Знайсці
19.02.2024 / 15:131РусŁacБел

Па трубах. З'явіліся невядомыя падрабязнасці захопу расіянамі Аўдзееўкі

Баі за Аўдзееўку доўжыліся чатыры месяцы, напачатку расіяне неслі вялізныя страты, але пасля знайшлі нечаканыя хады, пішуць вайсковыя аналітыкі.

Фота: Kostiantyn Liberov/Libkos/Getty Images

Як сцвярджаюць аналітыкі групы Frontelligence Insight, крытычнай для ўкраінскага боку сітуацыя ў Аўдзееўцы была не заўсёды. Фактычна тры з паловай месяцы абарона горада была паспяховай.

Падчас першапачатковага штурму расійскія войскі пайшлі на ўмацаваныя ўкраінскія пазіцыі праз адкрытыя, часта замінаваныя палі, дзе адзіным натуральным укрыццём былі пасадкі з дрэў. Яны панеслі надзвычай высокія страты нават паводле іх уласных стандартаў, якія сталі вынікам нерэалістычных чаканняў на ранняй фазе.

Напрыклад, пасля панесеных 10—19 кастрычніка страт расійскае камандаванне вырашыла не ўводзіць дадатковыя сілы. Фактычна яно адмовілася ад ідэі хуткага акружэння горада механізаванымі падраздзяленнямі. Каб папоўніць страты, Расіі прыйшлося перадаць у распараджэнне 2-й і 41-й агульнавайсковых армій тэхніку 25-й арміі.

Фота: Dmytro Smoliyenko / Ukrinform/Future Publishing via Getty Image

Першапачаткова расійскія «абцугі» пацярпелі вялікую няўдачу. Яны недаацанілі рашучасць украінцаў абараняць пазіцыі і пераацанілі моц сваіх войскаў на паўночным флангу.

Перыяд з кастрычніка па снежань характарызаваўся няздольнасцю Узброеных сіл Расіі завяршыць акружэнне Аўдзееўкі, што прымусіла іх сфакусавацца на самім горадзе. І тут ім дапамог недахоп артылерыйскіх боепрыпасаў у ўкраінцаў, якія не маглі весці эфектыўную контрбатарэйную барацьбу.

Пералом у баях

Сітуацыя для расійскіх войскаў палепшала каля 21 студзеня, калі ім удалося трапіць у гарадскую забудову праз падземныя камунікацыі. За кошт эфекту нечаканасці яны захапілі некалькі пазіцый у тыле, што стала асновай для плацдарму.

Як адзначаюць аналітыкі, суадносіны страт у гарадскіх баях заўсёды выраўноўваюцца, асабліва калі ў ворага перавага ў артылерыі і ў паветры. Гэта дазваляе прасоўвацца вуліца за вуліцай, знішчаючы шляхі забеспячэння.

Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, расійскія войскі не заўсёды штурмавалі ў лоб, а выкарыстоўвалі больш гнуткую тактыку. Яны адаптаваліся. Разумеючы абмежаванні сваіх механізаваных кулакоў, расійскі бок стаў ствараць невялікія «кішэні», падзяляючы ўкраінскія войскі.

Замест прамога ўдару на Стэпавое расіяне намацалі слабое месца на поўначы паміж Аўдзееўкай і Аўдзееўскім коксахімічным заводам, і рушылі туды, пашырыўшы сваю зону кантролю да чыгункі і за яе межы.

Аўдзееўка. Фота: Kostiantyn Liberov / Libkos / Getty Images

Пашырылася зона паражэння кіраванымі авіябомбамі (КАБ). Расійскія авіябомбы не абмяжоўваліся Аўдзееўкай, яны білі і па бліжэйшых вёсках у тылавых раёнах.

Намеснік камандзіра 3-й штурмавой брыгады і ваенны карэспандэнт (больш за 94 тысячы падпісчыкаў у тэлеграм) маёр Максім Жорын у інтэрв'ю выданню NV.UA гаворыць пра 60-80 КАБаў у сярэднім за суткі. Яны недакладныя, але разбуральныя. Расійскі бок браў колькасцю. Паводле слоў Жорына, калі б не было КАБаў, трымацца ўкраінскім падраздзяленням было б нашмат лягчэй.

Расійскі бок пастаянна папаўняў людскія рэсурсы. З аповядаў узятых у палон пад Аўдзееўкай расійскіх вайскоўцаў, стала вядома, што шмат каго з іх мабілізавалі ў снежні і нават у сярэдзіне студзеня. Людзей адразу ж адпраўлялі ў мясарубку. Хоць гэтым салдатам можа не хапала вопыту, прыток навабранцаў забяспечваў пастаянны ціск на знясіленыя ўкраінскія падраздзяленні, вычэрпваючы іх рэсурсы і змушаючы адыходзіць.

Як пішуць аналітыкі, Расія была блізкая да стварэння некалькіх «кішэняў» у горадзе. У УСУ было два варыянты: альбо адыход, альбо контратакі, каб разбіць «кішэні». Але арганізаваныя контратакі вельмі складаныя ў тых умовах. Украінцам прыйшлося б альбо ісці ў франтальныя атакі па вузкім перашыйку, альбо біць у фланг, але без перавагі ў артылерыі і падтрымкі з паветра.

Сітуацыя заставалася крытычнай, асобныя падраздзяленні апынуліся пад пагрозай акружэння або адрэзкі ад шляхоў забеспячэння. У выніку ў ноч на 17 лютага ўкраінскае камандаванне прыняло рашэнне аб вывадзе войск з горада. 

Вынікі

Падводзячы вынікі баёў, аналітыкі сцвярджаюць, што раннія месяцы абароны дазвалялі наносіць салідныя страты Узброеным сілам Расіі, пры гэтым УСУ прадухілілі хуткі прарыў і акружэнне Аўдзееўкі.

Google.maps

Паводле інфармацыі УСУ, усяго асабовага складу расійскіх войскаў было знішчана больш за 47 тысяч. Узброеныя сілы Расіі ў горадзе і наваколлях страцілі 364 танкі, 748 баявых браніраваных машын, 248 артсістэм, пяць самалётаў.

Выйграны час дазволіў Украіне ўмацаваць пазіцыі за Аўдзееўкай, хоць абарончыя збудаванні ўсё яшчэ гатовыя не цалкам.

Са стратай Аўдзееўкі Украіна пазбавілася апошняга плацдарму для патэнцыйнага наступу на Данецк. Але ён і так быў чыста тэарэтычным. У той жа час, паводле слоў Максіма Жорына, на дадзены момант у расійскага боку ёсць яшчэ дастаткова сіл для таго, каб спрабаваць рухацца далей. На колькі іх хопіць, гэта пытанне іншае.

Чытайце яшчэ:

«16 тысяч беззваротных страт». Аўдзееўка вачыма расійскіх ваенкараў

Украінскія войскі пакінулі Аўдзееўку. Якое гэта мае значэнне?

«Нашы вайскоўцы — гэта самае галоўнае, што ў нас ёсць» — Зяленскі пракаментаваў сітуацыю ў Аўдзееўцы

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
10
Панылы сорам
2
Ха-ха
7
Ого
6
Сумна
47
Абуральна
22
0
Рупрехт/адказаць/
19.02.2024
В общем, россияне под видом фекалий проплыли по канализации в тыл ВСУ.
Неудивительно, что их не обнаружили.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930