Знайсці
03.04.2022 / 21:46РусŁacБел

«Начуем па сябрах, няма дзе жыць». Шчыры аповед салістаў «Разбітага сэрца пацана»

Гэта адзін з самых рок-н-рольных беларускіх гуртоў — не толькі праз свае творы, але і праз свой лёс. У апошнія паўтара года існавання гурта ўмясціліся і суткі ў Жодзіне (музыкаў затрымалі проста на канцэрце), і пераезд ва Украіну, і ад’езд з ваеннага Кіева падчас бамбёжкі.

Але ж РСП працягвае ствараць, адчуваць, рэфлексаваць і даваць канцэрты, што дазваляюць слухачам хоць на пару гадзін вырвацца са змрочнай рэальнасці нашага часу.

Напярэдадні аднаго з такіх канцэртаў у Вільні мы пагутарылі з салістамі гурта Паўлам Гарадніцкім і Дзянісам Тарасенкам пра вайну, настрой і творчасць. І пра тое, чаму Украіна абавязкова пераможа.

«Музыцы заўсёды ёсць месца»

«Наша Ніва»: Калі вы з’ехалі з Украіны?

Дзяніс: Увечары 24 лютага.

Павел: У мяне іншая сітуацыя. У той час, калі пачалася вайна, я быў на гастролях са Свабодным тэатрам у Лондане, паказвалі «Сабак Еўропы». Але мая жонка была ў Кіеве. Яна застала вайну, і гэта тое яшчэ выпрабаванне, калі твой блізкі там і ты не можаш нічога зрабіць. Сувязь кепска працуе, ты не ведаеш, дзе яны, едуць ці не… Жах.

Дзяніс: Мы выязджалі пад бамбёжкай. Ехалі на трох машынах, беларускай калонай.

«НН»: Цяжка было пакідаць Украіну?

Дзяніс: Канешне, цяжка. І хаця мы фізічна з’ехалі адтуль, кожную секунду я хачу туды вярнуцца, мару аб гэтым моманце.

«НН»: Украіна стала домам?

Дзяніс: Другім домам, так. Украіна прыняла нас, зрабіла так, каб нам там было добра і камфортна, цёпла, каб туды хацелася вярнуцца.

«НН»: Што бачылі, калі з’язджалі?

Дзяніс: Знішчальнікі, атаку на Гастомельскі аэрапорт, непасрэдна баявыя дзеянні. Чуў выбухі, кананаду. Бачыў натоўпы людзей і машын, заторы… Дагэтуль усё стаіць перад вачыма.

«НН»: Памятаеце, з чаго для вас пачалася вайна?

Дзяніс: Прачнуўся а сёмай раніцы, зірнуў у інтэрнэт і прачытаў, што пачалася вайна. Потым мне патэлефанавала сяброўка, што жыве на суседняй вуліцы, і спытала, ці чуў я выбухі. Калі яна гэта прамовіла, зусім недалёка ад мяне адбыўся вельмі гучны выбух. Я, канешне, падскочыў ад нечаканасці, пачалася ўнутраная паніка — што рабіць?

А потым заняўся рознымі справамі і неяк пераадолеў гэтую паніку. Мне трэба было паехаць на запраўку, дык тры кіламетры да яе я ехаў восем гадзін. Былі вялікія заторы, бо ў кіламетры ад запраўкі пачаліся сапраўдныя баявыя дзеянні. Але ж заправіўся. Перад тым, як сесці ў машыну, нам давялося яшчэ хавацца ад бамбёжкі ў маленькім падвальчыку ў краме. Калі бамбёжка сціхла, вырашылі ехаць. Выбралі больш-менш вольны напрамак, па жытомірскай трасе.

Дзяніс Тарасенка

Павел: У нас у тэатры за дзень да гэтага, здаецца, быў выходны, і мы пайшлі на піва. Таму прачнуўся я з цяжкай галавой, бо дазволіў сабе лішняга. А прачнуўся ад таго, што нехта грукаўся ў дзверы ў нашым гатэлі ў Лондане. Літаральна ў трусах адчыняю дзверы, а там стаіць менеджарка нашага тэатра Света Сугака і кажа: твая жонка прасіла, каб ты праверыў тэлефон. Ён у мяне быў на бязгучным рэжыме, і тут бачу, што жонка званіла мне разоў 20 і пісала паведамленні пра тое, што ідзе вайна, бамбяць.

Неяк адразу не зразумеў, што адбываецца. Вельмі хацелася спаць, таму пагутарыў з ёй, паклаў трубку і заплюшчыў вочы. А потым схамянуўся — маўляў, што, у сэнсе? Не здолеў ужо заснуць і цэлы дзень не мог сабрацца, мяне калаціла, ліліся слёзы. Было поўнае адчуванне бездапаможнасці: ты не можаш туды прыехаць і нешта зрабіць для блізкага, адзіная ваша сувязь — праз тэлефон. А яна там, і там бамбяць. Толькі праз шэсць дзён жонка апынулася ў Варшаве, і ўсе гэтыя шэсць дзён я правёў на тэлефоне.

«НН»: Дзе цяпер базіруецца гурт?

Павел: Пакуль што ў Варшаве, але больш гэта падобна да качавога існавання. Начуем па сябрах і не маем сталага месца, дзе маглі б жыць, пакуль што нідзе не легалізаваліся.

«НН»: То-бок Варшава — гэта не нешта канчатковае?

Дзяніс: Ведаеце, нам пакуль што вельмі цяжка рабіць доўгатэрміновыя планы, хутчэй, жывём па прынцыпе «раніцай спланаваць вечар». Таму як пойдзе.

«НН»: Як гэта — выходзіць на сцэну і граць канцэрты ў такой новай рэальнасці?

Дзяніс: Проста выходзіць на сцэну і граць. Гэта наша дзеянне, наша прафесія, тое, чым мы можам цяпер дапамагчы Украіне — сабраць грошы на падтрымку Украіны.

«НН»: Ці ёсць месца музыцы ў ваенны час?

Дзяніс: Музыцы заўсёды ёсць месца, у любы час. Музыка ёсць як на пахаваннях, так і на вяселлях, і заўсёды ў галаве музыка. Яна можа быць і трывожная, і радасная.

Павел: Думаю, музыка нават можа дапамагчы. Яшчэ трэба разумець, што, напрыклад, 26 сакавіка ў Вільні мы не проста ладзілі канцэрт. Гэта яшчэ і месца сустрэч аднадумцаў, людзей, якія супраць вайны і рэжыму, аб’яднаных адной мэтай. Яны жывуць у адным інфармацыйным полі, часта даволі панурым і дэпрэсіўным. Таму канцэрт — нейкі спосаб трошкі расслабіцца і зразумець, што заўсёды ёсць нагода адчуваць радасць, аптымізм. Мы ўсе на стрэсе, таму задача — проста на дзве гадзіны расслабіцца.

«НН»: 21 студзеня ў Кіеве адбылася прэзентацыя вашага альбома «Шанс/Off». Было тады прадчуванне, што свет можа так хутка змяніцца?

Дзяніс: Не, у мяне не было. Нават 23 лютага, за дзень да вайны, ніхто ў яе магчымасць не верыў. Знаёмыя хлопцы-ўкраінцы казалі мне, што нічога не будзе, можа, на мяжы трохі пастраляюць. Ды ўжо пасля пачатку вайны казалі: можа, гэта разавая падзея, пастраляюць і нешта вырашаць. Немагчыма ў сучасным свеце ўявіць такі маштаб трагедыі.

Павел Гарадніцкі

Павел: Тое, што паведамляліся канкрэтныя даты вайны, таксама прымушала думаць, што наўрад ці што пачнецца. Маўляў, хто так робіць? Хто будзе нападаць, калі вайна ўжо абвешчаная, калі людзей папярэдзілі?

«НН»: Той альбом, які вы прэзентавалі, быў прысвечаны вашаму адміністрацыйнаму арышту. Ці чакаць ад вас працу, прысвечаную цяперашняй вайне?

Дзяніс: Як пойдзе. Тэма вельмі цяжкая і глыбокая, яе трэба яшчэ асэнсоўваць, гэта жыцці мільёнаў людзей. Я напісаў нядаўна песню пра вайну, вельмі злую, але не ведаем, ці атрымаецца ў нас пра гэта альбом.

«Хочацца максімальна дапамагчы Украіне, усім, чым толькі можна»

«НН»: Калі вы глядзіце на тое, як вашы ўкраінскія калегі, спевакі запісваюцца ў тэрабарону, удзельнічаюць у валанцёрстве — што гэта для вас?

Дзяніс: Да такіх людзей — толькі павага, але ёсць і маленькая ўнутраная зайздрасць. Хочацца максімальна дапамагчы Украіне, усім, чым толькі можна. Пакуль што немагчымы наш фізічны ўдзел у баявых дзеяннях, але мы можам выступаць на сцэне і праз гэта збіраць для Украіны грошы, і мы гэта робім. Я дапамагаў украінскім уцекачам, вазіў людзей на машыне ў Варшаве некалькі дзён. Прыязджалі людзі, і валанцёры шукалі ім часовае жытло: каму на тыдзень, каму на пару дзён, каму — проста пераначаваць. Я вазіў гэтых людзей з вакзала да іх жытла.

Ніводзін нармальны чалавек не можа застацца ў баку ад гэтай трагедыі, адседзецца і адмаўчацца. Таму, калі людзі маюць магчымасць абараняць краіну са зброяй у руках, гэта цалкам правільна.

Павел: Вельмі перажываем за іх. Сёння прачыталі навіну пра Андрэя Хлыўнюка з гурта «Бумбокс», які быў паранены мінамётным агнём у твар. Я нашу кепку гэтага гурта, іх афіцыйны мерч. Хвалюемся і за яго, і за іншых украінскіх артыстаў, якія цяпер у тэрабароне. Калі яны мяне пачуюць, хачу іх папрасіць, каб яны сябе бераглі па меры магчымасці. Калі мы застанемся без такіх асоб, як Хлыўнюк ці Вакарчук, гэта будуць вялікія страты для ўкраінскай культуры. Зразумела, што падчас вайны ўсе гінуць, няма дзялення на артыстаў і простых людзей. Але хай яны сябе паберагуць для будучай квітнеючай Украіны, якая будзе вольнай.

«НН»: Дзяніс, тыя бежанцы, каму ты дапамагаў у Варшаве — што гэта былі за людзі?

Дзяніс: Жанчыны з дзецьмі, стомленыя, напужаныя людзі. Звычайны стан дзіцяці — шумны, а гэтыя дзеці былі прыціхлыя, у іх былі напалоханыя вочы. Гэта самае страшнае.

«НН»: Украіна пераможа?

Дзяніс: Яна не можа не перамагчы, таму што інакш будзе канец. За імі праўда.

Павел: Ім няма куды дзявацца, яны на сваёй зямлі, і ім няма куды адступаць. Акупант не на сваёй зямлі, таму ён прайграе. Паглядзіце любое відэа ўкраінцаў, напрыклад, з тэрабароны і гляньце, які ў іх настрой. Яны настроены рваць акупантаў да апошняга, таму гэтая нацыя проста не можа прайграць.

Я часта думаў пра ўкраінцаў, што яны дужа разрозненыя, паміж імі сваркі ды спрэчкі. Але цяпер Зяленскі з Парашэнкам паціснулі адзін аднаму руку і сказалі: мы пачынаем з нуля, бо ў нас адзіная мэта. І ўся краіна так аб’ядналася. Не важна, на якой мове ты гаварыш, галоўнае — выстаяць і перамагчы. Я заўсёды захапляўся ўкраінцамі, але цяпер мае ўяўленне пра іх нашмат палепшылася.

Дзяніс: Гэтыя трагічныя абставіны толькі пацвердзілі маё меркаванне, што ўкраінцы — вельмі магутная і сур’ёзная нацыя, што яны могуць адстойваць сваё права быць вольнымі і даказваюць гэта справай.

«НН»: Украінская вайна зменіць Беларусь?

Дзяніс: Яна зменіць увесь свет, не толькі Беларусь. Як сказаў Байдэн — украінская вайна зменіць усё ХХІ стагоддзе, і Беларусь таксама не застанецца такой, як была раней. Толькі ў які бок зменіцца Беларусь, пакуль дакладна невядома.

«НН»: Якія планы перапыніла вайна?

Дзяніс: У нас збіраецца матэрыял на новы альбом, яго шмат, таму думалі працаваць з ім. Таксама хацелі рабіць творчыя рэзідэнцыі, вывозіць тых нашых хлопцаў з гурта, што яшчэ ў Мінску, да нас, нешта разам рабіць, здымаць кліпы. Адзін мы ўжо зрабілі, паспелі зняць яго за некалькі дзён да вайны, цяпер ён у стадыі мантажу. Планавалі жыць паўнавартасным творчым жыццём.

Павел: Думалі рабіць сумесны матэрыял з файным украінскім гуртам «Хамерман Знищує Віруси».

«Прачынаюся і засынаю з адной думкай: ці можна вяртацца?»

«НН»: Зараз атрымоўваецца вярнуцца да планавання? І ў творчасці, і ў побыце.

Павел: Вельмі кароткатэрмінова: сёння адыграць канцэрт, заўтра паехаць на Варшаву…

Дзяніс: Паслязаўтра — прыдумаць, дзе нам жыць на наступным тыдні. Мы цяпер тыдзень дажываем у знаёмых, а потым абсалютна не разумеем, куды ісці. Кватэр у Варшаве няма, немагчыма зняць жытло ў вялікіх польскіх гарадах праз перанасяленне.

Павел: Цяпер такі час, што кожны дзень ты не ведаеш, што будзе далей, не можаш асабліва нічога планаваць. Свабодны тэатр, у якім я працую, планаваў гадавую рэзідэнцыю-рэлакейт у Варшаву. Усё адмянілася, таму што зараз не да Свабоднага тэатра. У тым месцы, дзе мы павінны былі рэпетаваць і граць, зараз украінскія бежанцы. Усё змяняецца, і тое, дзе я буду працаваць і жыць, зараз пад вялікім пытаннем. Тое ж самае датычыцца Дзяніса.

Дзяніс: Я прачынаюся і засынаю з адной думкай: ці вызвалілі Ірпень, ці можна вяртацца? Спадзяюся, што гэта ўсё часова і хутка ўжо можна будзе вярнуцца туды, на другую радзіму, і пачаць яе адбудоўваць.

«НН»: Спытаю ў цябе як у чалавека, які жыў у Ірпені: што гэта за месца?

Дзяніс: Ірпень — гэта найкрашчы горад на зямлі. У Ірпені свая асаблівая атмасфера, да вайны гэта быў горад-курорт. Гэта прыгожы, маленькі, утульны горад з сучаснымі забудовамі, там прыгожыя дамы, паркі, вуліцы, алеі, фантаны. Гэта была лялечка, карцінка.

«НН»: Як тады рэагаваў, калі пабачыў тыя самыя фоты з Ірпеня з дзецьмі пад мастом?

Дзяніс: Я па гэтым мосце кожны дзень ездзіў. Цяжка перадаць, што адчуваў, калі бачыў гэтыя фоты. Жах я адчуваў. Унутры ўсё сціскаецца, калі бачу, што адбываецца ў Ірпені, пастаянна ж за ім сачу. Усё гэта вельмі цяжка ўспрымаць.

«НН»: Што вам дапамагае трымацца?

Дзяніс: Як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Спрыяе вырашэнне нейкіх праблем, што раптам узнікаюць, простыя дзеянні: схадзіць у краму, знайсці месца са зніжкамі, пашукаць кватэру, працу, інфармацыю па легалізацыі. Побытавыя справы, руціна адцягвае ўвагу ад цяжкіх думак пра вайну.

Павел: І творчасць дапамагае. Мне лягчэй ад таго, што я цяпер доўга займаўся «Сабакамі Еўропы» — спачатку былі рэпетыцыі, потым спектаклі, зараз мы яшчэ адыгралі канцэрт у Вільні. Творчыя справы адцягваюць увагу.

Дзяніс: Праца дапамагае. Быў бы агарод і лапата — я б з задавальненнем ускапаў гэты агарод уздоўж і ўпоперак, бо гэта адцягвае ўвагу.

Павел: А яшчэ трэба пачуццё гумару. Варта пабольш глядзець Кіма, Арастовіча. Калі ўжо яны кажуць пра сітуацыю спакойна і з пачуццём гумару, гэта ўсяляе аптымізм. Такіх людзей бы пабольш, і самім трэба такімі рабіцца, а не кіснуць.

«НН»: Арастовіч і Кім, якіх вы назвалі — зусім не той тып дзяржаўных дзеячаў, да якога мы прывыклі ў Беларусі. Чаму ў іх такое маладое і яркае кіраўніцтва, зусім не тое, што мы маем?

Дзяніс: Рыба гніе з галавы. Там малады і прыгожы Зяленскі і такія ж маладыя і прыгожыя астатнія.

Павел: Гэта проста іншая генерацыя людзей. Яны чытаюць не па паперцы, не трымаюць яе трасучымі рукамі, і гэта аўтаномныя людзі, яны самі прымаюць рашэнні. Зразумела, што нейкая каардынацыя там ёсць, але яны на месцах кажуць: калі Зяленскі здасць Украіну, мы самі не здадзімся. Калі б у Беларусі была вайна, няўжо б які віцебскі губернатар ці той жа Карпянкоў здолелі сябе так паводзіць?

Дзяніс: Гэта і ёсць сучасная адказная дэмакратыя.

Павел: Адказны — вельмі важнае слова. Яны ўсе — адказныя на сваіх пастах. Не тое, што ў іншых: будзем рабіць тое, што нам скажуць, абы было ціха.

«НН»: Беларусь можа быць такой?

Дзяніс: Так, можа. І, канешне, яна стане такой. Гэта пытанне часу і пытанне цаны, бо сцэнары могуць быць рознымі. Але Беларусь стане такой.

«НН»: Чым бы вам хацелася скончыць нашу размову?

Павел: Проста хачу сказаць людзям, каб трымаліся. Мы разам і з украінцамі, і з беларусамі, мы пераможам.

Дзяніс: Зараз час дзеянняў. Кожны павінен дзейнічаць, як можа, а не сядзець на месцы, ахаць і войкаць. Хто што можа: дапамагаць, валанцёрыць, збіраць грошы. Трэба рабіць свой унёсак у перамогу, хоць маленечкі.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

«Самыя страшныя людзі на свеце — ціхоні». Трэнер Алег Дулуб пра вайну і маўклівых спартоўцаў

«Астатні свет ставіўся да нас як да апендыкса Расіі. Але ўкраінцы вырваліся з постсавецкай свядомасці». Вялікая размова з ONUKA

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера