Абвешчаныя новыя драконаўскія прысуды: гэтым разам сябрам ініцыятывы «Буслы ляцяць»
Суддзя Анастасія Папко сёння прызначыла вялікія тэрміны шасці фігурантам справы ініцыятывы «Буслы ляцяць». Яны дасягаюць 15 гадоў калоніі, піша «Вясна».
Аляксею Іванісаву прысудзілі 14 гадоў калоніі і штраф у 500 базавых.
Аляксею Гамезу — 14,5 гадоў калоніі і штраф у 500 базавых.
Мікалаю Біблісу — 8,5 гадоў калоніі і штраф у 300 базавых.
Андрэю Будаю — 15 гадоў калоніі і штраф у 500 базавых.
Аляксандру Мураўёву і Аляксандру Сідарэнку — па 12 гадоў калоніі кожнаму.
У залежнасці ад ролі кожнага ў розным спалучэнні хлопцаў абвінавачваюць ва:
- удзеле ў ініцыятыве «Буслы ляцяць», якая прызнаная структурамі лукашэнкаўскага рэжыму тэрарыстычнай;
- удзеле ў акцыях пратэсту;
- пашкоджанні аўтамабіля суддзі Барысаўскага раёна і шын аўтамабіля актывіста-карэспандэнта цэнтральнага СМІ;
- кіданні камянёў у вокны кватэры мінскага пракурора і праўладнай актывісткі;
- знішчэнні сістэмы відэаназірання ў Фрунзенскім раёне Мінска.
Суд па справе па хадайніцтву пракуроркі зрабілі закрытым, ён ішоў амаль 4 месяцы.
Перад сённяшнім судовым пасяджэннем паміж «пацярпелымі» і 76-гадовай маці Іванісава Наталляй адбыўся канфлікт. Група падтрымкі «пацярпелых» пачала наракаць, што, маўляў, з-за такіх як абвінавачваныя «ўсё адбываецца і можа пачацца вайна».
Маці Іванісава не вытрымала і нешта ім адказала. На яе выклікалі нарад міліцыі. На 76-гадовую жанчыны міліцыянты склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.





