Знайсці
08.11.2022 / 21:03РусŁacБел

Як не аслабнуць у сезон ВРВІ? Адказвае доктар Камароўскі

Доктар Яўген Камароўскі на сваім ютуб-канале распавёў, як выжыць у сезон вострых рэспіраторных вірусных інфекцый. Даказаных спосабаў умацаваць імунітэт на самай справе не вельмі шмат, кажа ён. І называе тыя, якія сапраўды працуюць.

Скрын відэа

Доктар Камароўскі кажа, што ў сезон ВРВІ важна знізіць верагоднасць захварэць, а ўжо калі захварэлі, то паменшыць цяжкасць працякання ВРВІ.

«Калі вам прыходзіць у галаву думка пра ўмацаванне імунітэту, то вы павінны ведаць, што дзеянняў з даказанай эфектыўнасцю, якія рэальна прафілактуюць ВРВІ і ўмацоўваюць імунную сістэму, вельмі-вельмі мала. Гэта значыць, можна колькі заўгодна слухаць рэкламу, напрыклад, піце вітамін С, аскарбінка — гэта выратаванне, але

рэальных навуковых прац, дзе было б даказана, што ўжыванне вітаміну С у такой і такой дозе памяншае імавернасць захворвання, няма», — кажа ён.

Камароўскі называе дзеянні і элементы ладу жыцця, у дачыненні да якіх эфектыўнасць прафілактыкі, паводле яго, адназначная.

Фізічныя нагрузкі

«Адназначна даказана, што калі ёсць дзве папуляцыі людзей, якія жывуць у аднолькавых умовах — гэтыя 50 студэнтаў ходзяць у спартзалу, а гэтыя 50 не ходзяць, а ва ўсім астатнім усё аднолькава, то тыя, што ходзяць у спартзалу, прычым не прафесіянальна спортам займаюцца, а проста маюць дазаваныя штодзённыя фізічныя нагрузкі — гэтыя людзі хварэюць ВРВІ на 30—40 адсоткаў радзей».

Камароўскі звяртае ўвагу, што любыя фізічныя нагрузкі актывізуюць працу сэрца, сасудаў, паляпшаюць кровазварот слізістых абалонак, што важна для правільнай працы мясцовага імунітэту. «Любыя фізічныя нагрузкі працуюць, і гэта актуальна ў любым узросце».

Мінімальная інтэнсіўная фізічная нагрузка для дарослага чалавека — 20 хвілін у дзень.

«20 хвілін у дзень, калі калоціцца сэрца, калі вы рэальна рухаецеся — гэта ўжо спосаб ацалець у сезон ВРВІ».

Сон

«Восем гадзін (мінімум — шэсць) моцнага сну — найважнейшая ўмова».

Спаць аптымальна пры тэмпературы каля 18 градусаў і з вільготнасцю паветра ад 40 да 60 працэнтаў. Калі побач нехта храпе, падумайце пра берушы. «Важна яшчэ днём задумацца над тым, як вы праведзяце ноч, якія ўмовы будуць у спальні».

Стрэс

Стрэсы бываюць кіраваныя намі і некіраваныя. Камароўскі кажа, што ўбачыць сваімі вачыма, напрыклад, пажар — гэта тое, на што мы не можам паўплываць. Але мы можам паўплываць на той стрэс, які мы адчуваем, атрымліваючы інфармацыю. Адключэнне або дазаванне кіраваных крыніц стрэсу — найважнейшае прафілактычнае дзеянне.

«Калі хтосьці паведамляе вам толькі негатыўную інфармацыю, гэтую крыніцу не трэба слухаць і глядзець. Калі вас папярэджваюць пра пагрозу і не называюць спосабы, як трэба дзейнічаць пры гэтай пагрозе, то гэта стрэс дзеля стрэсу.

Стрэс, які не нясе ў сабе ніякага пазітыву, які не дае вам шанцу выжыць».

Гэта тычыць не толькі СМІ або мэсэнджараў.

Гэта можа быць суседка, таварыш па працы, сустрэча з якім заканчваецца тым, што ў вас псуецца настрой, калоціцца сэрца і жыць не хочацца. «Выкрэслівайце такіх людзей», — раіць доктар.

Харчаванне

Правільнае харчаванне — гэта тое, што «прынцыпова павялічвае нашы шанцы ацалець у сезон ВРВІ».

Гэта харчаванне, дзе шмат гародніны, садавіны, харчаванне, калі мы ямо «па апетыце», дзе мінімум кансерваў, абмежаваная колькасць солі, шмат зеляніны, ёсць свежая рыба і гэтак далей.

«Алкаголь у любой колькасці і ў любым выглядзе не адносіцца да элементаў харчавання, што станоўча ўплываюць на вашу будучыню», — папярэджвае доктар.

Тое ж датычыцца і курэння. «Тытунёвы дым у любым выглядзе зʼяўляецца ці не асноўным фактарам з бытавых, што негатыўна ўплываюць на стан мясцовага імунітэту, а значыць павелічэння вашых шанцаў захварэць».

Што яшчэ

Не забывайце, што для працы сістэмы мясцовага імунітэту патрэбна чыстае халаднаватае вільготнае паветра, інтэнсіўны абмен паветра, не забывайцеся пра маскі і мыць рукі.

Не лезьце ў натоўп людзей. Па магчымасці сядзіце дома.

Зрабіце прышчэпку ад грыпу.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера