Знайсці
02.12.2022 / 22:582РусŁacБел

«Так прасторна ў вас стала — а куды ўсе тавары дзеліся?» Што цяпер з асартыментам у невялікіх крамах

Інтэрнэт-газета «Салідарнасць» прайшлася па невялікіх крамах Мінска, каб паглядзець на іх цяперашні асартымент.

Памятаеце тыпавыя савецкія крамы, дзе ўвесь асартымент змяшчаўся на дзвюх паліцах за спінай прадаўца? Яны адразу ўспамінаюцца, паколькі, вядома, не такая, але падобная карціна сёння назіраецца ў шэрагу беларускіх магазінаў. Калі ў іх пакінуць кожнага тавару па адным, то яны зоймуць ўсяго некалькі паліц.

Падобна на тое, што, каб не шакіраваць пакупнікоў, шматлікія прагалы старанна хаваюць, але яны ўсё роўна зеўраюць адусюль. Пахваліцца асартыментам, мабыць, не можа ніводзін аддзел, нават з тых, дзе раней ад разнастайнасці разбягаліся вочы.

Памятаеце, колькі сокаў і напояў было пару гадоў таму? Сёння для пералічэння ўсіх відаў дастаткова пальцаў адной рукі.

Асартымент кансервацый дзе-нідзе разбаўлены новымі брэндамі з В'етнама і М'янмы, затое ў большасці невялікіх крам зараз можна кожны слоік з агуркамі або таматнай пастай паказаць ва ўсёй красе.

У бакалеі набор круп скараціўся да пражытковага мінімуму, а беларускую муку сур'ёзна пасунулі расійскія вытворцы. Але аматары выпечкі яшчэ памятаюць часы, калі на гэтых паліцах змяшчалася не толькі мноства відаў прадукцыі беларускіх камбінатаў хлебапрадуктаў, а была і асабліва шанаваная пекарамі мука з Украіны, а таксама Італіі і Францыі.

З нязвыклага: практычна ў кожнай краме з'явілася асобная паліца, а то і пару з кісялём «Лідкон». Менавіта з тым, некалькі пачкаў якога заўсёды прыстройваліся дзесьці ўнізе або збоку. Сёння кісель у многіх крамах займае цэнтральнае месца, якое часам дзеліць з яшчэ адным прадуктам, які раней месціўся ў далёкім куце, — локшынай хуткага прыгатавання.

Пра паліцы з гарбатай і кавай у апошнія дні неаднаразова ўспаміналі. Асартымент на іх нагадвае меню ў дрэннай кавярні.

Асабліва сумна ў гэтыя перадсвяточныя дні глядзець на вітрыны з прысмакамі. Не ўсюды радуюць нават навагоднія стэнды. З нечаканых навінак дзе-нідзе знойдзены шакалад з Казахстана, менавіта той, якім казахі тролілі расійскіх уцекачоў, прапаноўваючы «паспрабаваць смак свабоды».

Аддзелы гародніны і садавіны цяпер выгадна параўноўваць, мабыць, толькі з познім савецкім часам, і то не ўсюды.

Заўсёды зайздросна багатыя разнастайнасцю малочныя аддзелы ў невялікіх крамах нехаця часцяком ператвараюцца ў рэкламную кампанію аднаго-двух вытворцаў.

— Масла шмат вязуць у Расію, — тлумачаць у адной з крам адсутнасць некаторых папулярных марак сметанковага масла, напрыклад, «Беллакт» або «Сялянскага» Шчучынскага масласырзавода. Памятаеце, такія зялёныя кубікі ляжалі ў кожнай краме ў велізарнай колькасці?

— Нам у апошні час амаль не прывозяць беларускі маянэз, — скардзіцца прадавец у адной з невялікіх крам спальнага раёна, расстаўляючы на дзвюх паліцах аднолькавыя пакеты расійскай вытворчасці.

У розных крамах гавораць пра перабоі з рознымі таварамі: дзесьці не заўсёды своечасова завозяць яйкі, дзесьці — субпрадукты, якімі многія кормяць жывёл.

Што тычыцца цэн, то на фоне іх плаўнага руху ўверх, нягледзячы на разнастайныя загады і пастановы, некаторыя тавары з даступнай і сярэдняй цэнавай катэгорыі перайшлі ў катэгорыю «не для ўсіх». Гэта і сланечнікавы алей, які цяпер у сярэднім каштуе 5-6 рублёў за літр, і арэхі з сухафруктамі, на цэны якіх сёння можна хадзіць і глядзець, як у музей, і іншыя прадукты, не кажучы ўжо пра тавары пабытовай хіміі.

— Я ў нас у краме шампунь не купляю, шкада грошай, замаўляю на сайтах. Парашок прашу прывозіць з Польшчы. Розніца з тым, што прадаецца ў нас, не толькі ў цане, ён нават пахне па-іншаму, — дзеліцца прадавец адной з сеткавых крам пабытовай хіміі.

— Некалькі тыдняў не магу знайсці свае любімыя крэм і зубную пасту «Беліта-Вітэкс». Прадаўцы на ўсе пытанні адказваюць, што па-ранейшаму ўсё заказваюць, але прывозіць перасталі, — паведаміла чытачка з райцэнтра ў Гомельскай вобласці. 

— Імпартнай дэкаратыўнай касметыкі няма амаль нідзе, адны агрызкі. А так паліцы нечым запоўненыя, — канстатуе мінчанка ў адным з аддзелаў касметыкі.

Не выключана, што разам з імпартнымі таварамі з нашых крам знікнуць і спецыялісты з замежнымі прафесіямі — «мерчандайзеры» і «маркетолагі». Таму што сёння мастацтва гандлю заключаецца не ў тым, каб выгадна паказаць свой тавар на фоне іншых, а каб умудрыцца пакінуты тавар расцягнуць на дзясяткі пустых паліц. Пры гэтым дзіркі могуць быць абсалютна ва ўсіх аддзелах, нават айчыннай алкагольнай прадукцыі.

— Мы не можам зараз закупляць шмат тавараў — занадта вялікія рызыкі, — пацвярджае здагадкі прадавец у адным з магазінаў. Другая праблема, якая з'явілася пасля таго, як частку апусцелых стэлажоў і вітрын прыйшлося прыбраць, — гэта запаўненне гандлёвых залаў.

— Так прасторна ў вас стала, — здзіўляецца пакупніца ў адной з крам. — А куды падзеліся ўсе тавары?

— Слухайце, вам не дагодзіш: то казалі, столькі паліц, не праціснуцца, мы спецыяльна зрабілі залу больш свабоднай, але вам зноў не падабаецца, — парыруюць прадаўцы, тактоўна замоўчваючы прычыны перастаноўкі.

У некаторых крамах паменшалі садавінна-агароднінныя «астраўкі», але нават тыя латкі, што засталіся, часцяком даводзіцца запаўняць адным таварам.

Напрыклад, чырвоную рыбу можна не толькі вешаць у спецыяльных вітрынах, але і раскладаць у асобных халадзільніках проста ў цэнтры залы.

Аддзелы кулінарыі там-сям разрасліся на паўкрамы, відавочна, стаўшы для многіх выратаваннем. У адным баку прадавец накладзе вам у кантэйнер салату, у другім — гэты ж салат у гэтым жа кантэйнеры возьмеце з халадзільніка самі.

Практычна ўсюды павялічылі колькасць паліц са свежай выпечкай. Раптоўна яна можа з'явіцца нават там, дзе раней пра яе і не марылі.

— Цяпер у нас кожны дзень будуць свежыя булачкі, — радасна паведамілі ў адной з невялікіх сеткавых крам, дзе пад новае абсталяванне адвялі месца проста ў цэнтры гандлёвай залы.

— Вядома, трэба ж чымсьці краму запоўніць! — тут жа адрэагавала пакупніца.

Чытайце таксама:

Да 55%. Якія зніжкі абвясцілі сталічныя крамы ў першыя снежаньскія выхадныя

«Гэтага корму няма і больш не будзе». Што адбываецца ў зоамагазінах

Дзе выгадней купляць прадукты — на рынку, у гіпермаркеце ці ў краме каля дома?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
02.12.2022
Так а чего вы хотели, если абсолютную власть в стране захватил человек, не имеющий никаких знаний и способностей, умеющий только разваливать то, что создают другие. И окружил он себя солдафонами. А военные по своей природе заточены просто на тупое исполнение приказов, притом только на уничтожение.
Так что все идет к логическому концу. Недалеко уже очереди за хлебом.
0
даведка/адказаць/
03.12.2022
Цены в Беларуси после запрета Лукашенко просто взбесились... Соки и фрукты в 2-2,5 раза дороже, чем в Польше. 
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера