Знайсці
29.09.2022 / 23:07 4

Як беларускі мастак маляваў оркаў і эльфаў, а пасля пераключыўся на беларускіх нячысцікаў

А ці бачылі вы беларускіх нячысцікаў? А ці ведалі, што іх малюе праграміст з Горадні? Ды яшчэ стылусам на смартфоне? Творчая гісторыя мастака-самавука Артура Басака пра тое, як цяга да малявання і міфалогіі ператварылася ва ўлюбёнае хобі і атрымала гарачы водгук у аўдыторыі. Гісторыяй дзеліцца партал «Аловак».

Гаёўка

«Раней маляваў усялякіх оркаў і эльфаў, а тут пераключыўся на беларускіх нячысцікаў»

— Артур, сёння ты праграміст, і мастацтва для цябе толькі хобі. А пасля школы ты выпадкова не стаяў паміж выбарам: быць мастаком ці праграмістам?

— Не, такога пытання ніколі не стаяла. Малюю я з дзяцінства, шпалеры размалёўваў, як і шмат хто з дзяцей. У Баранавічах, дзе я нарадзіўся, наведваў некалькі мастацкіх школ: Палац дзіцячай творчасці, Гарадскую мастацкую школу і яшчэ нейкі гурток у маёй гімназіі № 1. І ні ў воднай з гэтых установаў не было настаўніка, які б мяне зацікавіў, натхніў, паказаў прыклад. Я добра памятаю, что мне не падабаліся падыходы, якія былі ў гэтых установах. Ніводную з іх я так і не скончыў.

А вось настаўнік інфарматыкі нашай гімназіі сваю справу зрабіў добра — і ўжо з 5 класа я цікавіўся не толькі кампутарамі, але менавіта праграмаваннем. Нават удзельнічаў у алімпіядах. Таму яшчэ да ВНУ я паступіў у Гарадзенскі тэхналагічны каледж па спецыяльнасці «Тэхнік-праграміст» і далей развіваўся ў гэтым кірунку, але не пераставаў маляваць для душы. Лясун, Наўка, Хапун у мяне захаваліся яшчэ на паперы, з даінстаграмных часоў.

— А як у цябе з’явілася цікаўнасць да беларускіх міфалагічных істот?

Міфалогія падабалася з маленства, пачыналася ўсё, канешне, з грэцкай: медуза Гаргона, Лярнейская гідра, Нямейскі леў, Мінатаўр і г.д. Далей цікавіўся легендамі пра Караля Артура — ён жа мой цёзка.

Памятаю, што ў дзяцінстве вельмі падабаліся кнігі «Чараўнік з краіны Оз», «Сем падземных каралёў» і, вядома, «Урфін Джус і яго драўляныя салдаты». Дагэтуль лічу, што гэта вельмі файнае дзіцячае фэнтэзі.

Хабёр, Цар усіх ракаў

А потым было ўжо больш сталае фэнтэзі: «Хобіт» і «Ўладар пярсцёнкаў» Дж.Р.Р. Толкіна, «Гары Потэр» Дж.К. Роўлінг, «Вядзьмар» А. Сапкоўскага. Ну і кампутарныя гульні з гэтай тэматыкай: Warcraft, Diablo і г.д.

У нейкі момант з’явілася цікавасць да свайго: а што ў нас было замест кентаўраў і мінатаўраў? Павінна ж нешта быць! Як капнуў, дык так і закапаўся. Раней маляваў усялякіх монстраў, оркаў, эльфаў, а тут пераключыўся на беларускіх нячысцікаў, зразумеў, што некаторых персанажаў беларускай міфалогіі яшчэ ніхто не маляваў — ніша вольная.

Наша міфалогія больш багатая за скандынаўскую і грэцкую, таму што людзі ў нашай краіне ў стане неадукаванасці і нейкай вясковасці жылі дольш і больш, чым у іншых краінах. Нават хрысціянства цалкам не знішчыла ўсе гэтыя абрады і павер’і, яно толькі іх трошкі трансфармавала. Што тут казаць, хтосьці і дагэтуль возіць сваіх дзяцей-заік да бабак-шаптух у вёску.

«Некаторых персанажаў беларускай міфалогіі яшчэ ніхто не маляваў»

— Раскажы падрабязней, на якія крыніцы і на творчасць якіх мастакоў ты абапіраешся, малюючы беларускіх нячысцікаў?

— Ёсць некалькі вельмі класічных кніжак па беларуская міфалогіі і фальклору, дзе можна знайсці інфармацыю пра нашых пачвар ды монстраў. Напрыклад, энцыклапедычны слоўнік «Міфалогія беларусаў» пад навуковай рэдакцыяй Таццяны Валодзінай і Сяргея Санько. Знакамітая «Зямная дарога ў вырай: беларускія народныя прыкметы і павер’і» Уладзіміра Васілевіча, працы Паўла Шпілеўскага і Адама Багдановіча, выпускі «Беларускага фальклору», які выдае час ад часу НАН Беларусі. Усім вядомыя сборнікі казак: «Заклятыя скарбы», «З рога ўсяго многа», «Людзей слухай, а свой розум май» і г.д.

Яшчэ ёсць цудоўны інтэрнэт-праект «Беларускі Бестыярый» майго знаёмага мастака і ілюстратара беларускіх нячысцікаў Яўгена Ката.

Пра кнігі шмат хто пытаецца з падпісантаў, я імі час ад часу дзялюся ў сваіх сторыз «Кнігі». Вось вам фота маёй сціплай хатняй фальклорнай бібліятэкі:

З мастакоў, безумоўна, я паглядаю на ілюстрацыі Валерыя Пятровіча Славука. Ён, верагодна, быў, ёсць і застанецца канонам у гэтай тэме. На кнігах з яго ілюстрацыямі асабіста я вырас. У мяне ёсць яго мастацкі альбом і такія бэстсэлеры, як «Чароўны свет» і «Вядзьмар, які рабіўся ваўком». На жаль, пакуль аўтографа яго ў мяне няма.

Але маімі любімымі ілюстратарамі я лічу Тэадора Севярына Кітэльсена і Ёна Баўэра, якія цудоўна і неверагодна малявалі скандынаўскіх троляў. Здаецца, на мой стыль і атмасферу малюнкаў менавіта яны паўплывалі больш за астатніх.

— А колькі персанажаў ужо створана ў межах праекта «Беларускія нячысцікі»? Ці ёсць сярод іх твае ўлюбёнцы?

— Ёсць ужо каля 200 ілюстрацый, улічваючы персанажаў не толькі ніжэйшай міфалогіі (нячысцікаў і духаў), але і вышэйшай (старажытных багоў). Я ўсіх люблю аднолькава, а на аватарку профіля я паставіў Гаёўку, бо мне падабаецца, як яна атрымалася ў мяне. А вось у маіх дзяцей ёсць любімыя персанажы: дачка любіць усіх русалак і аднарогаў, а сынка — усіх цмокаў.

— Беларуская міфалогія і дэманалогія для цябе — гэта невычэрпная крыніца натхнення? Табе не зацесна ў гэтай нішы? Не было думак калі-небудзь паспрабаваць сябе ў іншай сферы ці тэхніцы?

— Я ўжо троху стаміўся ад гэтых эльфаў і оркаў Толкіна, яны паўсюль. І дагэтуль эксплатуецца гэтая тэма і ягоныя творы, вось новы серыял надоечы выйшаў. А беларуская міфалогія — гэта ж не толькі сваё, роднае, але і канцэптуальна нешта новае, тэма не разгорнутая ні ў кіно, ні ў кампутарных гульнях або настолках, ды і ў літаратуры з мастацтвам таксама сціпла раскрытая.

Цесна? Не, я нават магу пасунуцца яшчэ для каго-небудзь (смяецца). А калі вядзецца пра тэхніку, то цікава было б, напрыклад, паспрабаваць зрабіць фігуркі або скульптуры нячысцікаў, але на гэта патрэбны час, мо калі-небудзь. Дарэчы, раней я таксама маляваў нячысцікаў, толькі вуглём або алоўкам на звычайнай паперы.

«Усе працы выкананы ў лічбавым фармаце з дапамогай смартфона Samsung Note 10 і пяра S Pen»

— Калі я прачытала, што ты малюеш беларускіх монстраў стылусам на смартфоне, то была вельмі ўражаная. Раскажы, чаму ты абраў такую тэхніку і ў чым яе спецыфіка?

— Тут нічога спецыфічнага, падыход той жа, што і на планшэце, але экран меншы, таму і фармат меншы. А маленькі фармат хутчэй і лягчэй маляваць. Планшэт у мяне ёсць, але я абіраю тэлефон, таму што часу на хобі ў мяне няшмат, а хуткія замалёвы на тэлефоне я магу рабіць, дзе заўгодна.

Жыцень, палявік

Карыстаюся я старой праграмкай, яе, напэўна, ужо няма ў Google Play, завецца «Накід», нешта накшталт Paint, вельмі простая прылада, некалькі колераў і аловак. Таксама выкарыстоўваю заўсёды адзін фільтр, каб колеры зрабіць больш цёмнымі і цьмянымі. А ў астатнім тэхніка тая ж, як і на паперы, я часам паказваю працэс ў інстаграм-гісторыях «Замалёвы» — калі прыглядзецца, то можна ўбачыць, як шмат штрыхоў я раблю.

Мінусы такога падыхода ў тым, што выявы вельмі маленькія, іх не надрукуеш на вялікім палатне, ну і лічбавая ілюстрацыя, якую можна тыражаваць, цэніцца меней, чым выкананая класічнымі прыладамі ў адным экзэмпляры.

— Ты непрафесійны мастак, але твае карцінкі нячысцікаў настолькі шырока разышліся, што твая творчасць цяпер больш пазнавальная, чым творчасць многіх прафесійных мастакоў. Чым ты тлумачыш гэты поспех? Ты займаўся прасоўваннем, трапіў у трэнд ці нешта іншае?

— Я не адчуваю нейкага асаблівага поспеху. Ёсць куды больш папулярныя акаўнты беларускіх ілюстратараў. Мне здаецца, поспех тут толькі ў тым, што, па сутнасці, не так шмат альтэрнатывы. Пералічыце мне тых, хто робіць ілюстрацыі, прысвечаныя беларускай міфалогіі, — здаецца, хопіць пальцаў адной рукі. Некаторых персанажаў я першы намаляваў, іх выяваў увогуле не было ў прыродзе.

І стыль: чорны фон, усё такое цёмнае, таямнічае, часам жудаснае, кантраст святла і ззянне вачэй. Такое лёгка вылучыць і ідэнтыфікаваць. Таму і пазнавальна. Усе ж навокал кажуць, што ў мастака павінен быць свой стыль, ну вось я свой знайшоў і пакуль працягваю ў ім працаваць.

А наконт прасоўвання, так, я ладзіў некалькі прома-акцый у інстаграм — і гэта дапамагло знайсці аўдыторыю. Але, мне здаецца, больш дапамагае «сарафаннае радыё», калі тыя, каму рэальна цікавая тэма, дзеляцца маімі публікацыямі з сябрамі ў гісторыях і паведамленнях. Так некаторыя знакамітыя беларускія музыкі і спартоўцы дзяліліся маім акаўнтам у сваіх сацсетках, яны і дагэтуль на мяне падпісаныя. Інфармацыйныя, творчыя і фальклорныя суполкі таксама рабілі мне маленькую рэкламу, напрыклад, Onliner, Chrysalis Magazine, «Традыцыйны Строй», «Дзед Янкель» і інш. Дарэчы, «Аловак» таксама мяне двойчы ўзгадваў у сваіх артыкулах — і за гэта я ўсім вельмі ўдзячны і кажу вялікі дзякуй, бо грошы я нікому не плаціў! Гэта магія інтэрнэту, так вось усё працуе.

Ну, і самае галоўнае, выявы без тэксту не былі б вельмі цікавыя людзям. Трэба адзначыць, што людзей цікавіць у першую чаргу камбінація тэксту і выявы, людзей прыцягвае менавіта беларуская міфалогія. Цяпер беларуская культура на ўздыме, гэта мэйнстрым, і гэта значна ўплывае на папулярнасць той або іншай рэчы.

«Калі я пачынаў, мой месячны заробак быў 140 даляраў»

— Ці прыносіць тваё хобі нейкі прыбытак?

— Не, хутчэй наадварот. У інстаграме ў мяне няма ніякай манетызацыі, я не раблю рэкламы за грошы. Калі я чымсьці дзялюся, то гэта таму што мне шчыра падабаецца. Калабарацыі таксама ніякіх грошай мне не прынеслі. Я сумняюся, ці варта заводзіць які-небудзь Patreon: беларусы цяпер і так эканамічна не ў найлепшым стане, а у мяне падпісанты пераважана тут, у краіне, многія з вёсак і малых гарадоў. Гэта не тая аўдыторыя, якая магла б данаціць, мне падаецца.

— Ты айцішнік, які жыве ў Горадні. Ці не задумваўся ты пра пераезд у Менск ці за мяжу? І што ты мяркуеш пра сучасную масавую рэлакацыю ў ІТ-сферы?

— Мне вельмі падабаецца Горадня, лічу сябе менавіта гарадзенцам, большую частку жыцця жыву тут, тут сустрэў жонку, тут нарадзіліся дзеці. Але час такі, што, канешне ж, разважаеш пра пераезд, бо становішча ў маёй галіне цяжкае, хутка працы будзе менш, чым было раней, шмат кліентаў і кампаній сыходзіць і не хоча працаваць тут болей. І гэта вельмі сумна.

Купальскі Дзядок

На мой погляд, забіваюць кураня, якое несла залатыя яйкі. Гэта сучасныя студэнты выпускаюцца і прыходзяць у развітую галіну, вялікія офісы з кавай і прысмакамі, а таксама добрымі заробкамі. А калі я пачынаў, то працаваў у падвале мясцовай кампаніі на расейскі рынак, знаходзілася яна на Азерскай шашы паміж нейкіх гаражоў, і мой месячны заробак быў 140 даляраў. Я бачыў, як гэта ўсё развівалася, як адчыняліся новыя офісы, ствараліся новыя кампанія, узнікалі новыя працоўныя месцы і раслі заробкі. Фактычна, мая галіна зрабіла сярэдні клас у Беларусі. І, канешне ж, ад таго мне значна больш сумна і горача, чым тым, хто не ведае, як гэта ўсё пачыналася. Калі ўсё так і працягнецца, то мы больш не будзем «ІТ-краінай», можна будзе ўсталяваць помнік гэтай галіне, гэта будзе адкат да 2008, у лепшым выпадку — да 2010 года.

Я вось у жніўні сышоў з кампаніі, можна сказаць, праз тое, што не пагадзіўся на рэлакацыю. Прапановаў новай працы няшмат, пакуль беспрацоўны. Канешне, калі такая тэндэнцыя застанецца, то прыйдзецца неяк думаць пра пераезд. Большая частка тых, каго я ведаю, з’ехалі за мяжу, крэатыўных людзей становіцца значна менш. Але загадваць не буду, пабачым, у нашым краі заўсёды было цяжка, здаецца, гэта нейкі бясконцы беларускі лёс.

— Неяк ты бясплатна рассылаў сваім падпісчыкам паштоўкі з монстрамі — і ўсе ў мастацкіх філатэлістычных капэртах з выявамі гістарычных мясцін Беларусі 1998, 1999, 2000, 2004, 2009 гадоў. Раскажы і пра гэтае сваё захапленне.

— Таксама хобі з дзяцінства. Мой дзед, бацька і хросны збіралі паштовыя маркі. Усе іх калекцыі ў выніку мне засталіся. Трэба было з гэтым нешта рабіць. Я вырашыў працягнуць, але потым зразумеў, што нельга збіраць адначасова ўсё, усе тэмы. Дый прыйшло разуменне, што нічога незвычайнага ў калекцыі няма. Тады я выбраў пэўную тэму — еўрапейскі зубр. Зрабіў фокус на ёй — і цяпер у мяне вельмі сур’ёзная, на мой погляд, філатэлістычная калекцыя марак, паштовак, канвертаў і паштовых картак. Яе можна паглядзець на сайце zubry.by — на жаль, толькі на расейскай або ангельскай мове, калі рукі дойдуць, то будзе і беларуская. Некалькі разоў я прапаноўваў дзяржаўным музеям зрабіць выставу маёй калекцыі, але нікому не цікава, нават музею ў Белавежская пушчы таксама не цікава. Ну а вось гэтыя мастацкія канверты, па сутнасці, былі мне не патрэбныя, бо да тэмы не адносяцца, вось я і вырашыў, што будзе файна даслаць у іх паштоўкі з нячысцікамі. Людзям будзе прыемна.

«Вакол усяго гэтага можна зрабіць вельмі цікавую экскурсію для аматараў міфалогіі»

— Раскажы пра тваю выставу на фестывалі «Шлях Цмока» і пра Музей міфаў таксама.

— Фестываль «Шлях Цмока» — гэта штогадовы фестываль у вёсцы Домжарыцы, дзе знаходзіцца Бярэзінскі запаведнік. Фестываль прысвечаны менавіта беларускай міфалогіі, а яго асноўны брэнд — гэта беларускі цмок. Недалёка ад запаведніка знаходзіцца Лепельскае возера, дзе, паводле легенды, жыў цмок, вось у гонар яго і названы гэты фестываль.

На працягу фестывалю пераапранутыя ў розных беларускіх нячысцікаў акторы і аніматары ладзяць гульні, сцэнкі, спектаклі. Таксама вялікай часткай фестывалю з’яўляюцца канцэрт музыкаў, горад рамеснікаў, пляцоўка мастакоў і навуковыя даклады ад нашых знакамітых навукоўцаў і даследчыкаў беларускага фальклора. Сёлета быў трэці па ліку фестываль, на якім у мяне з Яўгенам Катом была сумесная выстава.

Пасля фестывалю я зрабіў падарунак Музею міфаў і пакінуў ім усе свае выявы, якія прывёз з Горадні на выставу. Спадзяюся, хутка яны будуць упрыгожваць экспазіцыю музея.

Таксама ў Бярэзінскім запаведніку ёсць Музей міфаў. Гэта адзіны музей на тэрыторыі Беларусі, прысвечаны менавіта нашай роднай міфалогіі. Адна яго частка знаходзіцца ў будынку — гэта тры пакоі, якія сімвалізуюць зямное жыццё, падземны свет, дзе гаспадарыць Вужыны Кароль, і нябёсы. Другая частка — у лесе, на свежым паветры, дзе можна знайсці цікавыя скульптуры розных міфалагічных персанажаў. Дарэчы, кульмінація фестывалю «Шлях цмока» — гэта начная экскурсія па прыроднай частцы Музея міфаў.

— Таццяна Валодзіна — доктарка філалагічных навук і загадчыца аддзела фалькларыстыкі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — напісала табе ў аўтографе, што ты робіш больш за цэлы інстытут. Як ты ставішся да такой ацэнкі сваёй творчасці?

— Канешне ж, гэта вельмі прыемна, але, на мой погляд, вельмі гучна. Насамрэч я звычайны аматар, які нешта там малюе. Трэба разумець, што без такіх выбітных навукоўцаў, як Таццяна Васілеўна Валодзіна і іншыя, мы б нічога не ведалі пра наш фальклор і міфалогію, а значыцца, і маляваць не было б чаго.

— Я чула, што ў цябе ёсць ідэя міфалагічнай экскурсіі па Горадні. Раскажы пра яе.

— Вось у кожным палацы або замку ёсць нейкая містычная легенда пра здань або скарб. Калі вы наведаеце Нясвіжскі палац, то абавязкова пачуеце ад гіда пра Чорную Панну. Мне здаецца, гэта вельмі цікава і прываблівае турыстаў. Але я не ведаю якіх-небудзь экскурсій, якія б былі цалкам пабудаваны на міфах і легендах. Нейкая такая вось жывая казка, мо нават з акторамі і вопраткай пэўнай, і, канешне ж, ноччу.

У Горадні шмат цікавых лакацый, звязаных з міфамі і легендамі. Ёсць Алень Святога Губерта, здань Белай Панны і караля Стэфана Баторыя, пра апошняга кажуць: «Кадук яго ўзяў». Кадук у беларуская міфалогіі — гэта жудасны дэман. Ёсць помнік Адаму Міцкевічу, які і пра Дзядоў пісаў, і пра Свіцязянку. Артур Конан Дойл узгадваў у сваім «Сабаку Баскервіляў» нейкага прывіднага гарадзенскага сабаку. А ў нашым гарадскім лесе «Пышкі» сто адсоткаў жыве Лясун. Ёсць жудасная легенда пра ведзьмара Максіма Знака, якога ў 1691 годзе спалілі на плошчы Горадні за чараўніцтва. Карацей, такую містычную праграму можна разгарнуць! І галоўнае, у нас ёсць музей Максіма Багдановіча, у якім жыў і яго бацька — Адам Багдановіч, выбітны фалькларыст і навукоўца.

Прывід караля Баторыя ў гродзенскім Старым замку

Вось вакол усяго гэтага можна зрабіць вельмі цікавую экскурсію для аматараў міфалогіі.

«З боку піару гэта была добрая калабарацыя»

— Твая першая персанальная выстава адбылася ў этна-краме «Цудоўня» ў Горадні. А дзе яшчэ вісяць твае карціны?

— У мяне было некалькі надрукаваных ілюстрацый яшчэ з першага майго фестывалю «Шлях цмока», і гарадзенская этна-крама «Цудоўня» прапанавала мне павесіць гэтыя выявы ў будынку крамы. Атрымалася такая міні-выстава. Частка, напэўна, і дагэтуль там вісіць.

Яшчэ адна мая ілюстрацыя знаходзіцца ў мастацкім фондзе музея Лідскага замка. Гэта была ініцыятыва старшага навуковага супрацоўніка музея Мікалая Іоды адчыніць такую вось міні-выставу ў рамках святочнай праграмы «Ноч у музеі». Гэта выява здані аднаго з ваяроў князя Карыбута, які раней жыў і кіраваў Лідскім замкам, але пры аблозе пакінуў яго і здрадзіў сваім ваярам. Прывіды ваяроў і дагэтуль шукаюць яго. Цікавасць выставы яшчэ і ў тым, што карціну кожны тыдзень вешаюць у рознае месца замка, то бок наведнікам яшчэ трэба адшукаць гэтую здань.

Ну вось і выявы з апошняга «Шляха цмока» трапілі ў Музей міфаў, а рэшта маіх выяваў у сеціве.

— Год таму выходзіў каляндар з беларускімі монстрамі, у LSTR можна набыць цішотку з выявамі беларускіх нячысцікаў… Раскажы пра праекты і калабарацыі, у якіх табе давялося паўдзельнічаць.

Каляндар мне прапанаваў выпусціць Яўген Кот, гэта яго праект, частка «Беларускага бестыярыя». Было 6 ягоных ілюстрацый і 6 маіх. Надрукавалі 1000 асобнікаў, якія вельмі хутка разышліся. Здаецца, з боку піару гэта была добрая калабарацыя, таму што потым, калі я тэлефанаваў у выдавецтвы наконт сваёй кнігі, многія ўжо пра мяне ведалі, дзякуючы календару і яго поспеху. А вось фінансава тут я нічога не выйграў: выдавецтва «Галіяфы», якое выдала каляндар, зачынілі і цяпер ліквідуюць, таму па грошах нават у мінус трошкі выйшаў.

Было дзве калабарацыі з брэндамі адзення. З боку падпісантаў быў запыт на цішоткі, ну і я паабяццаў, што абавязкова будуць. Сам я іх зрабіць не мог, бо трэба ведаць, дзе, як, што і ІП адчыняць, каб гандляваць. Таму напісаў некалькім крамам і вытворчасцям. У выніку зрабілі цішоткі з беларускімі старажытнымі багамі разам з этна-крамай «Рагна» і беларускіх нячысцікаў з LSTR. Дзякуй крамам за супрацу, бо для іх гэта быў трошкі чэлендж, бо мае выявы вельмі маленькія і растравыя (іх цяжка друкаваць на вопратцы, для вопраткі робяць выявы ў вектарным фармаце). Людзі купляюць цішоткі, але наколькі там усё паспяхова, не ведаю, бо для мяне гэта толькі нейкая рэклама, ніякіх адсоткаў я там не бяру.

Яшчэ знакаміты дзіцячы расейскамоўны часопіс «Каламбур» з накладам ў 1000 асобнікаў зрабіў з маімі нячысцікамі добры разварот.

«Нячысцікі беларускія, таму і мова беларуская»

— Цяпер ты ў пошуку выдавецтва для сваёй кнігі пра беларускіх нячысцікаў. Раскажы: што гэта будзе за выданне?

— О, зараз будзе эксклюзіў. Ніхто яшчэ не ведае, нават падпісанты (смяецца). Выдавецтва я знайшоў — гэта «Тэхналогія», дамова ўжо падпісаная, нават макет кнігі ўжо гатовы і неўзабаве ўсё пойдзе ў друк.

Гэта будзе толькі першая кніга з цэлай серыі — «Беларускія нячысцікі: лясныя». Спадзяюся, што хопіць рэсурсаў зрабіць астатнія: балотныя, дварова-хатнія, вадзяныя, палявыя і інш.

Першапачаткова была ідэя проста перанесці інстаграм-старонку ў кнігу, то бок проста ілюстрацыі нячысцікаў і іх апісанне побач. Але у працэсе канцэпт змяніўся, кніга будзе мастацкай, нават з невялічкім сюжэтам.

Ведзьмы

Галоўны персанаж — нячысціказнаўца, нехта такі пасярэдзіне паміж Ньютам Саламандрам з «Фантастычных пачвар» і Ван Хельсінгам або Ведзьмаром Сапкоўскага. Ён вандруе па беларускіх землях, вёсках і мястэчках і запісвае ў свой нататнік маленькія аповеды пра нячысцікаў, якіх сустракае на сваім шляху. Першая частка прысвечана менавіта лясным нячысцікам.

З тэкстам мне дапамагае сапраўдная пісьменніца, аўтарка ўжо двух беларускіх паўнавартасных фэнтэзійных кніг. Ілюстрацыі нячысцікаў будуць тыя ж, што і ў маім інстаграм-акаўнце, то бок гэта ўсё яшчэ накшталт нейкага каталога або энцыклапедыі, але будзе яшчэ і трошкі дадатковай графікі і малюнкаў. Асобнікаў будзе 700.

Карацей будзе бомба, больш нічога не скажу — чакайце, каму цікава!

— Твой мастацкі праект ты ведзеш па-беларуску, твая кніга таксама выйдзе па-беларуску. Цікаўнасць да беларускай мовы прыйшла разам з цікаўнасцю да фальклору, ці гэта зусім іншая гісторыя?

— Беларуская мова была заўсёды побач са мной. У жыцці большая частка асяроддзя расейскамоўная, таму расейскую ўжываю часцей, але з беларускамоўнымі размаўляю па-беларуску.

Рэч у тым, што мой родны дзядзька, брат маёй матулі, заўсёды размаўляў па-беларуску і жыў побач. Ён удзельнік Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, якое ліквідавалі ў 2021 годзе, а папяровыя нумары першай газеты з рысункамі заўсёды ў маленстве ў мяне былі на стале. Я нават свае дзіцячыя малюнкі дасылаў у гэтую газету на конкурс і беларускамоўную кнігу выйграў у выніку, нешта там пра сузор’і было. Таму для мяне не складана было заўсёды пераключацца з мовы на мову. Канешне, я раблю памылкі, але гэта нармальна. Што датычыцца ўсялякіх там экзаменаў і дыктантаў, то заўсёды абіраў беларускую мову, калі быў выбар.

Нячысцікі беларускія, таму і мова беларуская. Арыгінальная літаратура пра беларускі фальклор пераважна таксама заўсёды на беларускай мове, то бок тут усё на сваіх месцах.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
30.09.2022
Больш да карыкатураў падобна.
0
відьмаявідьма / адказаць
30.09.2022
ведзьмы... нейкая трэццясортная порназорка і фрэдзі кругер у хустцы, а не вядзьмаркі
увогуле ўражанне, што ўсё па матывах нейкіх галівудскіх фільмаў і кампутарных гульняў. не бачна беларускасці і глыбіні...

прабачце
0
Міколка паравоз / адказаць
02.10.2022
Выдатна!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31