Знайсці
02.02.2023 / 20:312РусŁacБел

Загадка бацькі Каліноўскага

Маці Каліноўскага Вераніка Рыбінская памерла, калі Кастусю было пяць гадоў, пра яе вядома мала. Бацька ж, Сымон Каліноўскі (1795—1871), пражыў доўга і перажыў свайго славутага сына. У Кастуся, 185-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёння, было сямнаццаць братоў і сясцёр.

Брукаванка ў Мастаўлянах, дзе вырас Кастусь Каліноўскі. Фота Васіля Герасімчыка.

«Вёў цяжкую барацьбу за існаванне»: як Каліноўскаму стваралі біяграфію

У савецкія часы простае паходжанне было калі не абавязковым, то вельмі пажаданым пунктам у біяграфіі барацьбіта за народную справу. І калі камуністычныя ідэолагі ўключылі Каліноўскага ў пантэон нароўні з савецкімі героямі, яму паспрабавалі стварыць і адпаведную афіцыйную біяграфію.

Акадэмік Уладзімір Перцаў у артыкуле 1945 года ахарактарызаваў дзяцінства Кастуся вельмі маляўніча, але далёка ад рэальнасці: «Бацька яго быў шляхціцам без маёнтка. Фармальна ён, як і значная частка шляхціцаў, быў залічаны да дваранскага саслоўя, на справе ж гэта быў бядняк, які ўсё сваё жыццё вёў цяжкую барацьбу за існаванне. Адзін час ён быў дробным чыноўнікам, але за нядобранадзейнасць яго зволілі са службы. Тады ён паступіў за прыказчыка ў невялікую ткацкую майстэрню на дваццаць станкоў у мястэчку Свіслач. Ранняя біяграфія самога Кастуся мала вядома. Ва ўсякім выпадку ў абстаноўцы, якая акружала яго маленства, не было нічога «дваранскага». Ён жыў сярод дзяцей сялян і рамеснікаў і пазнаў з ранніх гадоў увесь цяжар і знявагі працоўнага жыцця».

З часам на змену прыходзілі больш узважаныя ацэнкі і, галоўнае, больш блізкія да праўды. Прытым эвалюцыю ацэнак можна прасачыць нават па выданнях аднаго аўтара. Калі ў кнізе «Кастусь Каліноўскі» (Масква, 1959) вядомы даследчык Анатоль Смірноў сцвярджаў, што «па сваім маёмасным становішчы вялікая сям’я Каліноўскіх (Кастусь меў сямнаццаць братоў і сясцёр) мала чым рознілася ад сем’яў навакольных сялян і рамеснікаў», то ўжо праз чатыры гады ў мінскім, пашыраным, выданні пад той жа назвай ён прадставіў сям’ю Каліноўскіх як «дробнамаянтковую шляхту». Тут жа чытаем, што Сымон Каліноўскі з’яўляўся ўладальнікам «ільнянога прадпрыемства» i «хутара Якушоўка, за якім значылася 200 дзесяцін зямлі».

Нават у гэтым даволі ўзважаным выказванні ёсць падтасоўка фактаў: маёнткі ад 100 да 500 дзесяцін прынята адносіць не да дробных, а да сярэдніх, а маёнткі больш за 500 дзесяцін гісторыкі адназначна залічваюць да латыфундый. Сам Сымон Каліноўскі на допытах пасля арышту сына казаў пра наяўнасць у Якушоўцы 210 дзесяцін зямлі. Таму на дробны хутар Якушоўка відавочна не цягне.

Дык як усё было ў сапраўднасці?

Паспяховы бізнэсмен

«Мастаўлянская палатняная фабрыка Гродзенскага павета двараніна Сымона Каліноўскага» запрацавала ў 1835 годзе (старэйшаму сыну Віктару тады было два гады, а да нараджэння Кастуся заставалася яшчэ тры).

У 1840-м гэта былі ўжо 12 ткацкіх станаў, тканіну з якіх (у той год яе нарабілі на 2 693 рублі срэбрам, па тых часах гэта немалая сума) прадавалі на Гарадзеншчыне, Міншчыне, Віленшчыне, Берасцейшчыне і Беласточчыне. Прадпрыемства мела аднаго майстра і дваццаць вольнанаёмных работнікаў.

Помнік у гонар Кастуся Каліноўскага ў Мастаўлянах. Фота Васіля Герасімчыка.

Вытворчасць развівалася, давала прыбытак, і можна было падумаць пра пашырэнне. Першапачаткова Сымон Каліноўскі меў намер перавесці фабрыку ў маёнтак Замэчак за 7 км ад Вільні, дзе знаходзіліся бялільныя ўстановы, з якімі ён супрацоўнічаў. Цяпер гэта азёрны віленскі раён Пілайцес, які пачынаецца за тэлевежай, а дакладней — адразу за беларускай гімназіяй імя Скарыны. Але ў рэшце рэшт Сымон Каліноўскі замест Вільні набыў участак у Ваўкавыскім павеце. Туды, у маёнтак Якушоўка, з дазволу імператара ён перанёс фабрыку, там выраслі і яго сыны.

«Няма дваран, усе роўныя!» — татава выхаванне?

Ці дадаюць такія штрыхі бацькавай біяграфіі новыя фарбы да хрэстаматыйнага аблічча легендарнага паўстанца? Мы далёкія ад савецкай логікі тлумачэння паводзін людзей праз аналіз іх «класавага паходжання». Але парадокс гісторыі — услед за сынам і бацька мог бы паўтарыць: «У нас няма дваран, усе роўныя!» Прыналежнасць да новай усесаслоўнай катэгорыі дзелавых людзей — прадпрымальнікаў — давала яму такое права.

Дакументы сведчаць, што Сымон Каліноўскі быў зусім не бедным чалавекам, а Кастусь — не «сын ткача» (пісалі пра яго і такое!). Гэта быў чалавек новай эпохі, і адмена прыгоннага права ніяк не паўплывала на яго бізнэс (для ўладальнікаў прыгонных маёнткаў яна пагражала эканамічнай катастрофай). Каліноўскі даўно меў справу з наёмнымі рабочымі, а не прыгоннымі.

Імаверна, і ментальнасць Сымона Каліноўскага была ўжо ментальнасцю капіталіста. Гэта ў дваранскіх сем’ях дзеці традыцыйна былі на ўтрыманні ў бацькоў і гадамі чакалі спадчыны. Прадпрымальніцкая ментальнасць іншая: зарабіў я — зарабі і ты!

Сваіх сыноў Віктара і Канстанціна Сымон выправіў на вольныя хлябы, прычым не на традыцыйную для дваран вайсковую службу, а ва ўніверсітэт. Праўда, можа, і не быў задаволены іхнім выбарам, бо факультэт сыны абралі юрыдычны, а не прыкладны, тэхнічны або прыродазнаўчы (напрыклад, фізіка-матэматычны факультэт скончыў у свой час у Вільні пачынальнік знакамітай прадпрымальніцкай дынастыі Аляксандр Скірмунт). Ды яшчэ і ў бібліятэцы штаны праседжвалі, да чаго бацька-практык мог ставіцца не зусім ухвальна.

Пытанні і загадкі

Пакуль што не зусім зразумела, што ўяўляла сабой Якушоўка. Колькі напраўду там было дзесяцін?

Рэканструкцыя сядзібы Каліноўскіх у Якушоўцы. Яна згарэла незадоўга да Першай сусветнай вайны. Яе падмуркі былі выяўленыя ў 1987 годзе. Археалагічныя даследаванні праводзіў Міхась Ткачоў. Сярод знойдзеных матэрыялаў — пячатка фабрыкі Сымона Каліноўскага. У пачатку 1990-х быў складзены праект аднаўлення сядзібы ў якасці музея. Але да сёння на гэтым месцы ўсталяваны толькі крыж і памятны знак. Побач старая ліпавая алея, якая, паводле легенды, пасаджаная асабіста Кастусём Каліноўскім. Фота і каментарый Васіля Герасімчыка.

Колькі прыгонных купіў бацька будучага кіраўніка паўстання разам з Якушоўкай? Гэта ў Мастаўлянах Сымон Каліноўскі — арандатар, у якога магло і не быць прыгонных, а ў Якушоўцы ён уладальнік, і не толькі зямлі. Пад будынак фабрыкі ён купляў пару соцень гектараў, а яны не маглі быць пустымі і бязлюднымі.

Пра фабрыку мы сёе-тое ведаем, але які даход прыносіла ўся маёмасць? Пакуль што не знойдзены тастамент Сымона Каліноўскага, і няма хоць бы якіх звестак пра тое, што засталося пасля яго смерці і як яно разышлося па спадкаемцах.

Няма ніякіх канкрэтных крыніц, каб разважаць і пра палітычныя погляды Сымона Каліноўскага. Спакуслівая версія, што перакананні бацькі неяк паўплывалі на пазіцыю і светапогляд сыноў, выглядае занадта смелай. Знешне Сымон Каліноўскі быў цалкам лаяльны да ўлады. Гэта быў моцны гаспадарнік, шматдзетны галава сям’і, які паслаў вучыцца сваіх сыноў у расійскія сталіцы. Аднак ягоная дзейнасць, прадпрымальніцкая актыўнасць, выдатныя поспехі даюць яснае ўяўленне пра ягоныя эканамічныя погляды і прыхільнасці. Перад намі — чалавек, які дамогся поспеху не дзякуючы тытулам, радавой спадчыне ці блізкасці да трона. Гэта прадукт новай эпохі і яе працэсаў, якія мы цяпер называем мадэрнізацыяй. Сымон Каліноўскі не ведаў гэтага тэрміна, аднак дзейнічаў у яго межах. Як, зрэшты, і ягоны сын, які абраў радыкальна-палітычны інструмент мадэрнізацыі.

Мемарыяльны крыж удзельнікам паўстання 1863—1864 гадоў у Якушоўцы. Фота volkovysk.by.

Мы робім гістарычную памылку, калі прыпісваем паўстанням 1794, 1830 і 1863 гадоў выключна прагрэсіўную ролю. На самай справе гэта былі яшчэ і перадсмяротныя сутаргі шляхецкага саслоўя. Шляхта сыходзіла з гістарычнай сцэны. Сыходзіла яна разам з Рэччу Паспалітай, з яе межамі і яе ідэаламі шляхецкай (і толькі шляхецкай) вольнасці.

Лозунг Французскай рэвалюцыі «Мір хацінам, вайна палацам!» ніяк не мог трансфармавацца ў заклік «Мір вашаму дому». Таму зварот у «Мужыцкай праўдзе» Яськi-гаспадара з-пад Вiльнi да «дзецюкоў» відавочна спазніўся. Цяпер дзецюкі выдавалі шляхціцаў-паўстанцаў царскім карнікам, а лагічным працягам гэтага сталі разгром і падпалы панскіх маёнткаў па ўсёй Расійскай імперыі ў найбліжэйшыя паўстагоддзя.

Да гонару Каліноўскага, ён быў адным з нямногіх, хто прадбачыў і разумеў такі вынік. А ягонае легендарнае «У нас няма дваран, усе роўныя!» мае характар гістарычнага прароцтва.

З часопіса «Наша гісторыя»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
74
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
6
Сумна
4
Абуральна
9
3
Мангол/адказаць/
03.02.2023
Яны і зараз здаюць. Ідуць на працу каб карміць хунту, каб судзіць людзей. Гэта ўжо не беларусы.
1
Tutejshy/адказаць/
03.02.2023
Мангол, Няўжо беларусы - гэта не народ, але партыя? Можа партыя манголаў?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930