Знайсці
20.02.2024 / 17:121РусŁacБел

Блогерка Вольга Такарчук расказала, як трымала галадоўку ў карцары і што за відэа з ёй тады выклалі на ТБ

Блогерка Вольга Такарчук падчас знаходжання ў СІЗА ў чэрвені 2021 года абвясціла галадоўку ў знак пратэсту. Падрабязна пра тое, што тады адбылося, яна расказала ў новым выпуску ток-шоу «Жыццё-маліна».

Вольга Такарчук. Скрын відэа malina_by / YouTube

Пра галадоўку

Па словах Вольгі, з першага дня ў СІЗА ў Жодзіна на яе пачалі складаць рапарты. Праз два тыдні яна ўжо знаходзілася ў карцары, дзе абвясціла галадоўку.

«У мяне быў стрэс, шок. Не хацелася есці ніяк. Акрамя гэтага ў мяне на чацвёрты дзень пачала балець галава. Я на той момант ужо была ў карцары. Там вельмі холадна. Трэба было неяк грэцца. А гэта прысядаць, качаць прэс. А галава баліць так, што ты не можаш нічога рабіць. Просіш таблетку. Адказваюць: «Пачні есці, атрымаеш таблеткі». Больш ніякіх адчуванняў у мяне не было. Я ў прынцыпе не шмат ем. Таму мне не складана было».

Такарчук расказвае, што трымала галадоўку пяць дзён і скончыла яе ў абмен на цёплы спартыўны касцюм:

«Мяне выклікала псіхіятар…. Яна сказала, што яшчэ ніхто галадоўкай не дабіўся таго, каб яму адмянілі карцар. Я адказала: «Так значыць я дабʼюся хаця б таго, каб мне далі цёплыя рэчы. Я мерзну». Яна сказала, што паспрабуе з імі пагаварыць.

Не ведаю, што яна гаварыла. На наступны дзень, каб я пагрэлася, яна мяне да сябе выклікала быццам бы рабіць ЭКГ. На трэці ці чацвёрты дзень мяне выклікаў нейкі там начальнік. Прыехаў мой адвакат, які ўжо ведаў пра галадоўку. Начальнік спытаў, чаго я дабіваюся. Я папрасіла даць цёплыя рэчы. Ён сказаў: «Добра. Ты бярэш цяпер усё, што табе трэба, але адразу ты ідзеш абедаць».

Запіс відэа для АНТ

Як згадвае Такарчук, тое, як яна абедала, было запісана на відэа і пазней паказана на АНТ.

«Мне далі спартыўны касцюм. Я пайшла есці. Адразу гэта ўсё знялі на камеру і паказалі на АНТ. Адвакат пазней сказаў: «Ну Вольга ты хуткая. Я толькі прыехаў дахаты расказваць пра тваю галадоўку, а ўжо па АНТ бачу, што ты з яе злезла».

Ну і сцяг ім у рукі. Для мяне было галоўнае, каб было цёпла».

Пра знаходжанне ў карцары

Вольга расказвае, што пад час знаходжання ў карцары ў яе быў вельмі дрэны маральны стан: «Я сабе вены рэзала каменем. Пастаянна плакала, крычала ў маленькае акно: «Мама, забяры мяне».

Па словах Такарчук, адзінай забаваю ў карцары была лепка з хлеба:

«Я выламала з расчоскі адзін зубчык. Ляпіла з чорнага хлеба, які там як клейкавіна. З яго добра можна ляпіць. Пластылін адпачывае…. Я рабіла тонкія пласцінкі з хлеба і пісала пасланні Сусвету: «Я хутка выйду», «Лукашэнка сышоў» («сышоў» — гэта мякка сказана, там было па-іншаму), «Мы перамаглі».

Я гэта ўсё пісала, а потым скідвала ва ўнітаз. Ён забіўся праз тры дні. Мне два разы прыходзілі яго чысціць».

Па словах Такарчук, яе маральны стан тлумачыцца тым, што ўсё адбылося вельмі хутка: «Турма, Жодзіна, карцар. Мозг за гэтым не паспявае. Што ты не злачынца, а цябе тут прыніжаюць усімі магчымымі спосабамі. Прыняць гэта было вельмі складана. Да таго ж без дзяцей.

Першы час я ўвогуле вешалася без іх. Сказаць, што я крычала, гэта нічога не сказаць. Я падыходзіла да акна і выла. Мне здаецца, што мяне чулі ва ўсім Жодзіне. Я так крычала.

Калі ты ў карцары адзін са сваімі думкамі, мне ўжо было пляваць на ўсё. Я думала, што не хачу жыць. Ні брытвы, нічога вострага там няма. Знайшла нейкі камень. І проста чыкала сабе вены, думала, што хоць неяк іх расфігачу».

Як згадвае Вольга, яе спробы ўскрыць вены спыніла пачутая песня. «Я сядзела, ляпіла мякіш і пачула, як праз пару камер спяваюць песню «Воіны свету». І я расплакалася. Памятаю, што не проста адкінула камень, а змыла ва ўнітаз.

Думаю, нас так шмат. Усё роўна будзе добра. Няўжо яны мяне зломяць. І ўсё. Потым я пачала бачыць нешта вакол у гэтай камеры. Там шкляныя дзверы ў карцары. З майго боку яны люстраныя. А яны бачаць, што ты робіш. І там таўшчынёю з палец зроблены пруцікі. На іх было напісана: «Жыве Беларусь», «Не здавайся», «Трымайся», «Усё будзе добра».

І пасля гэтага я вырашылы, што трэба сябе нечым займаць. Я папрасіла тазік, губку, нейкае мыла. Сказала, адкрыць акно. Яно было ўсё ў пыле, павуціне. Яго хіба што гадоў пятнаццаць-дваццаць ніхто не мыў. Яны мне адкрылі гэтае маленькае акенца. І я пачала проста мыць гэтую камеру. Па сантыметру драіла з ранку да вечара. І так да канца свайго тэрміну».

Чытайце яшчэ:

Блогерка Вольга Такарчук расказала, як развялася з мужам праз розныя палітычныя погляды

Блогерцы Вользе Такарчук далі 1,5 года калоніі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
3
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
5
Абуральна
0
0
Mafkees /адказаць/
20.02.2024
Замечательная и красивая во всех смыслах женщина. Желаю ей удачи и успехов в новой стране проживания. Правильно сделала что покинула этот колхозный ад.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031