Знайсці
24.04.2024 / 07:0077РусŁacБел

Ці магла б Беларусь стаць незалежнай без Пазняка?

Эсэ Сяргея Навумчыка да 80-годдзя Зянона Пазняка.

Калі чую фразу «Незалежнасць на беларусаў звалілася з неба» — разумею; той, хто гэтак кажа, не быў ні на адным са шматтысячных мітынгаў БНФ у 1988-1991 гадах, не чытаў пра беларусаў, што практычна ў кожным пакаленні на працягу стагоддзяў у розныя часы заплацілі за імкненне да Незалежнасці ўласным жыццём.

Калі кажуць, што Беларусь атрымала б незалежнасць «усё роўна», бо «атрымалі ўсе», і што ў гэтым няма ніякай заслугі БНФ на чале з Зянонам Пазняком, я думаю пра Украіну і пра Чэхію.

Ва Украіне ніхто з адэкватных каментатараў не будзе аспрэчваць заслугі Вячаслава Чарнавола і Народнага Руху ў здабыцці незалежнасці краіны. Хаця не толькі Чарнавол і не толькі Рух за яе змагаліся.

Абвяшчэнне незалежнасці Чэхаславакіі ў 1918 годзе было часткай працэсу распаду Аўстра-Венгерскай імперыі (як, напрыклад, і суверэнітэт Венгрыі) — але ў Празе штогод адзначаюць 28 кастрычніка як дзяржаўнае свята, а Масарыку аддаюць належнае як заснавальніку дзяржавы. Хаця побач з ім былі і іншыя палітыкі.

І толькі беларусы імкнуцца для падзеі, якая з'яўляецца для любой нацыі галоўнай, знайсці тлумачэнне ў нейкіх знешніх фактарах, спісаць усё на шчаслівы збег акалічнасцяў. 

Хто ж спрачаецца: усё, што адбываецца ў жыцці нацый — вынік збегу абставінаў. Але адначасова — і дзеянняў асобных лідараў.

Пра ўсё гэта думаецца ў дні, калі сваё 80-годдзе адзначае палітык, які для беларускай незалежнасці зрабіў як ніхто з нашых сучаснікаў.

Ёсць нагода задумацца і пра асабістыя якасці, якія дапамаглі яму ажыццявіць гэтую місію. 

Я б назваў тры найважнейшыя.

Першае — гэта здольнасць вылучыць галоўную мэту і паслядоўна, не зважаючы на неспрыяльныя знешнія абставіны і крытыку, часта жорсткую, ісці да яе.

Другая — здольнасць адчуць гэты самы вышэйузгаданы спрыяльны збег акалічнасцяў (пэўна, тут адыгрывае ролю і інтуіцыя) і максімальна эфектыўна яго скарыстаць. Найлепшы прыклад — жнівень 91-га, пра што ніжэй падрабязна.

І нарэшце, трэцяя якасць, якую Пазняку ставілі і ставяць у віну часцей за ўсё: максімальна крытычныя адносіны да Расіі. 

Вось пра яе хацеў бы сказаць больш падрабязна, бо, на маё перакананне, яна адыграла станоўчую ролю ў дасягненні Незалежнасці.

Даводзілася чуць, што Пазняк нібыта не здатны пераступіць праз асабістыя крыўды, дараваць тым, хто калісьці абплёўваў яго за пэўныя ідэі, а цяпер сам гэтыя ідэі выспавядае. Гэта — няпраўда, і я ведаю выпадкі, калі Пазняк дараваў людзям дзеянні, якія, напрыклад, абсалютная большасць маіх сяброў ды знаёмых не даравалі б. У гэтым сэнсе я б нават назваў Зянона Станіслававіча чалавекам празмерна мяккім і талерантным, як гэта ні падасца дзіўным тым, хто яго слаба ведае асабіста. 

Няма ў ім і помслівасці (адрозна ад аднаго майго знаёмага, аўтара бліскучай фразы «Я чалавек не злапамятны: адпомсціў — і забыў»).

Але вось чаго Пазняк сапраўды не даруе, асабліва калі гаворка ідзе пра палітыкаў — гэта прыязнага стаўлення да Расіі ды спадзявання на тое, што «Масква нам дапаможа». 

Магчыма, такой ступені непрыняцця Расіі, як у Пазняка, не было і няма ні ў каго з колькі-небудзь прыкметных асобаў беларускага палітычнага жыцця за апошнія дзесяцігоддзі.

І гэтая пазіцыя ягоная ўсвядомленая, абумоўленая асэнсаваннем той негатыўнай ролі, якую Масква адыграла ў лёсе нацыі. 

Давайце шчыра: для якой іншай нацыі захопніцкія напады, у якіх гінула да паловы насельніцтва, былі б галоўным, так бы мовіць, палітычным, культурным і псіхалагічным кодам (як для яўрэяў — Халакост; паміж Ізраілем і ФРГ нармальныя палітычныя ды эканамічныя адносіны, але немагчыма ўявіць, каб яўрэі называлі немцаў «братнім народам»).

Абсалютная ж большасць насельніцтва Беларусі што пры камуністах, што пры Лукашэнку нічога не ведае, проста не чула пра такія войны Масквы з Беларуссю, для іх рускія — самы што ні ёсць «братні народ».

Пазняк жа пра гэтую ролю Расіі не забыўся. Ну а памяць пра роднага дзеда, знішчанага НКВДзістамі, баліць у ім з дзяцінства. І таму Расія, Масква для яго — абсалютнае зло.

(Тут заўважу, што маецца на ўвазе Расія як дзяржава, як імперыя, і рускія як носьбіты імперскай ідэалогіі, а не этнічнае паходжанне. Вядома, што на прамым тэлеэфіры ў часе прэзідэнцкіх выбараў 1994 года, адказваючы на пытанне пра стаўленне да этнічных рускіх, Пазняк сказаў, што хоча, каб рускія адчувалі сябе ў Беларусі лепей, чым у Расіі).

І на маіх вачах адбылася падзея, калі яна адыграла для Беларусі лёсавызначальную ролю.

Маю на ўвазе галасаванне за Незалежнасць на сесіі Вярхоўнага Савета 25 жніўня 1991 года.

Але спачатку колькі словаў пра кантэкст. Сама сесія, нагадаю, была скліканая на патрабаванне дэпутатаў апазіцыі БНФ на чале з Пазняком — і далёка не адразу ўдалося пераканаць старшыню ВС Мікалая Дземянцея і членаў Прэзідыума ВС гэта зрабіць. 

Дэпутаты БНФ за двое сутак падрыхтавалі пакет законапраектаў для абвяшчэння Незалежнасці (больш за дваццаць), самым галоўным з якіх было наданне Дэкларацыі аб суверэнітэце статусу канстытуцыйнага закону.

Прэзідыум жа ВС выносіў толькі два пытанні, якія ў пачатку сесіі, 24 жніўня, прадстаўляў першы намеснік старшыні ВС Станіслаў Шушкевіч: «Аб цякучым моманце» і… «Аб праекце Саюзнага дагавора». І — ні слова пра Незалежнасць.

Больш за тое. Гэта можа ўспрымацца нечакана для тых, хто не ведае, але Шушкевіч у першы дзень сесіі адназначна негатыўна ўспрыняў прапанову Апазіцыі БНФ аб наданні Дэкларацыі статусу канстытуцыйнай сілы, нават назваў яе «нонсэнсам». Такое стаўленне не было навіной: яшчэ раней ён ацаніў нашую прапанову аб увядзенні ўласных грошай як «дрэнны жарт». У гэтым можа пераканацца кожны, хто прачытае стэнаграмы сесій ВС альбо прэсу тых часоў.

На наступны дзень сесіі, раніцай 25 жніўня, у Авальнай залі адбылася надзвычайная падзея. На трыбуну пайшоў першы сакратар ЦК КПБ Малафееў. Ён не быў дэпутатам ВС БССР, але быў народным дэпутатам СССР, і паводле рэгламенту меў права на выступ. Аднак менавіта ён найбольш актыўна з усіх членаў Палітбюро ЦК КПСС падтрымаў путчыстаў і найбольш апантана патрабаваў вярнуцца да фактычна сталінскіх метадаў.

Мы паўскоквалі з месцаў і фізічна сагналі Малафеева з трыбуны.

Сесія транслявалася ў прамым эфіры тэлебачання і радыё. Каб зразумець эфект, прапаную ўявіць, што цяпер, у часе «ўсебеларускага народнага сходу», на вачах усіх чыноўнікаў, усіх сілавікоў і ўсяго народа Беларусі дзясятак дэпутатаў зганяюць Лукашэнку з трыбуны і той, як пабіты, пляцецца на сваё месца.

Тое было і псіхалагічнае, і палітычнае фіяска фактычнага кіраўніка рэспублікі, камуніста №1, а па сутнасці — крах усёй кампартыі. Дземянцей адразу абвясціў перапынак, а пасля перапынку падаў у адстаўку. Далей сесію вёў Шушкевіч. 

Нам удалося ўключыць пытанне аб абвяшчэнні Незалежнасці ў парадак дня. Паўплывалі на гэта і падзеі за межамі Беларусі: Вярхоўная Рада Украіны прыняла Акт аб Незалежнасці, а Гарбачоў распусціў КПСС. Варта прызнаць, што і Шушкевіч змяніў сваё стаўленне: цяпер ён падтрымліваў ідэю надання Дэкларацыі статусу канстытуцыйнага закону.

Апошні фактар (роспуск КПСС) для большасці дэпутатаў-камуністаў, якія складалі ў парламенце большасць, важыў болей, чым падзея ў Кіеве: іх родная партыя знікала. Але з другога боку, ненавісны ім Гарбачоў губляў уплыў. І адначасова прэзідэнт Расіі Ельцын не пагражаў ні судом над камуністамі, ні люстрацыяй, ды і ў асяродку наменклатуры ўспрымаўся хаця і бунтаром, але «сваім» (а што бунтар — дык гэта барацьба за ўладу, справа для камуністаў звыклая і цалкам апраўданая). 

Пазіцыя Шушкевіча як вядоўцы сесіі была, безумоўна, істотнай, але той жа наменклатурнай дэпутацкай большасцю ён не ўспрымаўся як аўтарытэтная для іх фігура. Ды і яшчэ ўчора ён казаў супрацьлеглае. Шушкевіч наўпрост даў зразумець, што не ўпэўнены, што вынік галасавання будзе станоўчы.

Ён меў рацыю: па маіх асабістых тагачасных адчуваннях, у пытанні незалежнасці парламенцкая большасць падзялілася прыблізна напалову.

І вось тады слова ўзяў Пазняк.

Мне ўжо даводзілася ў кнізе «Дзевяноста першы» апісваць уражанне ад гэтай прамовы, якая гучала ў абсалютнай, мёртвай цішыні. Нагэтулькі абсалютнай, што да гэтага часу ў вушах стаіць нейкі тэхнічны скрып тэлекамеры ў супрацьлеглым баку Авальнай залі. 

Ашаламляльны эфект прамовы палягаў у тым, што Пазняк абрынуўся на, бясспрэчна, самую папулярную ў тыя дні асобу, феерычнага пераможцу путчыстаў — на Барыса Ельцына. Ельцын успрымаўся як гарант незваротнасці дэмакратычнага працэсу. І не толькі ў Расіі і ў свеце, але і ў Беларусі. 

Пазняк жа даводзіў, што Ельцын па сваёй сутнасці імперац, што ягоная палітыка ў дачыненні да Беларусі будзе мець імперскі характар, што ён будзе кіравацца выключна інтарэсамі Масквы і расцісне кожнага, хто ўстане на ягоным шляху.

Гэтага дэпутаты-камуністы ад Пазняка не чакалі. І не толькі яны. 

«Божа мой, што ён кажа, ён жа сябе закопвае!» — думаў я. І хай даруюць мне мае калегі па Апазіцыі БНФ, сёння яны могуць казаць рознае, але перакананы: ніхто з нас на такую прамову не адважваўся б, нават калі б быў здольны пазбыцца ўдзячнасці Ельцыну за ягоную ролю ў перамозе над путчыстамі. Не кажу ўжо пра тое, што ніхто з нас не меў таго аўтарытэту (нават у палітычных апанентаў), як Пазняк. 

Адразу пасля лідара БНФ выступілі Кебіч, кіраўнікі рэгіёнаў, якія заклікалі падтрымаць прапанову Пазняка, і ў 20 гадзінаў з хвілінамі Беларусь з рэспублікі ператварылася ў дэ-юрэ незалежную краіну.

Прыкметна, што прагноз Пазняка спраўдзіўся ўжо праз некалькі дзён: у канцы жніўня Ельцын вуснамі свайго прэс-сакратара прыгразіў рэспублікам, што калі яны не спыняць працэс суверэнізацыі, Расія выставіць да іх тэрытарыяльныя прэтэнзіі. Гэтая наскрозь імперская заява «вялікага дэмакрата» чамусьці не была заўважаная палітыкамі Захаду і не насцярожыла іх. 

Такім чынам, глыбокае перакананне Пазняка ў тым, што з Масквы нельга чакаць нічога добрага, ні ад каго і ніколі, адыграла сваю станоўчую ролю. 

Ну а далей можна зрабіць тое, што акадэмічная гістарычная навука настойліва адвяргае, але што часам карысна для разумення значэння пэўнай падзеі ці пэўнай асобы.

Маю на ўвазе пытанне — «Што было б, калі б…?».

Паспрабуем, умоўна, уявіць хаду гісторыі без асобы Зянона Пазняка.

Калі нават не ўзгадваць Курапаты і стварэнне Беларускага Народнага Фронту, а проста пачаць з надзвычайнай сесіі ВС 24—25 жніўня 1991-га, дык роля Пазняка ў абвяшчэнні Незалежнасці выглядае не проста выключнай, яна — вызначальная.

Маю на ўвазе не толькі ягоную прамову перад галасаваннем — самой сесіі магло і не быць. Зусім не факт, што дэпутатам БНФ без Пазняка ўдалося б дамагчыся яе склікання. Кажу гэта не абстрактна, а грунтуючыся на рэальным досведзе: за пяць месяцаў да Сесіі Незалежнасці, у красавіку 91-га, калі Пазняк быў у ЗША, нам так і не ўдалося пераканаць Прэзідыум ВС склікаць сесію. А тады на плошчы перад Домам ураду, нагадаю, стаяла да 100 тысяч страйкоўцаў.

Тым, хто кажа, што Беларусь у 91-м рана ці позна была б вымушаная незалежнасць абвясціць і ў якасці аргумента сцвярджае, што «гэтак зрабілі ўсе», нагадаю; мы — той народ, дзе вельмі часта бывае не «як у ва ўсіх».

Ніводная з постсавецкіх рэспублік не вярнула савецкія сімвалы. Ніводная з постсавецкіх рэспублік не прагаласавала за чалавека, які знішчэнне незалежнасці дэклараваў сваёй прыярытэтнай мэтай. Ніводная з постсавецкіх рэспублік не адмовілася ад статусу мовы тытульнай нацыі як адзінай дзяржаўнай. Прыклады можна доўжыць.

Не бачу прычынаў, па якіх, калі б не Сесія Незалежнасці і не 25 жніўня 1991, Беларусь была б незалежнай краінай.

Падпісанне Белавежскіх пагадненняў у снежні? Іх часта ўзгадваюць тыя, хто імкнецца прынізіць значнасць 25 жніўня: маўляў, тады незалежнасць была толькі абвешчаная, а рэальна яна пачалася толькі пасля Віскулёў. 

Гэта падмена паняццяў і прымітыўнае спрашчэнне: нідзе і ніколі працэс суверэнізацыі не адбываецца ў адзін дзень. 

Але справа ў тым, што і падпісання ў Віскулях не было б. Дземянцей шматкроць казаў, што, адрозна ад Шушкевіча, ніколі не паставіў бы свой подпіс. Кожны былы дэпутат пацвердзіць, што тут Мікалай Іванавіч не хлусіў.

Раю падумаць і над наступным цалкам верагодным сюжэтам. Як вядома, у Віскулі быў запрошаны і Назарбаеў, і нават вылецеў туды. Але прызямліўся ў Маскве — афіцыйна, на дазапраўку самалёта. Насамрэч — для размовы з Гарбачовым, які абяцаў яму пасаду прэм'ер-міністра ў «абноўленым Саюзе». У выніку ў Віскулях хітравумны будучы елбасы так і не з'явіўся. 

Незалежнасць Казахстан абвясціў толькі 16 снежня, калі ўжо стала зразумела, што крах імперыі — працэс незваротны.

Гэта пацвярджае, што Назарбаеў быў за захаванне імперыі, спадзеючыся заняць у ёй другую (а пазней, магчыма, і першую) пасаду. 

І вось цяпер уявіце, што Беларусь і Казахстан (ядзерныя рэспублікі, між іншым), не абвясціўшы незалежнасць, падтрымліваюць «саюзны цэнтр» у асобе Гарбачова. Гэтак жа, як падтрымліваюць яго ЗША і іншыя вядучыя заходнія краіны. 

Не варта забывацца, што ЗША не прызналі незалежнасць былых савецкіх рэспублік (за выключэннем Балтыі) нават пасля Віскулёў. Яны зрабілі гэта толькі пасля добраахвотнай адстаўкі Гарбачова, у апошнія дні снежня. 

Канечне, гістарычныя працэсы — вынік спалучэння шмат якіх фактараў, перапляцення заканамернасцяў і выпадковасцяў, дзеянняў вялікіх грамадзянскіх супольнасцяў, цэлых народаў і высілкаў асобных людзей. Могуць мець вырашальнае значэнне дробныя, здавалася б, падзеі — і мінімальна ўплываць глабальныя з'явы. Так, шмат хто з ваенных гісторыкаў сыходзяцца ў меркаванні, што калі б не няспынны дождж, які ўтварыў земляное месіва і зрабіў немагчымай мабільнасць войскаў Напалеона ў бітве пры Ватэрлоо, — вынік мог бы іншы, і тады гісторыя Еўропы магла б пайсці інакш. Падобных выпадкаў можна прывесці безліч, як і, наадварот, прыкладаў шанцавання. 

Але гісторыю не перапішаш. 

І застаецца фактам, што першым у найноўшай гісторыі Беларусі публічна і ў якасці палітычнай мэты дасягненне Незалежнасці ўзняў Зянон Пазняк, і што кіруемы ім Беларускі Народны Фронт гэтай мэты дасягнуў.

І выдаліць гэта з гісторыі нацыі немагчыма.

@nashaniva Зянон Пазняк адзначыў 80-годдзе. Він-шу-ем! #зянонпазняк#беларусь#жывебеларусь#беларусь#белорусы#жена#мужижена#юбилей#беларускаямова#беларусьновости♬ Жыве - TOR BAND

Сяргей Навумчык, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
81
Панылы сорам
10
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
9
0
a.hto.tam.idze/адказаць/
26.04.2024
М, Не разумею вашы аргументы. З Беларуссю фактычна адбылася тое ж самае, толькі Лукашэнка здаў краіну без бою. Гаворка ідзе пра 91шы год, а не пра тое, што адбылося пазней.
0
a.hto.tam.idze/адказаць/
26.04.2024
Хіба, У Ельцына на той момант была адна задача - перасунуць цэнтр улады пад сябе. Самы просты шлях да таго было афіцыйна скасаваць структуру СССР, ці нешта іншае, на што мог бы высунуць прэтэнзію Гарбачоў са сваёй саюзнай наменклатурай. Гэта і было спешна зроблена ў 91ым. Віскулі не толькі абвясцілі незалежнасць трох краін, яны даслалі сігнал усім астатнім рэспублікам СССР, што Расея Ў ТОЙ ЧАС не зацікаўленая іх утрымліваць.
2
Кіслае віншаваннье/адказаць/
27.04.2024
Ай, Навумчык, ну хопіць ўжо бясконца жаваць гэта :"народ не той", "камуністаў да халеры", "нам, сьвятым, няма дзе разагнацца...." Прамовы прамовамі, гэта добра і н ва тоц час было пераканашча, але і пра людзей забываць не варта. Грэблівае стаўленне да шматлікіх ды ўплывовых слаёў пераходнага перыяду адштурхнула прагматыкаў і практыкаў, тыз, хто рэальна трымаў у руках шрубкі і кнопкі дзяржавы. Гэта трэба яшчэ так умець - добрымі ідэямі і перспектывамі напалохаць усіх, хто пра цябе ведае. Выхаваныя савецкай школай там як вынік і адмовіліся і ад Пазьняка, і ад "пазнякоўскіх" ідэй, і ад "бнфаўскіх сімвалаў". Пара ўжо было зразумець розніцу між блогерствам, прамовамі і палітычнай барацьбой.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера