Знайсці
30.01.2010 / 15:377РусŁacБел

In memoriam. Юліюш Бардах

Памёр польскі гісторык, які быў улюбёны ў Вялікае Княства Літоўскае.

Памёр польскі гісторык, які быў улюбёны ў Вялікае Княства Літоўскае.

У аўторак, 26 студзеня 2010 г., у Варшаве пайшоў з жыцця класік гісторыка-прававой думкі Юліюш Бардах. Ён меў 96 гадоў. Апублікаваў каля 600 навуковых прац. Вялікую ўвагу ў сваёй творчасці надаваў гісторыі права Вялікага Княства Літоўскага. У прафесійных колах яго называлі Нестарам польскіх гісторыкаў, адсылаючы алюзію да імя першага летапісца Кіеўскай Русі ХІІ ст.

Юліюш Бардах нарадзіўся ў 1914 г. у Адэсе, але ўніверсітэцкую адукацыю атрымаў у Вільні, дзе быў вучнем такіх слынных прафесараў, як Стэфан Эрэнкройц і Генрых Лаўмянскі. У часы Другой cусветнай вайны ваяваў у шэрагах польскага войска ў СССР. У 1945—1947 гг. быў вайсковым аташэ польскай амбасады ў Маскве. У далейшым вярнуўся да навуковай дзейнасці і ў 1948 г. абараніў доктарскую працу ў Ягелонскім універсітэце (Кракаў). Ад 1950 г. працаваў у Варшаўскім універсітэце, стаў сузаснавальнікам і кіраўніком Інстытута гісторыі дзяржавы і права.

З-пад пяра Юліюша Бардаха выйшлі працы па гісторыю ладу і права Вялікага Княства Літоўскага, парламентарызму Польшчы і Рэчы Паспалітай, параўнаўчай гісторыі права.

У сваёй класічнай працы «Літоўскія статуты і рымскае права» гісторык ставіў пытанне: «

Як магло так здарыцца, што Вялікае Княства Літоўскае дасягнула кадыфікацыі [права] такога ўзроўню, якога не здолела дасягнуць Карона [Польская] ды якая-небудзь іншая дзяржава Усходняй і Цэнтральнай Еўропы?
Якія прычыны паўплывалі на тое, што краіна, якая аднак не лічылася тагачасным еўрапейскім лідэрам, у галіне заканадаўчай улады заняла такое незвычайнае месца, нават выключнае, месца?» Польскі гісторык сярод адказаў на сваё ж пытанне ўказвае на своеасаблівае багацце Вялікага Княства — на яго этнічную і канфесійную разнастайнасць.

Да канца сваіх дзён Юліюш Бардах заставаўся ўлюблёным у Вялікае Княства Літоўскае.

Алег Дзярновіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930