключительно к тебе. Ты, кстати, посчитал какой там процент таких как ты?))
0
Суддзя ў адстаўцы/адказаць/
03.02.2023
Вельмі важны расказ! Дзякуй журналістцы за праўдзівыя сведчанні. Некалі усё вінаватыя супрацоўнікі ізалятараў, турэм, лжывыя суддзі панясуць ўгалоўную адказнасць і будуць асуджаны да пазбаўленьня волі. За свае злачынствы, у тым ліку апісаныя тут у артыкуле.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031