Знайсці
22.11.2022 / 12:562РусŁacБел

Прафесар Карпаў: Каранавірус будзе жорсткім

Расслабляцца ні ў якім выпадку не варта: нас чакае трыдэмія — мікст адразу некалькіх штамаў.

Пра гэта папярэджвае загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар, галоўны пазаштатны спецыяліст па інфекцыйных захворваннях Міністэрства аховы здароўя Ігар Карпаў, піша «Народная воля».

«Пандэмія COVID-19 яшчэ не скончылася, — гаворыць аўтарытэтны беларускі доктар. — Мы, мусіць, ужо не ў эпіцэнтры, але і канца яшчэ не відаць».

На мінулым тыдні колькасць выпадкаў COVID-19 узрастала ў некаторых рэгіёнах свету. Гэта выклікана спалучэннем фактараў: цыркуляцыяй варыянта «амікрон» і яго падварыянта BA.5, а таксама паўсюдным зніжэннем мер абароны і накіраваных намаганняў грамадскай аховы здароўя.

Звяртае на сябе ўвагу новы падварыянт COVID-19 — XBB (Gryphon), хваля якога пачалася ў Сінгапуры, а таксама яшчэ адзін — BQ.1.1 (Cerberus), больш распаўсюджаны ў Еўропе і ЗША. Яны не характарызуюцца павелічэннем смяротнасці і вірулентнасці, але пры гэтым больш кантагіёзныя.

Таксама ў свеце з’явіўся новы тэрмін — трыдэмія. Трайны мікст (COVID-19, грып і рэспіраторна-сінцыцыяльны вірус) — тое, з чым ужо сутыкнуліся ў ЗША. Гэта стварае дадатковую нагрузку не толькі на амбулаторную, але і на шпітальную сетку, асабліва пры лімітаванай колькасці стацыянарных ложкаў.

Адбыўся нечакана ранні пачатак сезоннага ўздыму грыпу ў ЗША. Звычайна гэты вірус прыходзіць у краіну ў пачатку снежня. Ускосна ўсё гэта сведчыць пра тое, што і ў нас можа быць змена дамінантнага рэспіраторнага віруса. Гэта значыць, мы таксама не пазбегнем сур’ёзнага ўздыму захворванняў на грып.

Адзначаецца таксама значнае павелічэнне колькасці выпадкаў рэспіраторна-сінцыцыяльнага віруса, асабліва ў пажылых людзей і ў дзяцей да 2 гадоў. З гэтых пазіцый цікавымі ўяўляюцца апісанні гібрыдных вірусных часціц (грып і РСВ), якія з’явіліся ў навуковай літаратуры і хутчэй пранікаюць у лёгачную тканку.

У групе рызыкі тыя пацыенты, што і раней: пажылыя людзі з сур’ёзнымі фонавымі захворваннямі, імунадэпрэсіяй. Цяпер практычна ўсе цяжкія формы захворвання і ўся смяротнасць звязаны або з цяжкай саматыкай пацыентаў, або з узроставай імунадэпрэсіяй. 

Яшчэ раз хочацца паўтарыць тое, пра што гаворыцца больш за два гады: неабходна адказна, беражліва і ўважліва ставіцца да пажылых!

Варта звярнуць увагу на два лекавыя сродкі, якія ёсць у нашым арсенале і валодаюць даказанай эфектыўнасцю. Першы з іх — нірматрэлвір + рытанавір (у нашай аптэчнай сетцы прадаецца пад назвай скайвіра). Прымаецца ўнутр. Гэты прэпарат значна змяншае верагоднасць цяжкіх ускладненняў і прызначаны ў першую чаргу для пацыентаў з фонавымі захворваннямі і пажылых людзей на пачатку хваробы.

Пацыентам з груп рызыкі, якія хварэюць на COVID-19, мэтазгодна забяспечыць ранняе ўвядзенне рэмдэсівіру, які таксама валодае даказаным эфектам. Па сведчаннях, прызначаецца ўнутрывенна. Такая магчымасць ёсць ва ўсіх установах, і ёй трэба карыстацца. Для пажылых людзей гэта добры шанц на стабілізацыю стану».

Паводле слоў Карпава, як ніколі актуальная вакцынацыя супраць грыпу. Трэба быць гатовымі да істотнай ролі грыпознай інфекцыі ў гэтым сезоне, верагодна, больш раннім, чым звычайна.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
22.11.2022
Кто-то ещё верит в эти сказки про ПЛАНдемию?
0
Цемрашалы/адказаць/
07.12.2022
Krab, ага, і Зямля плоская.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера