Знайсці
23.02.2024 / 07:009РусŁacБел

Лукашэнка не пойдзе на наступны тэрмін? Латушка і Карбалевіч адказваюць Чаламу

Аналітык Сяргей Чалы зрабіў прагноз, што мы не ўбачым кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 2025 года і ён задаволіцца пасадай старшыні Усебеларускага народнага сходу. «Наша Ніва» спытала іншыя меркаванні: наколькі імаверны такі сцэнар?

Фота: Pavel Bednyakov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Карбалевіч: Пасля 2020 года ён рэальна асцерагаецца адказнасці

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч адзначае, што прагнозы не надзейная рэч, бо яны не могуць улічваць падзеі, якія могуць здарыцца за гэтыя паўтара года, якія засталіся да наступных выбараў.

«Вайна ва Украіне, стан здароўя самога Лукашэнкі могуць шмат на што паўплываць. Але калі нічога экстраардынарнага не здарыцца і статус-кво захаваецца, то найбольш імаверным выглядае сцэнар, што Лукашэнка будзе ўдзельнічаць у наступных выбарах».

Па-першае, сам Лукашэнка пра гэта даволі празрыста намякае. І тут, на думку аналітыка, яму можна давяраць.

«Па-другое, гэта вынікае з логікі палітычнага працэсу. Пасля ўсяго таго, што Лукашэнка нарабіў пасля 2020 года, ён рэальна асцерагаецца адказнасці. І гэты страх цалкам абгрунтаваны», — лічыць Валер Карбалевіч.

Фота: «Наша Ніва»

Аналітык кажа, што ў гісторыі хапае прыкладаў, калі дыктатараў прыцягвалі да адказнасці праз нейкі час, нават калі тыя забяспечвалі сябе шмат'яруснымі гарантыямі бяспекі, закладалі іх у Канстытуцыю.

«Але гэта не працуе, любыя законы можна адмяніць, змяніць Канстытуцыю. Гарантыі пераемнікаў таксама нельга назваць вельмі надзейнымі. Казахстан — яскравы прыклад.

Да таго ж трэба быць упэўненым, што пераемнік зможа надоўга застацца ва ўладзе. Што на яго месца не прыйдуць хутка іншыя людзі, якія нічога нікому не гарантавалі», — адзначыў Карбалевіч.

Усебеларускі народны сход (УНС) аналітык таксама называе не вельмі надзейнай канструкцыяй, бо яна можа спрацаваць, а можа і не.

Таму прынамсі пры захаванні статус-кво Лукашэнка будзе імкнуцца да пажыццёвай улады, займаючы адначасова статус кіраўніка УНС і кіраўніка дзяржавы.

 Карбалевіч таксама не верыць у варыянт, калі Лукашэнка абярэ ў якасці пераемніка аднаго са сваіх сыноў.

«Той, хто атрымае ўладу пасля Лукашэнкі ў якасці пераемніка, мусіць быць здольным гэтую ролю выконваць. Сам Лукашэнка некалькі разоў казаў, што не бачыць у Віктара такіх здольнасцей. Сам факт таго, што Віктар не займае ніякай дзяржаўнай пасады, з'яўляецца вельмі паказальным».

Карбалевіч кажа, што, наколькі яму вядома, падчас крытычных падзей 2020 года Віктар Лукашэнка выступіў супраць жорсткага сцэнару падаўлення пратэстаў, праз што патрапіў у апалу і быў накіраваны кіраўніком Нацыянальнага алімпійскага камітэта, які па сваім юрыдычным статусе з'яўляецца грамадскай арганізацыяй.

«Таму, калі б, напрыклад, Віктара рыхтавалі да ролі пераемніка, то яго прызначылі б на пасаду чыноўніка, а ён наадварот страціў тую палітычную вагу, якую меў раней, калі займаў пасаду памочніка прэзідэнта».

Валер Карбалевіч лічыць, што праз рознагалоссі бацькі і сына ў 2020 годзе Аляксандр Лукашэнка не будзе рабіць стаўку на Віктара.

«Пазіцыю Віктара можна было зразумець, бо ён, напэўна, хацеў заставацца жыць у Беларусі і пасля таго, як яго бацька згубіць пасаду. Але пасля таго, што Аляксандр Лукашэнка нарабіў пасля 2020 года, цяжка ўявіць, як гэта будзе магчыма. Таму праз гэта Віктар Лукашэнка мог быць прыхільнікам больш лагоднага варыянту выхаду з крызісу», — лічыць Карбалевіч.

@nashaniva Лукашэнка не будзе балатавацца на наступных выбарах #чалый#лукашенко#беларусь#новостибеларуси#беларусьновости#александрлукашенко#нашаніва♬ The Cruel 5 - Mr Obed

Латушка: Віктар Лукашэнка можа атрымаць у спадчыну поўны кантроль над дзяржавай

Галоўным сэнсам жыцця Лукашэнкі Павел Латушка называе ўладу. Таму ён лічыць, што Лукашэнка будзе весці барацьбу за яе да апошняга ўздыху.

«Гэта той чалавек, які наўрад ці адмовіцца ад улады самастойна. Бадай, адзіны варыянт, калі ён можа гэта зрабіць сам — стан здароўя, які не дазволіць яму працягваць утрымліваць уладу і кіраваць дзяржавай. Даволі цяжка ўявіць сабе дыктатара, які, напрыклад, перасоўваецца ў інвалідным вазку», — лічыць кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета.

Павел Латушка. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Менавіта стан здароўя Латушка называе тым адзіным фактарам, які можа паўплываць на рашэнне адмовіцца ад удзелу ў наступных выбарах.

«Але тут таксама варта разглядаць сітуацыю ў кантэксце двоеўладдзя, якое ўжо ствараецца на нашых вачах. З’яўляецца новая пасада — старшыня Усебеларускага народнага сходу. З фармальнага пункту гледжання, яна можа ўспрымацца нават вышэйшай за пасаду прэзідэнта».

У такім выпадку гэта будзе ўмоўны зыход, бо Лукашэнка зойме ганаровую пасаду старшыні УНС і атрымае статус «сматрачага» за краінай і за тым, каму ён перадасць функцыі прэзідэнта.

«Лукашэнка, як дыктатар, не давярае нікому, ён не мае сяброў. Ён таксама запалоханы. Асабліва ў апошнія гады ўтрымання ўлады. Гэта і выклікае яшчэ больш масавыя рэпрэсіі ў краіне. Тут спрацоўвае як помста за тое, што ў яго разуменні народ яму нібыта здрадзіў, так і страх паўтарэння 2020 года. Калі мы кажам пра магчымага пераемніка, то такой асобай можа быць толькі хтосьці з членаў яго сям’і».

Павел Латушка лічыць, што такім патэнцыялам валодае толькі старэйшы сын Лукашэнкі — Віктар. Ён як сын не здрадзіць свайму бацьку і сістэмна будзе захоўваць яго спадчыну.

Латушка лічыць, што Аляксандр Лукашэнка хоча ўвайсці ў гісторыю як чалавек, які стварыў незалежную Беларусь.

«Яму не ўсё роўна, што адбудзецца з яго спадчынай пасля смерці. У выпадку, калі яго месца зойме Віктар, ён разумее, што той захавае яго імя ў гісторыі, прынамсі на нейкі час, як стваральніка, а не разбуральніка.

У іншым выпадку змена ўлады будзе азначаць поўную дэсакралізацыю Лукашэнкі.

Фота: Valery Sharifulin Sputnik Kremlin Pool Photo via AP

Калі да ўлады прыйдзе асоба не з сям’і, то яна будзе абвінавачваць ва ўсіх праблемах менавіта Лукашэнку. Віктар жа не будзе выкарыстоўваць гэта ў публічнай прасторы».

Тым не менш, Латушка мяркуе, што хутчэй за ўсё як мінімум да 2025 года складзецца сітуацыя, калі Лукашэнка будзе незаконна ўтрымліваць дзве пасады: прэзідэнта і старшыні УНС.

«І тут цікава, што Лукашэнка падпісаў указ, згодна з якім у старшыні УНС з’яўляецца намеснік. Прызначэнне некага на гэтую пасаду будзе мець важнае значэнне ў разуменні далейшых зменаў ва ўладзе. Калі гэтую пасаду зойме Віктар, стане зразумела, што ён перадае ў спадчыну пасаду свайму сыну. І тады тэарэтычна вырастае шанец, што Віктар можа балатавацца на пасаду прэзідэнта.

Калі ўявіць сабе такую сітуацыя, што Аляксандр Лукашэнка памірае, а Віктар будзе прызначаны прэзідэнтам Беларусі і адначасова з’яўляцца намеснікам старшыні УНС, то ён пасля Лукашэнкі атрымае ў спадчыну і пасаду старшыні УНС. Гэта будзе азначаць поўны кантроль над дзяржавай, што важна для Аляксандра Лукашэнкі пасля яго адыходу. Ён таксама думае пра гэта», — упэўнены Павел Латушка.

Іншым фактарам, які можа спрыяць пакіданню Лукашэнкам пасады, Латушка называе невыкананне даручэнняў Пуціна.

«У такім выпадку Масква можа стварыць умовы, пры якіх ён не зможа балатавацца або не зможа забяспечыць сабе пераабранне».

Чытайце таксама:

Вядучая АНТ Наталля Немагай: Мне да дзвярэй прыносілі пахавальныя вянкі

У Жлобіне на падворках ставяць расійскія сцягі. Мясцовыя сілавікі гэта толькі вітаюць

nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
10
Панылы сорам
2
Ха-ха
7
Ого
6
Сумна
11
Абуральна
42
2
Праўдаруб/адказаць/
23.02.2024
 Влад, гэта відаць на польскай. Нейкі ў шчэнт апалячаны рускі са знакам якасці піша камент з там тэй строны Буга
23.02.2024
Nia pojdzie Luka na vabary, da času tych vybaraú prezydent užo budzie abrany...u Rasieji. U stalicy jaho Rodziny.
23.02.2024
Праўдаруб, ты дурны, ці ты з Вілейкі? На мове цяжка размаўляць без практыцы, ды калі польскую чуеш часцей за беларускую. Але як гэта можа зрабіць мяне рускім?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930