Знайсці
19.04.2011 / 18:1220РусŁacБел

Беларускую мадэльку не пусцілі на фотасесію ў Лондан

Тацяна Рынейская была адабраная з 75 тысяч прэтэндэнтаў на ўдзел у рэклямнай кампаніі брэнду Benetton, але брытанскі кансулят двойчы адмовіў ёй ў візе.

Беларуская мадэлька Таццяна Рынейская была адабраная з 75 тысяч прэтэндэнтаў на ўдзел у рэкламнай кампаніі брэнду Benetton, але не змагла вылецець у Лондан, бо брытанскі кансулят двойчы адмовіў ёй ў візе.

Брытанцы засумняваліся ў тым, што незамужняя 23-гадовая беларуска вернецца з Лондану пасля 6-дзённай сесіі. Кантракт на рэкламную фотасесію, які «выпадае раз у жыцці», аказаўся сарваным.

Сусветны брэнд моднай вопраткі Benetton другі год запар ладзіць кастынг мадэляў для новых калекцый у Сеціве. У гэтым годзе на конкурс падалі заяўкі каля 75 тысячаў удзельнікаў. Нягледзячы на тое, што ў мінулым годзе Таццяна не прайшла ў лік пераможцаў, яна наважылася браць удзел у адборы наноў. І вось 12 дзён таму Таццяна Рынейская даведалася, што трапіла ў спіс 12 мадэляў, што будуць запрошаныя на здымкі для рэкламнай кампаніі Benetton у Лондан.

У гэты час Таццяна знаходзілася ў Парыжы. Аднак там атрымаць візу не атрымалася: у брытанскай амбасадзе сказалі, што трэба ляцець у Мінск і звяртацца ў мясцовы кансулят. Але і на радзіме брытанскую візу аказалася атрымаць ня так проста:

«Галоўная прычына — маё незамужжа, сканчэнне вучобы і страх супрацоўнікаў амбасады, што я не вярнуся мяне на радзіму праз шэсць запланаваных дзён», — пісала ў сваім блогу Таццяна.

«Я не здаюся. Benetton дазваляе вылецець на дзень пазней. За выходныя збіраю разнастайныя дакументы, лісты дызайнераў, што я буду ўдзельнічаць у паказах у красавіку, […] лісты ад СМІ і шмат-шмат іншага, што на 100% пацвярджае чысціню маіх намераў. […] Учора падавалася ізноў. Слёзна прасіла разгледзець як мага хутчэй, бо 5-га крайні тэрмін вылету. Сённяшняя раніца. Пішу, тэлефаную, прашу разгледзець да абеду. Запрашаюць у амбасаду. І зноў адмова! О, Богі!»

«Як такое магчыма? Такая магчымасць чалавеку даецца раз у жыцці, і яна прайшла міма мяне. Ком у горле, і ад крыўды хочацца лезці на сцяну. Дэмакратычная ў нас краіна, ці не праўда», — рэзюмуе Таццяна.

Таццяна з тых людзей, пра якіх кажуць «зрабіла сябе сама». Нарадзіўшыся ў Светлагорску, яна здолела ў 20 гадоў атрымаць тытул «Міс фота» на конкурсе «Міс Беларусь-2008». У гэтым жа годзе яна заняла 3 месца на конкурсе «Міс Інтэркантыненталь Еўропы» і з'яўляецца цяпер адной з самых знакамітых мадэляў Беларусі.

У каментарах да свайго допісу ў блогу Таццяна таксама дадае, што ўсё часцей думае над тым, каб «бегчы адсюль».

СГ; Generation.BY

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера