Знайсці
02.03.2024 / 07:0010РусŁacБел

«Вельмі схуднела, у мяне моцна выпіралі косткі». Блогерка Ліза Ветрава расказала пра барацьбу з анарэксіяй

За прыгожай знешнасцю часам хаваецца складаная гісторыя прыняцця сябе. Гэтак здарылася і з блогеркай Лізай Ветравай, якая атрымала падчас студэнцтва досвед анарэксіі і буліміі. Пра той час у сваім жыцці Ліза шчыра расказала «Нашай Ніве».

Крыніца: архіў Лізы Ветравай

«Ішла выклікаць ваніты ў прыбіральню, гэта адбывалася амаль штодзень»

Дзяўчына згадвае, што праблемы з ежай у яе цягнуцца з дзяцінства. У падлеткавым узросце Ліза трохі набрала вагу, і гэта адзначыў яе аднакласнік. 

Той выпадак быў першым, што прымусіла яе звярнуць увагу на свой выгляд: «Хутка пасля гэтага пачала шукаць, што такое дыеты і якое цела я мушу мець. А яшчэ былі газеты і часопісы з прыгожымі карцінкамі, дзе публікавалі трэшовыя дыеты: напрыклад, ты дзень сядзіш на шакаладзе, а потым дзень — на бялку. 

Па целаскладу я мезаморф і ніколі не была вельмі худой, увесь час мела комплексы па знешнасці. У выніку яшчэ гадоў у трынаццаць я першы раз моцна схуднела, скінула больш за дзесяць кілаграм, проста тады на гэта ніхто не звярнуў увагі».

Калі дзяўчыне было 18-19 гадоў і яна вучылася на другім курсе, яе праблемы з харчаваннем перараслі ў булімію. Тады людзі звонку ўпершыню заўважылі, што з Лізай нешта не так і ёй патрэбная дапамога.

Лізе складана згадваць той час, бо для яе ён быў няпросты: «Я тады была ў вельмі складаных, аб’юзіўных стасунках, дзе ў дачыненні да мяне ў тым ліку быў гвалт — і псіхалагічны, і фізічны. Верагодна, на фоне гэтых стасункаў я і пачала моцна турбавацца наконт сябе. У гэтым і фішка такіх стасункаў — іншы чалавек прымушае цябе думаць, што з табой штосьці не так.

Я пачала адмаўляцца ад ежы. Але пры гэтым у стрэсавыя перыяды, калі я адчувала сябе быццам на эмацыйных арэлях, я аб’ядалася, бо не магла сказаць сабе «стоп», калі пачынала есці. Гэта і ёсць булімія — ты некантралявана ясі і не можаш зразумець, што наеўся.

Калі такое здаралася, я разумела, што з’ела вельмі шмат, да гэтага дадаваліся ўсе комплексы. У выніку я ішла выклікаць ваніты ў прыбіральню, каб усё тое, што я з’ела, з мяне выйшла, гэта адбывалася амаль штодзень. Пачынала раніцу з глазураванага сырка з гарбатай, а ўвечары магла аб’есціся, і потым ішла ванітаваць».

Ліза тлумачыць, што жаданне выклікаць ваніты — частка захворвання. Калі хворы на булімію пераядае, ён пачынае сябе ў гэтым вінаваціць. Праз стаўленне маладога чалавека і навязаныя грамадствам комплексы Лізе падавалася, што яна тоўстая і ёй трэба быць дужа худой, таму яна ўспрымала ежу як ворага і лічыла, што ёй нельга есці, каб не папраўляцца. 

Першае фота — тое, як Ліза выглядала падчас хваробы. Другое — Ліза ў 20-21 год, адфаташоплены здымак. Крыніца: архіў Лізы Ветравай

І калі на эмоцыях дзяўчына пераядала, яна пачынала сябе абвінавачваць: «Маўляў, як я магла аб’есціся, цяпер гэтая ежа пойдзе ў тлушч і ўсё будзе блага, таму мне трэба хутка пазбавіцца ад гэтай ежы. А каб пазбавіцца, трэба яе выкінуць з сябе, пакуль гэтая ежа не пераварылася. Цяпер спрабую звыкнуцца з думкай, што, калі я пераела, гэта не страшна, такое бывае». 

Ліза пачала вельмі хутка губляць вагу: звычайна яна важыла 56-58 кілаграм, а недзе праз тры месяцы яе вага было ўжо 42-44 кілаграмы. Але якую б лічбу не паказвалі вагі, Лізе падавалася, што яна недастаткова худая. Праблемы з харчаваннем пачалі біць па здароўі: у дзяўчыны папсаваліся валасы, пазногці і скура. Яна звязвае гэта і з тым, што ў той час не ела мяса.

Ліза адчувала стому, было цяжка вучыцца (яна была ў БДУ на факультэце біяхіміі). 

Яшчэ адзін успамін — Ліза моцна фаташопіла сябе на здымках, хаця і так важыла 42-43 кілаграмы: «Толькі паўтара года таму я перастала сябе фаташопіць, і проста не маю здымкаў, каб пабачыць, як я насамрэч выглядала тры ці пяць гадоў таму. У мяне захаваліся толькі змененыя здымкі, і гэта жахліва. І гэта нягледзячы на тое, што ў той час не атрымлівала ад асяроддзя шмат крытыкі наконт знешнасці».

Падчас рэдкіх паездак у родную Гарадзею, калі дзяўчына бачылася з бацькамі, яна намагалася не хадзіць у вельмі кароткім адзенні, у майтках, насіла свабодныя сукенкі. Але ёй усё роўна казалі, што яна вельмі моцна пахудзела і ёй трэба набіраць вагу. У Мінску дзяўчына жыла разам з дзядзькам і цёткай, яны клаліся спаць даволі рана, таму яна магла без праблем увечары карыстацца прыбіральняй. А калі цётка нешта чула, Ліза ёй казала, што з’ела ў сталовай нешта не тое.

Малады чалавек дзяўчыны, здаецца, і не заўважаў яе разладу. Часам, кажа Ліза, ёй трэба была падтрымка, каб каханы проста сказаў, што яна прыгожая. Але хлопец сцвярджаў, што заўсёды можна быць лепей, ёсць да чаго імкнуцца. Наўмысна ці не, але ён дадаваў да комплексаў дзяўчыны.

«Успрымаю ежу як ворага, заглушаю праз яе эмоцыі»

Даць рады хваробе дапамаглі неабыякавыя людзі. Ліза згадвае: «Неяк на фізкультуры мы пераапраналіся разам з дзяўчатамі з суседняй групы, і яны заўважылі, наколькі я худая. Яны падышлі да мяне і вельмі ветліва пагутарылі, прапанавалі схадзіць да псіхолага, бо я вельмі схуднела і ў мяне моцна выпіралі косткі — маўляў, яны за мяне турбаваліся. Думаю, што на той момант мне сапраўды была патрэбная псіхалагічная дапамога, і я гэта адчувала сама, бо складаныя стасункі з ежай і з маладым чалавекам далі адбітак.

Тады я першы раз звярнулася да псіхолага. Гэта была вельмі маладая дзяўчына, яна сама нядаўна скончыла ўніверсітэт, і яна не спецыялізавалася на разладзе харчовых паводзін. Але яна мне патлумачыла, што я адмыслова прымушаю сябе ванітаваць і ўспрымаю ежу як ворага, як тое, што мне нашкодзіць. Таму мне, як я лічыла, трэба есці мала, але гэта ненармальна, не пра здароўе. Таксама мы з ёй шмат размаўлялі пра стасункі».

Цягам двух месяцаў Ліза хадзіла да псіхолага, і спецыялістка адзначыла ў яе прыкметы анарэксіі. У той жа час дзяўчына разышлася з маладым чалавекам і паступова вярнулася да звычайнага харчавання.

Крыніца: архіў Лізы Ветравай

Але пра свой разлад яна памятае дагэтуль. Разлад харчовых паводзін — не тая хвароба, якая праходзіць і больш не вяртаецца, з ім трэба ўмець жыць і своечасова звяртацца па дапамогу. У больш сталым узросце ў Лізы здарыўся рэцыдыў, яна зноў пайшла ванітаваць у прыбіральню, і тады ёй паставілі новы дыягназ — булімію. Тады дзяўчына звярнулася да псіхатэрапеўткі і разам з ёй пачала вывучаць, адкуль у яе разлад.

«Праз ежу я заглушаю эмоцыі, бо не ўмею іх пражываць. Цяпер я вучуся адрозніваць эмацыйны голад ад фізічнага. За час эвалюцыі ў нашым целе ўзніклі цудоўныя механізмы, якія дапамагаюць нам зразумець, што мы галодныя. Але мы жывем у свеце, які перанасычаны эмоцыямі і стрэсавымі момантамі, звыкліся да вельмі хуткага рытму жыцця і таму не заўсёды пражываем гэтыя эмоцыі. 

Важна адрозніваць эмацыйны і фізічны голад, каб ведаць, калі насамрэч хочацца есці, а калі трэба разабрацца ў сваіх эмоцыях. Бывае, што я дужа шчаслівая або адчуваю вялікі стрэс і з-за гэтага думаю, што мне трэба з’есці нешта салодкае ці, да прыкладу, замовіць сушы ці бургер. Але гэта не таму што я хачу есці, а з-за таго, што я проста канвертую эмоцыі ў ежу».

Ліза расказвае, што ёсць практыкаванні, якія дапамагаюць ёй адрозніць эмацыйны голад ад фізічнага. Напрыклад, вам падаецца, што вы хочаце есці, і вы жадаеце замовіць піцу. Тады можна сябе спыніць і ўявіць хлеб, яйка і памідор. Калі вы б іх цяпер з’елі, гэта значыць, што вы, верагодна, адчуваеце фізічны голад.

А калі вы не хочаце хлеб, яйка і памідор, а хочаце піцу ці бургер, то гэта, хутчэй за ўсё, эмацыйны голад. Бо калі чалавек насамрэч галодны, ён можа наесціся чым заўгодна, у тым ліку і вараным яйкам, а калі гэта эмацыйны голад, нам хочацца чагосьці «смачненькага».

Калі гаворка ідзе пра сапраўдны голад, гэта зразумела па адчуваннях у горле і страўніку, па вяласці. Яшчэ, тлумачыць Ліза, мы часам блытаем жаданне есці з неабходнасцю адпачыць або паспаць, і тады «голад» — гэта насамрэч сігнал арганізму, што трэба аднавіць энергію, і не праз ежу, а праз сон. Таму цяпер дзяўчына можа легчы спаць і ў 8 увечары, проста таму што стамілася. 

Крыніца: архіў Лізы Ветравай

Яшчэ Ліза згадвае сваю маму — тая нарадзіла яе, калі ёй самой было 20, і маму ніхто не вучыў клапаціцца пра сябе. Ніхто не казаў ёй не звяртаць увагу на тое, што кажуць навокал, бо галоўнае — як яна сама сябе адчувае. Здаецца, так сябе паводзіць проста, але ў моманце можна трапіць пад уплыў хейту і злых каментароў.

Мама таксама часам казала дзяўчыне, што яна паправілася. Ліза ўспрымала гэта не як факт, а як думку «трэба сядаць на дыету, я дрэнна выглядаю». Пры гэтым яна рэгулярна атрымлівала кампліменты за знешнасць — напэўна, таму востра ўспрымала хейтарскія каментары.

«Цяпер я разумею, што ў мяне ёсць праблема з харчаваннем, ведаю, куды звяртацца па дапамогу. Яшчэ цяпер я па-іншаму стаўлюся да ежы, разумею: мы ямо, каб жыць, а не жывем, каб есці. Я вучуся пражываць эмоцыі — стрэс, паніку, жах і радасць, і пражываць іх самастойна, без ежы. І калі хтосьці, хто прачытае гэты артыкул, пазнае ў ім сябе, я б раіла не саромецца і звяртацца па дапамогу, бо гэта не сорамна, вам сапраўды стане лягчэй жыць», — мяркуе Ліза.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Беларуска, якая дзевяць гадоў жыла з буліміяй, расказвае, як уратавала сябе

Былая палітзняволеная расказала, што дапамагло ёй аднавіцца

Беларуска пра тое, як перамагла анарэксію і дзякуючы гэтаму стала доктарам-блогеркай са шматтысячнай аўдыторыяй

Вера Белацаркоўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
43
Панылы сорам
6
Ха-ха
6
Ого
4
Сумна
10
Абуральна
18
0
Кумпячок/адказаць/
02.03.2024
Люблю поўненькіх. Ліза, еш, калі ласка!
0
13 месяц/адказаць/
02.03.2024
і хадзі да ветру)
постеснялизь добавить ви)
03.03.2024
> "Бо калі чалавек насамрэч галодны [фізічны голад], ён можа наесціся чым заўгодна, у тым ліку і вараным яйкам, а калі гэта эмацыйны голад, нам хочацца чагосьці «смачненькага»."

Розніца тут толькі ў колькасці энергіі (калорый) і хуткасці, з якой яна можа быць успрынята. Ясна, што ў піцы і салодкім энергіі больш і яна хутчэй адчуецца, чым проста ў хлебе з памідорам.
Праграма ў жывёлаў простая: з'есці па магчымасці паболей. Таму тэрмін "эмацыйны голад" выглядае ненатуральным, залішнім. Залішняя сутнасць, па лязе Окама. І тое, і другое - "фізічны" голад.

Мабыць, мае права на існаванне толькі як элемент сістэмы слоў, якая дапамагае канкрэтнаму чалавеку дысцыплінаваць свае рытуалы, бо аўтаматычна працэсы "голад - сытнасць" чамусьці разбалансаваны, не працуюць як трэба.

Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930