Знайсці
02.03.2024 / 20:3015РусŁacБел

Як прапагандыст Ігар Тур стаў любімчыкам Лукашэнкі і колькі зарабіў у 2020-м

Калі былы кіраўнік лукашэнкаўскага пула на АНТ Дзмітрый Семчанка звольніўся, перад Ігарам Турам адкрылася сцежка наверх. Расказваем, як складалася кар'ера зоркі прапаганды, пра што ён шкадаваў падчас Плошчы-2006 і колькі зарабіў у 2020-м.

Фота: сацсеткі

«Чаму вось гэта ўсё менавіта ў год майго выпуску?»

Кажуць, калі Ігар Тур заехаў ва ўніверсітэцкі інтэрнат, то завешаў сцяну ў пакоі сваімі школьнымі дыпломамі. 

На журфак БДУ правінцыйны хлопец (Ігар рос у пасёлку Першамайскі, што ў 10 кіламетрах ад Ліды) паступіў, каб стаць спартыўным журналістам. Хоць раней марыў быць футбалістам: займаўся ў Лідскай ДЮСШ па футболе, але зразумеў, што ў топавыя спартоўцы не выб’ецца.

Меў добрае пачуццё гумару, імкнуўся да папулярнасці, душа кампаніі — так апісвалі Ігара тыя, хто вучыўся ў той час.

Ігар Тур (у цэнтры) у часы журфака.

«Ён не быў сквапны. Вучыўся нармальна, ніколі не трапляў у дрэнныя сітуацыі. Не памятаю, каб ён негатыўна выказваўся наконт апазіцыі ці Лукашэнку адкрыта падтрымліваў. Яго пераўвасабленне было вельмі нечаканым. Ёсць студэнты, па якіх відаць, што яны адданыя бээрсэмаўцы, а за ім я такога не заўважаў», — успамінаў раней яго аднакурснік.

«Дзяўчаты заўсёды былі пры ім. Прагнуў увагі, лідарскіх пазіцый», — згадвае іншы.

На журфак, наколькі вядома, Тур паступіў па мэтавым размеркаванні. Але адпрацоўваць у раёнцы пяць гадоў не паехаў. Кажуць, што ездзіў туды пераразмяркоўвацца — і неяк уладзіў пытанне, хоць па законе зрабіць гэта было немагчыма.

Сам Ігар пазней наракаў, што Плошча-2006 здарылася за тыдзень да яго 17-годдзя. 

«Я ў той час ад палітыкі быў як да Месяца і назад — раз 100. Але ў той год мне трэба было паступаць на журфак БДУ (я збіраўся толькі туды, без варыянтаў) і пераязджаць у Мінск, так што за падзеямі ў сталіцы я пазіраў. 

Тады ў інтэрнэце ўжо пісалі «ўсё, рэжым хутка падзе». Гэта юнага (і, адпаведна, дурнога) Ігара Тура вельмі хвалявала, але па банальнай прычыне. «Маўляў, а чаму вось гэта ўсё менавіта ў год майго выпуску са школы? Можна я нармальна паступлю ва ўніверсітэт, а потым ужо ўсё астатняе?..» — пісаў ён.

Колькі каштуе праца ў пуле Лукашэнкі?

Падчас вучобы Ігар супрацоўнічаў з Першым нацыянальным каналам Беларускага радыё. Пасля было радыё «Бі-Эй», будаўнічы партал Stroyka.by.

На АНТ Тур прыйшоў у 2014 годзе. У прэзідэнцкім пуле працуе з 2017-га.

«Прыход у пул — працэс паступовы. Усё пачынаецца з простых тэм. Калі атрымліваецца нядрэнна, журналісту прапануюць больш складаныя сюжэты, вышэй па вёрстцы, бліжэй да палітычнага парадку дня. І толькі пасля гэтага чалавек спрабуе ў пуле», — дзяліўся Тур.

Скрын відэа АНТ

Былы відэаінжынер АНТ згадваў, як людзей прыцягваюць у пул: 

«Чым больш ты робіш, чым больш у цябе атрымліваецца, і цябе паволі пачынаюць падцягваць у пул. Кажуць увесь час, што гэта вельмі вялікая адказнасць — гэта цешыць. Там людзі працуюць як сабакі. Прычым заробкі не гіганцкія. Навошта яны гэта робяць? Дзеля кватэр у якіх-небудзь Мачулішчах. Усё робіцца дзеля адной думкі: ці спадабаецца гэта ў адміністрацыі? Ніхто не робіць, каб гледачу спадабалася».

Тых, каго дапускаюць у пул, правярае служба бяспекі і прэс-служба Лукашэнкі.

Некаторыя са знаёмых кажуць, што Ігар абраў прапаганду, бо гэта быў хуткі спосаб узляцець па кар’ернай лесвіцы для хлопца з правінцыі.

«Ігар перажываў, што ў сваім узросце яшчэ не мае ўласнай кватэры», — згадваюць.

З прыходам Тура ў лукашэнкаўскі пул кантакты са многімі былымі прыяцелямі зніклі.

Фота: сацсеткі

Кажуць, што калі ў пуле быў Дзмітрый Семчанка, то зоркай быў ён, іншыя не маглі прабіцца ў лідары. Пасля звальнення Семчанкі з АНТ, магчыма, Ігар зразумеў, што гэта яго шанц. Семчанку ў 2022-м затрымаюць і асудзяць да трох гадоў калоніі за «распальванне варожасці». Тур паспее атрымаць медаль Францыска Скарыны і стане адным з любімчыкаў Лукашэнкі.

Стаўка на выгаду сыграла.

За 2020 год Тур зарабіў «чыстымі» амаль 19 тысяч даляраў, ці 1580 даляраў на месяц (такія даныя прыводзяцца ў базе ФСАН, звесткі з якой прадаставіў «Белпол»).

Маці — дэпутатка, жонка — з МНС

Бацька Ігара Тура — інжынер у Лідскіх электрычных сетках, маці — раённая дэпутатка і дырэктарка гарадскога Палаца культуры. Палацам культуры ў Лідзе яна кіруе больш за 15 гадоў, з узнагарод мае нагрудны знак Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі». У Палацы культуры працуе і сястра прапагандыста.

Ірына Тур (у цэнтры) з дачкой Вольгай. Фота: grodnonews.by

У 2022-м Тур ажаніўся — з прэс-сакратаркай Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Ксеніяй Шынгірэй (цікава, што і муж сястры Ігара — з МНС). Ксенія на два гады маладзейшая за мужа. Сама з Рэчыцы, актывістка БРСМ, скончыла гомельскі філіял Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі, выхоўвала маленькую дачку.

Фота: сацсеткі

З Турам пазнаёмілася на калядным прыёме ў Лукашэнкі. Маёр МНС, якая дагэтуль бачыла прапагандыста ў эфіры, сама працягнула яму руку, каб павітацца. Той руку пацалаваў, перакінуўся парай слоў. А праз пару тыдняў напісаў ёй у сацсетках.

З вяселлем пару віншаваў Лукашэнка. У падарунак у дадатак да чырвона-зялёнага букета перадаў келіхі ад шклозавода «Нёман». 

Фота: сацсеткі

У 2023-м у пары нарадзіўся сын. Назвалі Аляксандрам. Тур кажа, што не ў гонар Лукашэнкі — яму падабаўся герой Саша Белы з «Брыгады», таму і хацеў даць сыну такое імя. Дый жонка сама прапанавала назваць Аляксандрам.

«Удалы дзень — гэта калі табе вітальна кіўнуў і Аляксандр Рыгоравіч, і Уладзімір Уладзіміравіч»

Калі Азаронак з тэлеэкрана пырскае слінай, заклікаючы да распраў над палітычнымі апанентамі і раздаючы ордэны Іуды, 34-гадовы Тур абраў больш стрыманую ролю. Цяпер асноўныя перадачы Тура на АНТ — «Будет дополнено» і «Прапаганда». У першай ён праходзіцца па апазіцыі, у другой пераконвае, наколькі мудры Лукашэнка і яго рашэнні. ДзяржТБ называе гэта аўтарскай журналістыкай — на яе прапагандыст пераключыўся пасля падзей 2020 года.

Увага з боку Лукашэнкі яму прыемная. Лепш — толькі калі Пуцін заўважыць.

«Удалы дзень — гэта калі табе вітальна кіўнуў і Аляксандр Рыгоравіч, і Уладзімір Уладзіміравіч. Можа, кіўнулі не канкрэтна табе, а ўсяго толькі ў твой бок, але гэта ўжо нюансы», — пісаў Тур у сацсетках пасля асвятлення сустрэчы двух палітыкаў.

«Для мяне мяшок бульбы ад прэзідэнта куды больш каштоўны, чым паездка ў Дубай», — запэўніваў ён у ток-шоу на СТБ.

Фота: сацсеткі

Ігар таксама выкладае на журфаку БДУ на кафедры тэлебачання і радыёвяшчання. Ён праводзіць для трэцякурснікаў майстар-класы «Прафесійнае майстэрства тэле/радыёжурналіста». З прапагандысцкімі прамовамі ездзіць і па заводах. 

Іван Падрэз, у мінулым дырэктар дырэкцыі спецпраектаў АНТ, так адгукаўся пра Тура:

«Мы не былі сябрамі, але перасякаліся ў курылках. І падчас працы на тэлебачанні я да яго нейкага татальнага негатыву не адчуваў. Тым больш што да апошняга часу Тур выглядаў дастаткова інтэлігентна. Такі служака, які не можа аддзяліць сваё меркаванне ад лініі партыі.

І ў 2020, і ў 2021 гадах мне здавалася важным не выкрэсліваць такіх, як ён, з агульнага дыскурсу, а працягваць з імі размаўляць. Нават, можа, не столькі з ім канкрэтна, колькі з яго аўдыторыяй у сацсетках, каб тыя людзі бачылі нешта альтэрнатыўнае. 

Цяпер, пасля 24 лютага, я разумею, што гэта ўсё ж было пустой справай. 

Ігар Тур выдатна ўсё разумее, канечне. Але мяркую, ужо не можа саскочыць. Ігар не дурны хлопец. Думаю, яго закрыюць, калі ён паспрабуе сысці, ён ужо смяротнік. Бо ён у пуле. Яшчэ ў 2020 годзе былі звальненні з пулу — і тады людзям помсцілі. А цяпер усё будзе больш жорстка».

«Ваша дэмакратыя — гаўно»

Тура можна назваць умераным лукашэнкаўцам. Ён не падзяляе радыкалізм даносчыцы Бондаравай і беларусафобскія настроі яе кола.

Напрыклад, пярэчыў Бондаравай, калі тая ўзялася за беларускую мову. І нават прасцябаў яе ў разгар кампаніі супраць лацінкі — размясціў пост, імітуючы правапіс лацінкай.

Бондарава не раз наязджала на прадстаўніка лукашэнкаўскага пулу. Напрыклад, за тое, што Тур не стаў клеймаваць Меладзэ (Тур напісаў, што яму ўсё адно, што артысты кажуць, каб быць паспяховымі ў аўдыторыі).

Але не варта зачароўваецца. Магістральную лінію рэжыму Тур цалкам падтрымлівае.

Скрын відэа АНТ

У эфіры Тур пагражаў тым, хто пакрыўдзіць прыхільніцу Лукашэнкі, якая ананімна паскардзілася на ТБ, што яе называлі ізгоем:

«Калі ў яе бок прыляціць абраза, з’едлівы жарт, касы позірк, вы атрымаеце адміністрацыйную справу з максімальна магчымым па законе пакараннем. Калі вы вусна ці ў перапісцы дазволіце сабе пагражаць яе здароўю ці жыццю, вы атрымаеце крымінальную справу з максімальна магчымым па законе тэрмінам. Нават падзенне воласа з яе галавы будзе азначаць для вас гады зняволення».

«Ваша дэмакратыя — гаўно, — злаваўся прапагандыст, калі фэйсбук часова яго заблакаваў. — Я не люблю геяў. Я не расіст (ладна, крыху расіст), але чорны — чорны, таму што ў яго такі колер. Бясполая істота — гэта ненармальна, мода ваша — безгустоўны адстой, фемінізм прыдуманы непрыгожымі жанчынамі, Крым і Данбас — расійскія, Украіна — не дзяржава, а Байдэн — стары».

Пасля падрыву Крымскага моста ў кастрычніку 2022-га Тур гатовы быў устаць у шэрагі з расійскімі салдатамі.

«Уладзімір Уладзіміравіч, родненькі — страляй жа! (…) Як па мне, часам лепшы спосаб пазбавіцца ад страху — зрабіць рашучы крок яму насустрач. Піша гэта вам звычайны журналіст з Беларусі, які трапляе ў выпадку чаго ў першую ж хвалю мабілізацыі і выдатна гэта ўсведамляе», — пісаў Тур у сваім тэлеграм-канале.

Разам з КДБ ён разводзіў актывіста-эмігранта з Магілёва Алега Аксёнава. Гісторыя скончылася тым, што на семінар па бяспецы ў Беларускім моладзевым хабе ўключыўся афіцэр КДБ Канстанцін Бычак.

Загрыміраваны Тур далучыўся да семінара па бяспецы. Фота: сацсеткі

Прапагандыст у сваіх перадачах пераконваў, што краіне патрэбны правадыр і дыктатар-папуліст.

«Прыходзіць нейкі іншы прэзідэнт, кажа «ёсць праблема, якія ў вас, спецыялістаў, ёсць варыянты развязання?», спецыялісты адказваюць «выканаем усе вашы распараджэнні» — а распараджэння ад іншага прэзідэнта не паступае… Пакуль ёсць Лукашэнка — ён аднаасобна і гэтую праблему можа купіраваць, і робіць гэта».

Лукашэнка такую адданасць цэніць — і нярэдка вылучае Тура падчас сваіх паездак.

За сваю працу на лукашэнкаўскую прапаганду Тур трапіў пад санкцыі ЕС, Канады і Швейцарыі. Што, магчыма, цешыць яго самалюбства.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
18
Панылы сорам
24
Ха-ха
18
Ого
7
Сумна
17
Абуральна
56
2
а ты готов здохнуть за унитазный ершик пукина?/адказаць/
28.02.2024
Наш чалавек , когда уже на Донбасс отчалишь, оркан?
0
герда/адказаць/
29.02.2024
вочы шкляныя сталі ў яго...
0
Кока/адказаць/
03.03.2024
Колхозник обыкновенный
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930