Старэйшы сын Макея ўсё ж быў на пахаванні бацькі, але не сядзеў побач з Верай Паляковай
Раней паведамлялася, што старэйшы сын Уладзіміра Макея, Віталь, не прысутнічаў на пахаванні бацькі — яго не было на афіцыйных фотаздымках з Дома афіцэраў, дзе Аляксандр Лукашэнка ціснуў рукі сваякам. Але, як стала вядома «Нашай Ніве», Віталь Макей не прысутнічаў толькі на афіцыйнай частцы.
Развітанне з Уладзімірам Макеем
«Сын быў, яго бачылі. Ён прыйшоў ужо на могілкі», — сказалі нам суразмоўцы.
Прычына, чаму Віталя Макея не было ў Доме афіцэраў, невядомая.
Віталь Макей — сын Уладзіміра Макея ад першага шлюбу. Акцёрка Вера Палякова — другая жонка міністра, у другім шлюбе ў Макея нарадзіўся сын Арцём.
Віталь Макей. Фота: МЗС Беларусі
Старэйшы сын Уладзіміра Макея, Віталь, у 2020 годзе звольніўся з Міністэрства замежных спраў, што было ўспрынята назіральнікамі як маўклівы пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту. У 2021 годзе ён раскрытыкаваў ведамства свайго бацькі за хамства і страту маральных арыенціраў.





