Знайсці
21.11.2022 / 19:051РусŁacБел

На чэмпіянаце свету па футболе англічане разграмілі іранцаў 6:2. Але матч запомніцца не лікам

Матч першага тура групы B прайшоў на Міжнародным стадыёне імя шэйха Халіфы ў Ер-Раяне. І ўжо ў пачатку адбылася падзея, якая засведчыла, што матч будзе незвычайны — іранская зборная дэманстратыўна адмовілася выконваць гімн краіны ў знак салідарнасці з ахвярамі пратэстаў у Іране.

Напярэдадні, дарэчы, моцны пратэсны палітычны жэст зрабіла і жаночая зборная Ірана па баскетболе. Яе ўдзельніцы дэманстратыўна знялі абавязковыя для іранскіх жанчын хусткі-хіджабы і так зрабілі супольны здымак.

Палітычны аспект моцна адчуваўся і на трыбунах. Іранскія фанаты падчас гульні дэманстравалі плакаты «Жанчыны, жыццё, воля». 

Капітан жа зборнай Ірана Эксан Хаджсафі перад гульнёй каментаваў пратэсты: 

«Мы павінны прызнаць, што ўмовы ў нашай краіне няправільныя, людзі імі незадаволеныя. Перш за ўсё, я хацеў бы выказаць свае спачуванні ўсім сем'ям загінулых у Іране. Яны павінны ведаць, што мы з імі, мы іх падтрымліваем і спачуваем».

Пратэставы імпульс падтрымалі і англічане, іх капітан Хары Кейн выйшаў на гэты матч з павязкай, на якой было напісана «Не дыскрымінацыі». 

Увогуле англійская футбольная асацыяцыя планавала выкарыстоўваць павязку One Love, якая мусіла азначаць пратэст супраць любых формаў дыскрымінацыі, у тым ліку і з дыскрымінацыяй ЛГБТ. Але на гэта яна атрымала, як і іншыя федэрацыі, забарону ад ФІФА.

Міжнародная федэрацыя пагражала за такія павязкі даваць жоўтыя карткі капітанам ужо на самым пачатку матчаў. ФІФА ўзгадніла толькі павязкі з надпісам «Дыскрымінацыі — не!».

Сама гульня ішла пад дыктоўку англічан, якія фактычна вырашылі яе лёс ужо ў першым тайме.

На 35-й хвіліне лік адкрыў Джуд Белінгем, на 43-й падвоіў Букаё Сака, а ўжо ў дабаўлены да асноўных 45 хвілін час Рахім Стэрлінг давёў лік да буйнога.

Рафаэль Клаус, дарэчы, дадаў да першага тайма ажно 14 дадатковых хвілін. Гэта адбылося з-за затрымак пасля траўмы галкіпера іранцаў Алірэзы Беіранванда — ён сутыкнуўся з абаронцам сваёй каманды і разбіў нос.

Гульню прыпынялі двойчы, брамнік спрабаваў працягнуць сустрэчу, нягледзячы на пашкоджанні. Але ў выніку яго вынеслі з поля на насілках.

У другім тайме распачаты працэс разгрому іранцаў працягнуўся. На 62-й хвіліне Букаё Сака забіў чацвёрты гол (21-гадовы футбаліст тым самым адзначыўся дублем ужо ў дэбютным для сябе матчы ў фінальных турнірах чэмпіянату свету). І хоць праз тры хвіліны Мехдзі Тарэмі забіў першы іранскі мяч у адказ, галы Маркуса Рэшфарда на 71-й хвіліне і Джэка Грыліша на 89-й давялі лік да непрыстойнага. Другі гол таго ж Тарэмі ўжо ў дабаўлены час — арбітр зноў дадаў цэлых 10 хвілін, а рэальна гулялі яшчэ больш — таксама стаў слабым суцяшэннем.

Пасля апошняга гола англічан адбылася прыгожая сцэна.

Перад пачаткам чэмпіянату 11-гадовы хлопец Фінлі, хворы на цэрэбральны параліч, папрасіў Джэка Грыліша, калі той заб'е гол на чэмпіянаце, адзначыць яго такім чынам. І, забіўшы, Джэк пра гэтую просьбу не забыўся. 

Акрамя іншага, гэты матч адзначыўся незвычайным рэкордам — упершыню ў гісторыі чэмпіянатаў свету былі ўвадначас замененыя адразу чатыры гульцы. Зрабілі гэта англічане. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
ххі стагодзе/адказаць/
21.11.2022
малайцы. «Не дыскрымінацыі».
а тым часам на радзіме Статутаў...(
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера