Знайсці
03.11.2022 / 10:021РусŁacБел

Як Якуб Колас сядзеў на «Валадарцы» за несанкцыянаваны сход

Якубу Коласу — 140 гадоў. Падчас ператрусаў ён хаваў рукапісы за сваёй густой барадой і працаваў над «Новай зямлёй» і «Сымонам-музыкам». Перадрукоўваем архіўны матэрыял.

Дні мінаюць, дні праходзяць,
Летам зменіцца зіма,
А мы сохнем і марнеем,
Нам тут радасці няма…

Гэта радкі з верша Коласа «У турме». Яго не праходзяць у школе, але Лявон Вольскі напісаў на яго моцную хард­рокавую песню.

Якуб Колас правёў за кратамі тры гады (1908—1911). Найлепшыя творы беларускага генія — «Новая зямля» і «Сымон­-музыка» — таксама ствараліся ў мінскай каталажцы. Пазней, у аўтабіяграфічнай трылогіі «На ростанях», пісьменнік апіша турэмны побыт свайго героя, настаўніка Андрэя Лабановіча.

Крымінальная справа

Канстанцін Міцкевіч — гэта, калі хто забыў, было сапраўднае імя Коласа, пачынаў сваю кар’еру настаўнікам. Летам 1906 года ён узяў удзел у нелегальным з’ездзе «народных вучыцялёў» Мінскай губерні, які прайшоў на беразе Нёмана. Пра з’езд дазналася царская паліцыя, і Кастусю Міцкевічу, як і іншым яго ўдзельнікам, забаранілі настаўнічаць. Паралельна пачалося следства — як бы сказалі цяпер, была заведзеная крымінальная справа.

З’езд настаўнікаў Мінскай губерні адбыўся 9 ліпеня 1906 года ва ўрочышчы Прыстанька каля вёскі Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага павета. На ім гаварылі пра неабходнасць навучання дзяцей на беларускай мове і бясплатнага навучання ў пачатковых школах, пра бяспраўнае становішча народнага настаўніка ва ўмовах царскага рэжыму.

Фармальнай прычынай крымінальнай справы была лістоўка, аўтарства якой было прыпісана Коласу. Яна заклікала да правядзення яшчэ больш прадстаўнічага з’езда ў канцы таго ж года. Гэта выклікала трывогу паліцыі. Напісаў тую ўлётку іншы настаўнік, па прозвішчы Жук, але паліцыя палічыла аўтарам Канстанціна Міцкевіча.

Прыстанька — былы рум. Гэта тут, на высокім беразе Нёмана, праходзіў несанкцыянаваны з'езд настаўнікаў. Да гэтага месца, дзе добра медытуецца, можна дабрацца ляснымі дарогамі і ад Мікалаеўшчыны, і ад Сверынава, але аўтамабілем толькі ў сухі сезон. 

Каларытна апісана Максімам Лужаніным у кнізе «Колас расказвае пра сябе» (Мінск, 1964 год) застолле ў 1950-­я гады, калі раптам падчас вечарыны адзін сябар кідае рэпліку: маўляў, Колас сядзеў па сваёй дурасці, бо чужую віну прыняў. Песняра гэтыя словы зачапілі, але віду ён не падаў, а пасля ўжо прыватна скажа Лужаніну: «А я так мяркую. Лепш тры гады ў турме адседзець, чым хвіліну на волі падлюгам быць. Што ж я мусіў зрабіць? Выказаць таварыша, на здраду пайсці?»

«Лепш тры гады ў турме адседзець, чым хвіліну на волі падлюгам быць»

Судзілі Коласа ў будынку былога базыльянскага манастыра на Саборнай плошчы ў Мінску (цяпер плошча Свабоды, 23). Лістоўку следчыя органы двойчы адпраўлялі на экспертызу. Колас прыгадваў: «Першы раз эксперты далі патрэбныя суду весткі. Другі раз прызналі, што рука не мая». Гэта ніколькі не засмуціла абвінаваўцаў: «Пракурор як усхопіцца! І давай: «З прычыны разыходжанняў у поглядах экспертаў, гаспадара суддзі, патрабую Міцкевіча асудзіць». У іх усё было вырашана загадзя. Не ўдавалася пасадзіць за падабенства почырку, дык пасадзілі за разыходжанне паміж экспертамі. Ці саву аб пень, ці пнём аб саву».

Але пакуль ішоў працэс, Колас не быў на лаве падсудных і нават мог час ад часу выходзіць з залы. У перапынку паміж пасяджэннямі пайшоў гуляць па горадзе, падсілкаваўся. Мог нават ўцячы, але сам прызнаваўся: «Таварышаў судзяць, як жа я магу пакінуць іх?» Меркаваў, прысуд можа даць штуршок далейшаму настаўніцкаму руху. Развязка настала бліжэй да канца пасяджэння: «А тут прысуд, і Кабека, старшыня суда, загадвае ўзяць мяне пад варту. Акалодачны, смаркач, зусім зялёны, хоп мяне за рукаў. «Чаго ты скачаш, як певень? Не хапай, сам пайду», — помню сказаў і адапхнуў яго рукою». 

Пакуль ішоў працэс, Коласу дазвалялася выходзіць з залы. У перапынку паміж пасяджэннямі ён мог выйсці паесці ў горадзе. Мог нават уцячы, але сам прызнаваўся: «Таварышаў судзяць, як жа я магу пакінуць іх?» На фота: Мінск, Верхні горад, спуск да Зыбіцкай, у раёне Полацкіх Валокаў. DEPOSITPHOTOS.COM, BY ALLE2009

Узяў бы ражку масла…

Сядзеў арыштант Міцкевіч у некалькіх турмах.

Аляксандр Уласаў, выдавец «Нашай Нівы», прыгадваў: «У Менску хадзіў у турму да Коласа. Помню, недзе пад Брэсцкім вакзалам, у завулку, драўляную турму, тыпу павятовай турмы, досыць патрыярхальную». Цікавыя былі ягоныя парады, як трымацца пры такіх сустрэчах.

«Я шмат разоў адведваў людзей у турмах. Ніколі не трэба пытацца: як маешся? А найлепей што-­небудзь вясёлае, анекдоты».

Верагодна, падчас гэтых сустрэч, хоць і пад наглядам стражнікаў, якія любілі слухаць анекдоты Уласава не менш за Коласа, паэту ўдавалася перадаваць свае вершы з астрога ў «Нашу Ніву».

Але ў драўлянай турме (сёння гэта раён вуліцы Фабрыцыуса) давялося сядзець нядоўга. Асноўным месцам адседкі Коласа быў турэмны замак 1825 года пабудовы, які заўсёды дзейнічаў як турма і дагэтуль не памяняў свайго прызначэння (сёння СІЗА №1 Мінска па вуліцы Валадарскага).

Запатрабаваная пры ўсіх рэжымах. Так мінская «Валадарка» выглядала ў 1941 годзе.

Колас прыгадваў: «Трапіў на час на Дабрамысленскі завулак. Там трымалі кароткатэрміновых. А пасля зноў пераехаў назад, у Пішчалінскі замак. Камер за час адседкі давялося змяніць некалькі. Сядзеў у кутняй, каля вежы, № 1. Потым перакінулі насупраць, здаецца, у пятую».

Першая з нямногіх радасць у астрозе — не разлучылі з сябрамі.

Колас сядзеў ля вежы, але не ў самой вежы вядомай сёння «Валадаркі». Бо ў вежы былі так званыя «дваранскія» (на астрожнай мове) камеры. Туды звычайна садзілі больш важных людзей: чыноўнікаў, паноў, купцоў. Тых, хто меў пэўную вагу і «не зусім пустыя кішэні». Замест нараў там былі больш­менш выгодныя ложкі, на працягу дня памяшканні былі адчыненымі, і нават на прагулкі ў двор «дваран» выводзілі асобна ад іншых. Наш герой адзначаў: «Папасці ў такую камеру звычайнаму смяротнаму было трудна».

Малады Якуб Колас

Часам у канкурэнтаў на выгодныя апартаменты было нават спаборніцтва з перадачай у адміністрацыю мёду, масла і іншых прысмакаў. Кіраўніцтва турмы не спяшалася аддаваць перавагу некаму аднаму, але ад пачастункаў не адмаўлялася. Астатнія зняволеныя падсмейваліся з такога суперніцтва, перайначвалі песні пра будучых «дваран» і запытваліся, колькі шчасліўцам каштавала атрыманая выгода.

Колас разам з іншымі спяваў украінскую песню «Узяў бы я бандуру ды зайграў, што знаў» на турэмны лад:

Узяў бы ражку* масла
Ды ў кантору даў,
Скажуць арыштанты,
Што Барысам стаў.

*Ражка — тазік, вялікая драўляная пасудзіна.

Асобна сядзець з пэўнымі выгодамі можна было яшчэ «на маліне»: «маліннікаў» ахоўвалі ад іншых зняволеных, каб над імі не ўчынілі расправу, бо іх страшэнна не любілі. У гэтую катэгорыю маглі патрапіць былыя пракуроры, начальнікі астрогаў, прыставы, шпегі і іншыя памагатыя.

За часамі Коласа ў турме «на маліне» сядзела некалькі салдат. Яны ўчынілі забойства арыштантаў, калі пераводзілі іх з Мінска ў Ігумен (сёння горад Чэрвень). А было так: спачатку тыя салдаты зрабілі прывал з гарэлкай, а як пабачылі, што паўцякалі галоўныя злачынцы, то пастралялі астатніх, каб апраўдацца перад начальствам, што быў «пабег». Чуючы малітву тых салдат (відаць, каяліся), сусед Коласа «часта крычаў ва ўсё горла і лаяў іх усёю моцаю арыштанцкай лаянкі». 

Турэмны слоўнік пачатку ХХ стагоддзя
Барыс — зняволены, які шчодра адарыў кіраўніцтва турмы і трапіў у больш камфортныя ўмовы.
Дваране — зняволеныя з прывілеяваных камер, што месціліся ў вежах Пішчалаўскага замка.
Іван — начальнік, заправіла камеры, «сматрашчы». Кожная камера крымінальных мела свайго «Івана».
Маліннік — арыштант, якога ахоўваюць ад іншых зняволеных (звычайна былыя пракуроры, прыставы, салдаты і пад.).

У карцары

Адметна, што Колас памылкова называе замак «Пішчалінскім» (замест Пішчалаўскага) і нават дае сваё тлумачэнне назвы: «Пішчалін — гэта архітэктар, які будаваў мінскую турму. Апраўдаў сваё прозвішча. Пішчалі там людзі. Дый мне давялося сербануць гора».

А сітуацыя была наступная: за адмову ўставаць на паверках Коласа з некаторымі іншымі замкнулі ў карцар. Сядзелі яны там з завязанымі вачыма, каб не папсаваць сабе зроку: «Карцар быў цёмны, смярдзючы. А тут яшчэ наглядчыкі здзекуюцца. Адзін быў да Мураўёва­-вешальніка падобны. Прачыніць дзверы і дражніцца: «А надвор’е слаўнае! Цудоўнае надвор’е». Мы думаем: «Каб цябе скула задавіла!» — і прыгінаемся: а можа, удасца зірнуць на неба цераз шчыліну».

У карцары ў суцэльнай цемры трох арыштантаў замкнулі на сем дзён. Як прызнаваўся Колас, першае пачуццё было — страх.

«Я баяўся, што нервы мае не вытрымаюць і ў галаве маёй што­небудзь пераблытаецца».

Але адзін з найлепшых сяброў Коласа прамовіў:

— Давай, брат Якуб, гісторыю паўтараць.

І каб рассеяць уласны страх і адагнаць прыкрыя думкі, пачалі яны прамаўляць, што трапляла на розум. Дадаваў пакутаў і клазет недзе паблізу, куды іншыя арыштанты вылівалі свой бруд з «парашы»: «І тады цэлая хваля смуроду ўрывалася ў наш карцар і неміласэрна крыўдзіла нашы насы», — успомніць Колас. 

Як пераводныя карцінкі

Дні карцара мінулі. Рэжым стаў лягчэйшы, дазволілі пісаць лісты, прынеслі нават паперу і чарніла. Цяпер можна сцвярджаць, што найлепшыя творчыя задумы Коласа нарадзіліся акурат у турме.

Паглядзіце гады напісання паэмы «Новая зямля»: 1911—1923. Выходзіць, пачынаў Колас ствараць «энцыклапедыю народнага жыцця» акурат у зняволенні. Па ягоным прызнанні, пісаць там было надзвычай лёгка. Абразкі дзіцячага жыцця, юнацкая вольнасць ажывалі ў складаных умовах ва ўсёй выразнасці — бяры ды перанось на паперу: «Як пераводныя карцінкі: памачыў вадою, прыклаў на чысты аркушык — і маеш малюнак. Амаль з такой хуткасцю я напісаў «Дзядзьку­-кухара» і «Раніцу ў нядзельку»». Так што памятныя ўсім са школы радкі Дзень быў святы. Яшчэ ад рання / Блiнцы пяклiся на сняданне…, як і многія іншыя ўрыўкі паэмы, пісаліся ў турэмнай камеры.

Музеіфікаваных хат, дзе прайшло дзяцінства Коласа, — чатыры. На дарогах між імі, у тым ліку ў лясах, расстаўленыя раскошныя творы народнага мастацтва, драўляныя скульптуры, самі сабою вартыя агляду. На фота: крыж работы Івана Супрунчыка з вёскі Цераблічы Столінскага раёна. 

Пясняр чытаў свае творы сябрам-­зняволеным. Найлепшы водгук мелі тыя ўрыўкі, дзе прабіваўся гумар: «Гэта давала розрыўку ў нашым беспрасветным жыцці. Гумар ратаваў і мяне самога, з ім я перасільваў чорны настрой», — падсумоўваў пісьменнік.

Але Колас ратаваўся не толькі смехам: з’явілася ідэя напісаць твор зусім іншага кшталту… 

Прыціснуўшы падбароддзем

«Калі замкнулася астрожная брама, я сказаў сам сабе: трымайся, Костусь, ты трапіў у новае кола». Чаргаваннем колаў уявілася Коласу ўсё перажытае: дзяцінства ў ваколіцах Мікалаеўшчыны, юнацтва і навучанне ў семінарыі, затым настаўніцтва, потым «бадзянне» з месца на месца ў пошуках заробку — і, нарэшце, турма. Коласу гэта нагадвала вядомы твор: «Як у «Боскай камедыі», толькі ў мяне налічылася цэлых пяць колаў. Дый пекла стала ў канец, а хлапечая пара здавалася з­-за крат сапраўдным раем».

Пятае кола, па прызнанні пісьменніка, здавалася самым цяжкім: «Я ледзь пачаў выбівацца ў друк, а тут за шкірку ды ў каталажку!» Вырвацца надзея была, а друкавацца наўрад ці. Адседка ў крэпасці прадугледжвала далейшы паліцэйскі нагляд: яўны або патаемны. З усіх гэтых разваг у Коласа з’явілася задума напісаць твор з пяці частак — адпаведна ліку абведзеных у думках колаў. Маладыя памкненні яго галоўнага героя, скрыпача Сымона, пастаянна сутыкаюцца са сценамі, адна вышэйшая за другую: пагарда, прыніжэнне, здзек. І фінал мусіў быць трагічны.

Уступ да «Сымона-музыкі» надзвычай ярка выканалі купалаўцы. YOUTUBE.COM

Такая задума твора адлюстроўвала рэальнае жыццё — і, канечне, ужо гэтым была крамольная. Ледзьве справа даходзіла да пісання, у радках і між радкоў паўставаў бунт супраць дзяржаўнага ладу. Давялося ісці на хітрыкі: Колас пісаў свайго «Сымона-­музыку» кавалкамі, хаваў рызыкоўныя строфы паміж замалёўкамі з «Новай зямлі». Разлік быў на тое, што, не паспеўшы аб’яднацца ў цэлы твор, урыўкі рабілі нявіннае ўражанне і нават калі б патрапілі ў іншыя рукі, то небяспекі б не было.

Пясняр узгадваў: «Я зрабіў асобныя запісы, як толькі наладзіў турэмны побыт: раздабыў аловак і навучыўся хаваць паперы». Тыя першыя зацемкі Колас не ўпільнаваў. Аднойчы задумаўся над радкамі — і ў той момант у камеру некага прывялі, наглядчык кінуў вокам і выхапіў нататкі. Прыйшлося пісаць наноў.

Але пісьменніку было не прывыкаць пачынаць спачатку. Казаў, што быў падобны да грака на мінскім скверыку: сёння споруць гняздо, а заўтра, глядзіш, зноў галля нацягаў.

Але з таго моманту Колас стаў больш пільным: «Я борздзенька хаваў паперы на грудзі і трымаў, прыціснуўшы падбароддзем, да канца ўструшні [= ператрусу]. Мая густая барада не дазваляла заўважыць, што там затоена пад ёю, а на асабістыя вобыскі ў палітычных турэмнае начальства адважвалася рэдка». 

Два званочкі

З турэмных захаваўся верш «Краска». Аўтар прызнаваўся Лужаніну: «Не з громкіх гэты вершык, а міл мне. Ён мае сваю гісторыю».

Краска

Краска, мілая мая,
Госця веснавая!
Як ты хораша цвіцеш
У глушы, любая!

З ціхім усмехам з табой
Вецярок жартуе,
I цябе ў вясёлы дзень
Сонейка цалуе.

Што ж на тварыку тваім
Легла задуменне?
Што нявесела глядзіш,
Мілае стварэнне?

I не радуе цябе
Дзень вясёлы мая,
Голас радасны вясны,
Песня маладая?

Я хацеў бы адгадаць
Дум тваіх гаворку,
Я б хацеў развесяліць
Краску, маю зорку.

Ці гаруеш ты аб тым,
Што і ты без волі,
Што краса ўся адцвіце
Без пары і долі?

Ці па тым, што вецярок
Разлучыў з лугамі,
Дзе б ты гутарыць магла
З пчолкамі, з чмялямі?

Я любуюся табой,
I мне смутна стане,
Што ў астрозе хараство
Ўсё тваё завяне,

Што адна ты адцвіцеш
Век свой сіратою, —
А багата ж адарыў
Май цябе красою!

Краска, красачка мая,
Мілае стварэнне!
Што ж на тварыку тваім
Легла задуменне?

У нядзелю аднаму з сукамернікаў дазволілі спатканне са сваякамі. Той прынёс разам з перададзенай бялізнай і хлебам дзве сцябліны лугавых званочкаў.

Гэтыя кветкі зрабілі надзвычайны эфект: «Паставілі мы іх у ваду, а самі пасталі наўкруга і нібы ўкамянелі. Глядзім, вочы ва ўсіх вільготныя, і на волю наўсверб хочацца. Здаецца, каб выпусцілі зараз, лёг бы на зямлю і пакачаўся, як змакрэлы конь на ворыве. А ўсё ж, што ні кажы, святлейшы быў дзень той з кветкамі». Арыштанты хацелі, каб яны даўжэй пакрасавалі. Але на наступную раніцу званочкі пачалі апускаць галоўкі: «Гаслі на вачах, а ў кожнага пачуццё такое, быццам чалавека жвірам засыпаюць».

У Альбуці, дзе прайшлі падлеткавыя гады Коласа, цяпер вялікая пасека і экспазіцыя пра пчалярства і рыбалоўства. Альбуць — месца надзвычайнага спакою.

Ціснуў яшчэ на астатніх «ахвотнік да спеваў», нейкі Мардуховіч, які з прарэзлівым і моцным голасам хадзіў па камеры і ныў радкі: «Колокольчики мои, цветики степные». Уся камера не ведала, што рабіць: «Мы яго ўсяляк суцішалі, абяцалі падвойную порцыю капусты — не памагае. Пад вечар утаймаваўся, а я прыпёрся на нарах — дай, думаю, перакладу гэтыя «Колокольчики» — і з’явіўся верш «Краска»».

Адметна, што збераглася дата напісання: 31 мая 1910 года. А Колас у расповедзе сябрам-­пісьменнікам Максіму Лужаніну і Пятру Глебку ўпэўнена заявіць: «Пісаў я яго ў панядзелак адвячоркам». Тыя, хоць і падзівіліся памяці Канстанціна Міхайлавіча, але вырашылі паміж сабой усё ж праверыць дзень тыдня па даце. Пятро Глебка адшукаў так званы «вечны каляндар» і па таблічцы паглядзеў, што 31 мая 1910 года быў аўторак. На вынікі праверкі Колас з непарушным спакоем і нават падсмейваючыся прамовіў: «Значыць, у календары памылка… Як сабе хочаце, хлопцы, брэша ваш вечны каляндар… Стаю за панядзелак і магу біцца аб заклад».

Заклад выйграў Колас, бо пасля выявілася, што вечны каляндар быў разлічаны ўжо на новы стыль. 

У музей у Акінчыцах, дзе Колас нарадзіўся, варта заехаць нават дзеля дасканалай мовы захавальніц хаты, дзе поўна арыгінальных прадметаў з сям'і Міцкевічаў

Заткні іх у…

Былі ў турме напісаныя і такія вершы, якія не кожны рэдактар пакінуў бы ў зборы твораў класіка. Змест аднаго з іх такі. Чалавек наняўся на працу да пана, аднак работы было многа, і даволі цяжкай: касіць, араць ад цямна да цямна. А калі дайшло да разліку, дык за тыдзень заплацілі яму тры грыўні. Вось і разважае герой твора:

А дома ёсць жонка, дзяцей тых, як маку,
За дзень набярэшся — плячэй не чуваць.
Трыццаць капеек! Заткні іх… у горла…
Толькі вам жыць на свеце… Тапчы вас у гаць…

Калі праз дзясяткі год Колас распавядаў гэты верш сябрам, смяяўся: «Рыфмаў, што тут стаялі, не буду падказваць».

Турэмная школа кухарства

Рэжым для насельнікаў турмы быў розны. Ад больш ліберальнага (калі камеры на працягу дня былі адчыненымі), да строгага (за розныя дробныя правіны саджалі ў карцар). Кастусю Міцкевічу і яго сукамернікам было адносна лягчэй: ім дазвалялі хадзіць у сваёй вопратцы, можна было самім сабе гатаваць абеды, для чаго з казны вылучалася пэўная сума на дзень.

Колас гатаваў лепш за астатніх: «Месяцы з чатыры быў я ў турме кухарам. На кожную душу адпускалася па 10 капеек на дзень. Грошы ішлі ў агульны кацёл. Купляліся крупы, сала, капуста. І самі мы гатавалі па чарзе. Мае абеды хлопцы заўсёды хвалілі. Казалі: «Ты, Костусь, мусіць, з свае кішэні дакладваеш». А я аджартоўваўся: «Я, кажу, прыняў на харчы начальніка турмы. Дык гэта ён паўрубля дабаўляе». Дарэчы, турэмны досвед гатавання спатрэбіўся Коласу і пасля. Праз дзясяткі год ягоная жонка хваліла мужа: «У цябе, мусіць, сам чыгунок варыць. Мне ніколі не ўдаецца так смачна згатаваць». 

Свінкін вызваліў

Давялося пабыць Коласу і турэмным бібліятэкарам. Аднак справа тая была нудная, бо літаратура дазвалялася толькі выхаваўча­паліцэйскага кірунку.

Да цікавых фактаў турэмнага побыту можна аднесці тое, што кожная камера злучалася з другою «тэлефонам». Гэта была проста дзірка, прабітая ў сцяне. Праз яе можна было пазычыць, напрыклад, кубак гарбаты або крыху цукру, тытуню. Праз тую ж дзірку вяліся, як казалі арыштанты, патрэбныя размовы з патрэбнымі людзьмі.

А часам праз тую дзірку нават кралі рэчы. Так, у Коласа скралі новыя камашы, пакуль ён гуляў на двары астрога. Што рабіць у такім выпадку? Прыйшлося звярнуцца да «Іванаў» — крымінальных старшынь. Далей слова самому Коласу: «Праз колькі мінут былі даны дакладныя спраўкі: камашы ўкраў шавец — Свінкін, які ўжо выйшаў на волю ўчора і вызваліў таксама і мае камашы. «Іван» нават памог мне пабедаваць і вельмі шкадаваў, чаму я не агледзеўся крыху раней». 

Камашы (рус. гамаши) — вязаныя або пашытыя з тоўстага матэрыялу чахлы без падэшваў, што закрываюць костачкі, часам дасягаюць калена. Надзяваліся на чаравікі, зашпільваліся на гузікі збоку. На фота — скураныя камашы 1900—1910 гадоў. EHIVE.COM

Запомніць усё

Прайшло тры гады. Колас выйшаў на волю. Пачынаецца іншы, няпросты перыяд паслятурэмнай адаптацыі: «Дзверы на работу замкнуты, падтрымкі няма, кожны агінаецца пры сустрэчы, каб і самому не падпасці пад падазрэнне. Тут я і пачуў, нібыта трапіў у новае кола, нічым не лепшае за астрог». Колас вырашае, што трэба мець мэту, таму вяртаецца да напісання «Сымона-­музыкі»: «Зразумеў, што гэтая работа цяпер будзе для мяне стрыжнем. Утрымаюся за яго — значыць, не звар’яцею, не сап’юся, наогул, не пайду наніз, у падонкі, у паслугачы».

Вокладка першага выдання «Сымона-музыкі». 

У Коласа ўсё атрымалася. Вытрымаць, не здрадзіць сабе, падтрымаць паплечнікаў.

А яшчэ — запомніць усё. Запісаць. Захаваць для нас з вамі, апроч іншага, і такія развагі таварыша па няшчасці. У карцары, лежачы на цэментнай падлозе, той прамаўляў да пісьменніка:

«Крыўдзяць, брат Якуб, чалавека, зневажаюць. Вось наставяць гэтых лабукоў… Мужык, брат, твой брат, за яго долю сядзіш, і ён цябе пільнуе, душыць. А прыкажа начальства лупіць, і ён будзе лупіць цябе, будзе страляць».

Якуб Колас быў праўдзіва народным пісьменнікам. 

Тое зняволенне ў царскай турме будзе для Коласа свайго роду ахоўнай граматай пры савецкім рэжыме. Але галоўнае, што яно дало яму тыя веды жыцця і людзей, дзякуючы якім ён напіша свае геніяльныя творы. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
04.11.2022
Дні мінаюць, дні праходзяць,
Летам зменіцца зіма,
А мы сохнем і марнеем,
Нам тут радасці няма…
Очень актуально. Беларусь, наше время…
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера