Знайсці
11.11.2022 / 21:492РусŁacБел

Лукашэнка сказаў, што ў Беларусі вырабляюць ракеты. Якія?

Хутчэй за ўсё, гаворка пра ракеты для РСЗВ «Паланез» і ЗРК «Бук».

Выпрабаванні доследных узораў зенітных кіраваных ракет 9М318 распрацоўкі беларускага НВТАА «ОКБ ТСП», прызначаных для мадэрнізаванага ракетнага комплексу «Бук-МБ2» («Бук-МБ3К»), люты 2020 года. Фота: Дзяржкамваенпрам

У Беларусі, згодна з адкрытымі данымі, вырабляецца два віды ракет: для беларускай сістэмы залпавага агню «Паланез» (вытворца — «Завод дакладнай механікі») і зенітна-ракетнага комплексу «Бук» (вытворца — НВТАА «ОКБ ТСП»). 

«Паланезы»

Ракета для «Паланезаў». Фота: Завод дакладнай механікі

Беларусь пачала вырабляць такія ракеты адносна нядаўна. Раней ракеты для «Паланезаў» пастаўляў Кітай, але Лукашэнка доўгі час хацеў стварыць уласны боепрыпас для гэтага комплексу. Упершыню канцэптуальны ўзор такой ракеты прэзентавалі на выставе MILEX-2017.

На цяпер праведзеныя выпрабаванні такіх ракет, але ў «серыі» іх дагэтуль няма. Мяркуючы па ўсім, яна павінна мець далёкасць каля 300 кіламетраў пры масе трацілу ў ёй не меншай за 130 кілаграм, але можа быць намнога большай.

Вырабляць іх будзе «Завод дакладнай механікі» ў Станькаве. Пра назву такіх ракет пакуль дакладна невядома, як і пра іх выніковыя характарыстыкі, але вядома, што працы вядуцца ўжо больш за пяць гадоў, і вынікі ёсць.

Выпрабаванні «Паланезаў». Відэа: Завод дакладнай механікі

Пра намер купіць беларускія «Паланезы» як супрацьвагу HIMARS расіяне заявілі ў верасні 2022 года. Амерыканскія аналітыкі тады казалі пра тое, што магчымы варыянт нават сумеснай расійска-беларускай вытворчасці.

9M318 для ЗРК «Бук»

Ракеты 9М318 на выставе MILEX-2019. Фота: wikimedia.org

Ракеты 9М318 упершыню прэзентавалі ў 2019 годзе. Вырабляе іх прыватнае прадпрыемства НВТАА «ОКБ ТСП». Яны сабраныя з беларускіх камплектуючых падчас вытворчасці чарговай беларускай мадэрнізацыі ЗРК «Бук».

Першыя выпрабаванні гэтай ракеты прайшлі ў 2020 годзе, а мадэрнізаваны «Бук-МБК2» з гэтымі ракетамі на борце прэзентавалі на выставе ADEX-2022 у Баку ў верасні 2022 года. Згодна з апісаннем распрацоўнікаў, комплекс «прызначаны для паражэння ўсіх тыпаў аэрадынамічных цэляў ва ўмовах інтэнсіўнага радыёэлектроннага процідзеяння праціўніка, а таксама для барацьбы з тактычнымі балістычнымі ракетамі і элементамі высокадакладнай зброі, паражэння надводных і наземных цэляў».

9М318 мае заяўленую далёкасць стральбы ад 3 да 70 кіламетраў і можа трапляць у паветраную цэль, якая ляціць на вышыні ад 15 метраў да 25 кіламетраў з хуткасцю да 1350 м/с. Маса ракеты складае 815 кілаграмаў, яна абсталяваная актыўнай галоўкай саманавядзення і можа трапляць у цэль з дакладнасцю да 10 сантыметраў.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
a.hto.tam.idze/адказаць/
11.11.2022
Для настольнана тэнісу. З гумай ад Белшыны.
12.11.2022
a.hto.tam.idze, З'едлівыя каментары , канечне можна пісаць, асабліва, калі нічога не ведаеш пра беларускіх інжынераў. Апрыёры вы лічыце іх няздатнымі ні на што вартае. Іншымі словамі - ўсё, што зроблена беларусамі - гэта дзярмо. Калі так, то я бы спытаў у вас: тое, што вы робіце таксама дзярмо? А вашы бацькі таксама нічога вартага не зрабілі ў сваім жыцці? Ці вы лічыце сябе выключэннем з гэтага дзярмовага кола?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера