Лукашэнка: Украінцам няма ў чым папракнуць Беларусь
Беларусь робіць усё, «каб спыніць кровапраліцце» ва Украіне, і «ні для каго мы не былі крыніцай пагрозы». Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных краін, перадае БЕЛТА.
Міру ва Украіне можна дасягнуць на працягу некалькіх дзён, лічыць Лукашэнка. «Калі еўрапейцы шчыра гэтага жадаюць, міру можна дасягнуць на працягу некалькіх дзён», — мяркуе ён.
У гэты ж час, паводле Лукашэнкі, Беларусь, з тэрыторыі якой Расія напала на Украіну, «нязменна выступала і выступае з мірнымі ініцыятывамі на міжнароднай арэне».
«Страціўшы кожнага трэцяга ў часы фашысцкага генацыду, беларусы, як ні адна іншая нацыя ў свеце, высока цэняць чалавечае жыццё. Кожнае чалавечае жыццё! — адзначыў Лукашэнка. — У тым ліку па гэтай прычыне і раней, і сёння, калі побач з намі, ва Украіне, палае ваенны канфлікт, нязменна выступалі і выступаем з мірнымі ініцыятывамі на міжнароднай арэне. Мы лічым канфлікт паміж брацкімі народамі велізарнай трагедыяй.
Ён — прамое следства стратэгічных інтрыг і найвялікшай дурасці, перш за ўсё заходніх палітыкаў».
Лукашэнка зноў звінаваціў у вайне Захад, а не Расію.
«Які раз заяўляю пра гэта і папярэджваю еўрапейцаў: адумайцеся і рабіце ўсё для таго, каб на гэтай зямлі быў мір», — сказаў Лукашэнка.
Ён кажа, што Беларусь «сумленна спрабавала ўсімі сіламі не дапусціць гэтага вар'яцтва».
«І не трэба нас сёння папракаць у суагрэсіі ці яшчэ ў нечым. Мы былі, ёсць і будзем разам з нашай Расіяй. У нас з Расіяй саюз больш цесны, чым блок НАТА. Што вы ад нас хочаце? Але ў той жа час мы гаворым пра тое, што мы не будзем ваяваць ва Украіне. Давайце мірна супрацоўнічаць. Беларусь украінцам няма ў чым папракнуць. Нас, беларусаў, няма ў чым папракнуць. Не мы пачалі канфліктаваць з Украінай.
Гэта яны раней заходніх дзяржаў і Амерыкі закрылі неба для пралётаў нашых самалётаў і аб'явілі эканамічную блакаду Беларусі, — сказаў Лукашэнка. — Чаго вы цяпер парыцеся і ад нас нешта патрабуеце? Мы свята выконваем нашы дамоўленасці з Расіяй. І пра гэта да канфлікту ведалі ўсе ў НАТА, і тым больш у Амерыцы».





