Знайсці
15.09.2022 / 09:162РусŁacБел

6 беларускамоўных ютуб-каналаў, якія вы маглі прапусціць

Беларускі ютуб расце, але ж каналаў на роднай мове ў ім усё яшчэ няшмат. Што рабіць тым, хто хоча глядзець відэа па-беларуску? Зрабілі для вас невялікую падборку цікавых каналаў.

Скрыншот: відэа з канала «Годна»

ХАДАНОВІЧ | CHADANOVIČ (7,6 тысячы падпісчыкаў)

Паэт, перакладчык і літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч завёў свой канал у красавіку 2022 года. У сітуацыі, калі беларуская культура пакутуе праз рэпрэсіі і крызіс у краіне, Хадановіч узяў на сябе задачу расказваць пра айчынную і замежную літаратуру, што цяпер актуальная для беларусаў.

Яму цікавыя, вядома, беларускія аўтары, таму Хадановіч здымае пра Купалу, Быкава і Караткевіча, але не забывае распавесці і пра Знака, Фядуту і Аляксандрава як аўтараў сучаснай літаратуры за кратамі. А яшчэ пераасэнсоўвае Пушкіна як імперца, расказвае пра Беларусь вачыма Станіслава Ежы Леца, згадвае пра «Восень патрыярха» (блізкая да сённяшняй Беларусі гісторыя) і шукае сувязі паміж Гербертам Уэлсам і беларускім грамадствам. Карацей, адна інтэлектуальная асалода.

Youtube / Telegram

Годна (47,1 тысячы падпісчыкаў)

Грамадская кампанія «Годна» робіць буйны па беларускіх мерках ютуб-канал, дзе багата карыснага кантэнту. Калі адчуваеце сябе ў роднай мове няўпэўнена, прагледзьце, напрыклад, моўнае шоу «Гоман» з 12 частак, якое яго аўтары называюць сапраўдным анлайн-курсам па вывучэнні роднай мовы. Ці звярніце ўвагу на відэапраект «Годная Беларусь», што распавядае пра тое, чым беларусы здзіўлялі свет і што мы яму далі, або зацаніце відэавандроўкі па беларускіх рэгіёнах. Кантэнт для дзяцей, дарэчы, у «Годна» таксама ёсць.

У апошнія месяцы канал быў не надта актыўны, але некалькі тыдняў таму на ім зноў пачалі з’яўляцца новыя відэа. Апошняе з іх — пра беларускую лацінку, на якую апалчыліся беларускія прапагандысты, і пра тое, як навучыцца чытаць і пісаць беларускай лацінкай.

Youtube / Telegram

Будзьма беларусамі! (4,6 тысячы падпісчыкаў)

Гэта старонка яшчэ больш сталай грамадскай ініцыятывы — «Будзьма беларусамі!». Цяпер на канале актыўна выходзяць відэа з рубрыкі «Гісторыя за 5 хвілін»: тут і звыклыя са школьных часоў асобы накшталт Еўфрасінні Полацкай і Усяслава Чарадзея, і больш нестандартныя гісторыі — напрыклад, пра першую беларускую металургію ці Падляшша.

«Будзьма!» вучыць па-беларуску гатаваць качыныя ножкі, верашчаку і калачыкі з грыбным начыннем, а таксама прапануе сваю чытанку для малых па-беларуску. Часам тут расказваюць пра тэхналагічныя вынаходніцтвы ў духу электракараў ці дапоўненай рэальнасці. Адзначым і новае на канале: менш за тыдзень таму на ім выйшаў першы эпізод серыяла «Трызуб і Пагоня» з вядоўцай Кацярынай Ваданосавай, якая расказвае пра тысячу гадоў агульнай гісторыі беларусаў і ўкраінцаў.

Youtube / Telegram

Tradycyja / Belarusian Traditional Culture (3,75 тысячы падпісчыкаў)

Стваральнікі гэтага канала ўмеюць прыгожа паказаць беларускія абрады і строі. Частка кантэнту ў іх дублюецца па-англійску, ёсць і ролікі для дзяцей.

Цікавая рубрыка — майстар-класы, на жаль, яна не надта развітая. Але ж і міма таго, што ўжо на канале, праходзіць не варта: тут вы знойдзеце майстар-класы па выцінанцы, стварэнні каляднай зоркі і каляднай маскі Казы. Чым не нагода паспрабаваць зрабіць што-небудзь з гэтага самастойна?

Youtube / Telegram

Vozhyk (3,7 тысячы падпісчыкаў)

Аўтар рэсурсу Vozhyk перакладае на беларускую мову з ангілйскай і нямецкай гумарыстычныя ролікі, але не абмінае і сур'ёзных тэмаў. З вясёлага адзначым пераклад фрагментаў анімацыйнага серыяла Awkward Puppets ці, напрыклад, ролікі «Калі цябе не заўважаюць у рэстаране» і «17 спосабаў кінуць дзяўчыну» (кантэнт 18+ тут таксама ёсць).

Сур'ёзнага кантэнту тут няшмат, прыклад — беларускамоўны трэйлер фільма «Матрыца: Уваскрашэнне». Гледзячы па апошніх відэа, аўтар спрабуе перакладаць на беларускую стэндап — атрымоўваецца няблага!

Youtube / Telegram

Тутэйшы Шляхціч (7,9 тысячы падпісчыкаў)

Канал блогера Усяслава Пашкевіча з'явіўся яшчэ ў 2015 годзе, але ніколі відэа ў ім не выходзілі так інтэнсіўна, як ў апошнія месяцы. Пашкевіча збольшага цікавяць гістарычныя тэмы: так, ён разважае пра антысавецкі супраціў у Беларусі і гісторыю Яўгена Жыхара, пра тое, ці з'яўляецца беларускім Смаленск, хто такі Сувораў і якімі былі ранейшыя паўстанні на Беларусі.

Раней хлопец спрабаваў закранаць і іншыя пытанні. Так, Усяслаў дзяліўся сваім шляхам да беларускай мовы і гутарыў з выкладчыцай з Іспаніі Анхелай Эспіносай, якая размаўляе па-беларуску.

Youtube / Telegram

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Сем падкастаў па-беларуску для тых, хто хоча слухаць сваё

Хочаце на роднай мове? Вось пяць рэсурсаў, дзе можна паглядзець кіно па-беларуску

Чарльз, Карл, Караль? Як называць новага брытанскага манарха па-беларуску

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Illa Falažynski /адказаць/
15.09.2022
Магчыма кагосьці зацікавіць і мой канал, дзе я дзялюся беларускамоўнай музыкай: www.youtube.com/c/illafalazynski?sub_confirmation=1
8
Valadzimir/адказаць/
15.09.2022
Паглядзеў выпуск "Вікінгі ў Полацку і Кіеве" серыялу "Трызуб і Пагоня" рубрыкі "Гісторыя за 5 хвілін" каналу "Будзьма беларусамі". Суцэльная хлусьня і жудасная прафанацыя. Прычым хлусьня ужо ў самім загалоўку выпуску - на самой справе, і гэта агульнавядома, у летапісах паведамляецца НЕ пра "вікінгаў", а пра "варагаў"русь, што абсалютна не адно і тое.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера